

Пад апекай Трох сьвяцiцеляў
30 студзеня Ўсходняя Царква ўшаноўвае памяць Трох сьвяцiцеляў, трох выдатных сьветачаў старажытнага хрысьцiянства: Васiля Вялiкага, Рыгора Багаслова i Яна Залатавуснага. У Беларускай Грэка-Каталiцкай Царкве дзень iхняга лiтургiчнага ўспамiну яшчэ й сьвята апекуноў парафii ў Гомелi.
Гэтая парафiя доўгi час пазбаўлена сталага душпастыра, але, не зважаючы на цяжкiя акалiчнасьцi, кожны год адзначае сваё парафiяльнае сьвята.
Сёлета парафiяльная ўрачыстасьць адбылася ў суботу, 27 студзеня. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е i складаныя дарожныя ўмовы, дзякуючы апецы Бога i Трох сьвятых сьвяцiцеляў, сьвятары змаглi пасьпяхова дабрацца ў Гомель i сьвята парафii адбылося. На ўрачыстасьць прыехалi госьцi з усяго Ўсходняга дэканату БГКЦ iмя сьв. Язафата, а таксама з Менску.
Сьвяточную Боскую Лiтургiю ўзначалiў дэкан Усходняга дэканату протапрасьвiтар а. Лявонцi Тумоўскi з Полацку. Разам з iм саслужылi а. Пётр Мартэн, душпастыр гомельскай парафii, якi даязджае ў гэтую парафiю з Магiлёва, а. Зьмiцер Грышан, парах вiцебскай парафii, а таксама нова-прасьвiтары БГКЦ а. Аляксандр Шаўцоў i а. Андрэй Буйнiч. Выдатнае казаньне сказаў а. Пётр. У iм ён згадаў духоўны досьвед Трох сьвяцiцеляў. Урачыстасьць у Гомелi ўпрыгожыў выдатным сьпевам парафiяльны хор з Вiцебску.
Пасьля лiтургiчнай часткi гаспадары – гомельскiя парафiяне – запрасiлi ўсiх гасьцей на братэрскую агапу.