Галоўная
Сьвятло Ўсходу
«Як пілігрым на Кіпры, пярліне гісторыі і веры, прашу Бога аб пакоры і адвазе, каб разам ісьці да поўнай еднасьці і дарыць сьвету, па прыкладзе апосталаў, братэрскае пасланьне суцяшэньня і жывое сьведчаньне надзеі», — напісаў Рымскі Архірэй.
Гл. таксама:
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Папа даслаў каляднае вітаньне католікам Блізкага Ўсходу
Сьвята парафіі ў гонар апостала Андрэя ў берасьцейскіх грэка-католікаў
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію

04.12.2021
Францішак сустрэўся з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы
Другі дзень пілігрымкі на Кіпр, 3 сьнежня 2021 году, Папа Рымскі Францішак распачаў з візіту ветлівасьці да Архібіскупа Кіпрскага Хрызастома ІІ і сустрэчы з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы — паведамляе Vatican News.
Размова Біскупа Рыму са зьверхнікам Праваслаўнай Царквы на Кіпры праходзіла за закрытымі дзьвярыма ў рэзідэнцыі першаярарха ў Нікасіі. На яе заканчэньне Францішак пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасьцей архібіскупскага палацу.

Затым Сьвяты Айцец накіраваўся ў сталічную праваслаўную катэдру, дзе сустрэўся з членамі Сіноду. Ён нагадаў, што хрысьціянскія супольнасьці Кіпра і Рыму маюць «агульнае апостальскае паходжаньне», зьвязанае з місіянерскай дзейнасьцю апостала Паўла, і злучаны «шляхам Евангельля».
Сьвяты Айцец Францішак адзначыў неабходнасьць абвяшчэньня Евангельля з усьведамленьнем таго, што прапаведаваньне «ня можа грунтавацца выключна на агульных закліках, на паўтарэньні прадпісаньняў і на нормах, якіх трэба прытрымлівацца, як часта рабілася»: яно павінна «адбывацца шляхам асабістай сустрэчы, увагі да пытаньняў людзей, да іх фундаментальных патрэбаў».
На думку Францішка, каб стаць «сынамі суцяшэньня», па прыкладзе апостала Барнабы, апекуна Кіпра, перш чым казаць нешта, трэба слухаць, пазнаваць іншых, дзяліцца і ўмацоўваць сулучнасьць. Менавіта гэтай мэце служыць сінадальны працэс у Каталіцкай Царкве, у якім досьвед праваслаўных можа быць вельмі карысны, — лічыць Папа Рымскі.
Францішак пажадаў, каб магчымасьці для сустрэчы паміж католікамі і праваслаўнымі для лепшага ўзаемнага знаёмства, для пераадоленьня шматлікіх забабонаў і для паслухмянага слуханьня адпаведных досьведаў веры станавіліся больш частымі, што прынясе для абодвух бакоў «духоўны плён суцяшэньня».
Сьвяты Айцец нагадаў, што Барнаба, будучы «левітам, родам з Кіпра, прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў». «Гэты велічны жэст падказвае, што для таго, каб ажывіць сулучнасьць і місію, таксама і ад нас патрабуецца адвага адмаўленьня ад таго, што хоць і каштоўнае, але зьяўляецца зямным, каб спрыяць паўнаце еднасьці. Вядома, я ня маю на ўвазе тое, што сьвятое, і што дапамагае сустрэць Госпада, але рызыку абсалютызаваць пэўныя традыцыі і звычаі, ня сутнасна важныя для жыцьця верай», — сказаў Папа.
«Не дазволім, каб страх перад адкрытасьцю і чыненьнем адважных жэстаў паралізаваў нас, ня будзем носьбітамі той “непрымірымасьці рознагалосьсяў”, якой няма ў Евангельлі. Не дазволім, каб традыцыі, у множным ліку і з малой літары “т”, пераважалі над Традыцыяй, у адзіночным ліку і з вялікай літары “Т”. Яна заклікае нас насьледаваць Барнабу, пакідаючы тое, што нават будучы добрым, можа перашкаджаць паўнаце сулучнасьці, першынству любові і патрэбе еднасьці», — дадаў ён.
«Барнаба, пакладаючы ўсё, што меў, да ног апосталаў, увайшоў у іх сэрца. Таксама і мы былі пакліканы Госпадам убачыць, што зьяўляемся часткай аднаго Цела, схіліцца да ног братоў», — сказаў Папа, заклікаючы не зьнеахвочвацца падзеламі мінулага, а разам працаваць на жніве Божага Валадарства з цярплівасьцю, руплівасьцю і канкрэтнасьцю.
«Бо, калі мы адставім у бок абстрактныя тэорыі і будзем працаваць плячо да пляча, напрыклад у сферы дабрачыннасьці, адукацыі, прасоўваньня чалавечай годнасьці, тады ўбачым, што зьяўляемся братамі, і еднасьць будзе сталець сама па сабе, на хвалу Бога. Кожны захавае свой лад і свой стыль, але з часам сумесная праца перарасьце ў згоду і прынясе плён. Як гэтыя міжземнаморскія землі былі расквітнелі, дзякуючы паважлівай і цярплівай працы чалавека, так, з Божай дапамогай і пакорнай настойлівасьцю, мы будзем узрошчваць нашу апостальскую еднасьць!», — перакананы Сьвяты Айцец, які падкрэсьліў пры гэтым, што місіянерская дзейнасьць і еднасьць заўсёды праходзяць праз ахвяры і выпрабаваньні.
«Стагоддзі падзелаў і адлегласьці прымусілі нас набыць, нават міжволі, нямала варожых забабонаў у адносінах да іншых, прадузятнасьцяў, часта заснаваных на скупой і скажонай інфармацыі, папулярызаванай агрэсіўнай і палемічнай літаратурай. Але ўсё гэта скрыўляе Божы шлях, што вядзе да згоды і еднасьці. Дарагія браты, сьвятасьць Барнабы красамоўная таксама для нас!
Як часта на працягу гісторыі хрысьціянаў мы клапаціліся пра тое, каб супрацьстаяць адно аднаму, замест таго, каб паслухмяна прыняць шлях Бога, Які жадае злучыць у любові тое, што падзелена! Як часта мы павялічвалі і распаўсюджвалі прадузятасьць да іншых, замест таго, каб выканаць настаўленьне, якое Госпад паўтарыў асаблівым чынам у Евангельлі, напісаным Маркам, які разам з Барнабам знаходзіўся на гэтым востраве: стаць малымі, служыць адно аднаму», — сказаў Рымскі Архірэй.
«Папросім у Госпада мудрасьці і адвагі, каб ісьці Яго шляхамі, ня нашымі», — заклікаў Францішак, нагадваючы пра вялікае мноства сьвятых, зьвязаных з гісторыяй Кіпра, якія ўжо сёньня зьяўляюцца мостам паміж Усходам і Захадам.
Фота: Vatican News.
Фота: Vatican News.
Гл. таксама:
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Папа даслаў каляднае вітаньне католікам Блізкага Ўсходу
Сьвята парафіі ў гонар апостала Андрэя ў берасьцейскіх грэка-католікаў
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію
Гэты артыкул чыталі 42 разоў (-ы)