05.01.2011
Сваякі арыштаваных беларускіх палітыкаў просяць Папу аб дапамозе
Сваякі арыштаваных пасьля трагічных падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску кандыдатаў у прэзідэнты і грамадзкіх актывістаў напісалі на імя Папы Бенядыкта XVI ліст з просьбай падтрымаць малітвай і дапамагчы вызваліць з турмаў невінаватых.
Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Вызваленьне”, якая аб’ядноўвае сваякоў зьняволеных кандыдатаў у прэзідэнты, грамадзкіх актывістаў і журналістаў, арыштаваных пасьля трагічных падзеяў у беларускай сталіцы 19 сьнежня, напісалі зварот да Папы Рымскага, у якім просяць яго выкарыстаць увесь свой аўтарытэт для вызваленьня невінаватых, якія сёньня ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ. Тым больш, што стан здароўя некаторых затрыманых выклікае вялікую трывогу ня толькі ў блізкіх, але і ў шырокіх колах беларускай грамадзкасьці. Так, 29 сьнежня былы кандыдат у прэзідэнты паэт Уладзімір Някляеў перанёс гіпертанічны крыз. Без апекі бацькоў застаўся малалетні сын кандыдата ў прэзідэнты Алега Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп.
У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН Вольга Бандарэнка — жонка даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава Дзьмітрыя Бандарэнкі — паведаміла, што днямі была зроблена беспасьпяховая спроба сустрэцца з Апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Марцінам Відавічам, каб перадаць гэты зварот сваякоў зьняволеных Папе Бенядыкту XVI.
Як паведамляе БелаПАН, першы сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі Крысьпін Вітольд Дубель патлумачыў, што для сустрэчы з архібіскупамам неабходна зьявіцца ў нунцыятуру і напісаць заяву з просьбай аб прыёме.
Сваякі зьняволеных маюць намер зноў паспрабаваць перадаць гэты ліст у Нунцыятуру.
З тэкстам гэтага ліста Сьвятому Айцу Бенядыкту XVI можна пазнаёміцца тут.