Галоўная
Навіны за 2020 год
Гл. таксама:
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
«Веру ў Адзіную Царкву»
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
Архімандрыт Сяргей (Гаек): Апосталы славянаў Кірыла і Мятод натхняюць нас на шляху экуменічнай дзейнасьці
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы

23.01.2020
Успамін уніяцкіх мучанікаў з Пратуліна
23 студзеня Грэка-Каталіцкая Царква мае літургічны ўспамін Пратулінскіх мучанікаў. Падзеі ў Пратуліне сталі сымбалем цярпеньняў і перасьледу за веру ўсіх уніятаў на Падляшшы і ва ўсёй Холмскай уніяцкай япархіі на тэрыторыі Царства Польскага (куды тады ўваходзілі таксама мясьціны на поўнач ад Горадні ў раёне Сапоцкіна), дзе Унія была гвалтоўна ліквідаваная расейскімі царскімі ўладамі ў 1874-75 гг.
У прыбужскім мястэчку Пратуліне, што за 25 км на паўночны захад ад Берасьця, пры абароне сваёй ўніяцкай сьвятыні 26 студзеня 1874 году былі забітыя 9 вернікаў, 4 памерлі пазьней ад атрыманых цяжкіх ранаў, яшчэ 184 вернікі былі параненыя. Усяго ў выніку тых трагічных падзеяў 1874-75 гг. на Падляшшы загінулі 108 уніятаў, больш за тысячу ўпартых уніятаў былі арыштаваныя і высланыя на поўнач і ўглыб Расеі.
Мучанікі з Пратуліна былі пахаваныя расейскімі жаўнерамі без павагі і без удзелу нават самых блізкіх сваякоў, а іх магіла была зраўнаная з зямлёй, каб пра гэтае месца забылі. Аднак пратулінскія парафіяне захавалі памяць пра магілу сваіх мучанікаў, і пасьля таго, як Польшча ў 1918 годзе атрымала незалежнасьць, яна была належным чынам адзначана. 18 траўня 1990 году парэшткі мучанікаў былі ўрачыста перанесеныя з магілы ў парафіяльны рыма-каталіцкі храм у Пратуліне.
Парах Пратулінскай уніяцкай парафіі Сьвятой Тройцы а. Ёсіф Курмановіч, які не прызнаваў незаконна прызначанага расейскім ўрадам бяз згоды Рымскага Архірэя адміністартара Холмскай япархіі і не жадаў разам з сваімі парафіянамі пераходзіць ў расейскае праваслаўе, у студзені 1874 году, напярэдадні трагічных падзеяў у Пратуліне, быў зьмешчаны з пасады за адмову служыць у сінадальным абрадзе паводле маскоўскага службоўніка і ўвязьнены ў турме. Больш за паўгады гэты мужны і адданы Каталіцкай Царкве ўніяцкі сьвятар, які меў на той час сем дзяцей, прасядзеў у вязьніцы ў Берасьці. Жонка сьвятара разам з дзецьмі выехала тады на Галічыну, туды ж пазьней змог выехаць і сам сьвятар.
Прызначанага замест а. Ёсіфа Курамановіча праўладнага сьвятара-масквафіла, якога парафіяне не пусьцілі ў храм, за што так пацярпелі, нават і пасьля скасаваньня Уніі не прызналі. Уніяты катэгарычна адмовіліся хадзіць у царкву, дзе адбыўся расстрэл і пралілася кроў іх братоў. А ў 1886 годзе праваслаўныя ўлады вырашылі зусім разабраць драўляную царкву Сьвятой Тройцы ў Пратуліне. Каб уніяты не хадзілі ў касьцёл да рыма-католікаў, расейскія ўлады выдалілі з Пратуліна таксама і мясцовага пробашча, сам касьцёл зачынілі, а пазьней зрабілі з яго праваслаўную царкву.
Праз тры дзесяцігоддзі, адразу пасьля выхаду ў 1905 годзе царскага ўказу пра верацярпімасьць, большасьць загнаных у праваслаўе, але застаўшыхся вернымі Каталіцкай Царкве ўніятаў і іх нашчадкі, за немагчымасьцю вярнуцца ў грэка-каталіцтва, масава запісаліся рыма-каталікамі.
Справай мэтанакіраванага збору падрабязнай інфармацыі і апытаньнем сьведкаў пра перасьлед уніятаў на Падляшшы заняўся ардынарый новаўтворанай увосень 1918 году Седлецкай рыма-каталіцкай дыяцэзіі Генрык Пшазьдзецкі. Гэтым пачалі займацца польскія рыма-католікі, паколькі з палітычных прычынаў гэтага не маглі зрабіць тады грэка-каталіцкія біскупы.
Вайна і наступныя палітычныя падзеі ў ва Ўсходняй Еўропе, зьвязаныя з прыходам да ўлады камуністычных рэжымаў і забаронай Грэка-Каталіцкай Царквы, на дзесяцігоддзі прыпынілі працэс беатыфікацыі ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна, якія загінулі ад куляў расейскіх царскіх жаўнераў пры абароне сваёй сьвятыні. Справа беатыфікацыі ўніяцкіх мучанікаў з Падляшша была завершана ў юбілей 400-годдзя Берасьцейскай Уніі. Пра гэта сьпецыяльна прасілі Папу Яна Паўла II польскія рыма-каталіцкія біскупы і грэка-каталіцкі архібіскуп Перамышальскі Ян Мартыняк, а таксама Першаярарх УГКЦ Мірслаў Любачыўскі. Урачыстая беатыфікацыя Пратулінскіх мучанікаў адбылася ў катэдры сьв. Пятра 6 кастрычніка 1996 году. Тады ж Папа вызначыў дату літургічнага ўспаміну новых блаславёных мучанікаў Каталіцкай Царквы — 23 студзеня.
Чытаючы пра трагічныя падзеі ў Пратуліне, можна заўважыць, што існуе пэўная розьніца, якая датычыць даты гэтых трагічных падзеяў і літургічнага ўспаміну ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна. Паводле зьвестак, якія некалі падаў кс. Юзаф Прушкоўскі ў «Martyrologium czyli Męczeństwo Unii Ś-tej na Podlasiu» (1905), паўсюль пачалі лічыць 24 студзеня 1874 г. як дату сьмерці ўніятаў у Пратуліне і трагічных падзеяў, якія там адбываліся.
Аднак, як высьвятліла польская дасьледчыца праф. Ганна Дылянгова, якая рыхтавала гістарычную даведку для беатыфікацыйнага працэсу 13 мучанікаў з Пратуліна, у пасьведчаньнях аб сьмерці ўсіх 13 уніяцкіх вернікаў з гэтай парафіі адназначна прысутнічае дата 14 студзеня старога стылю, запісаная словамі, што робіць немагчымым памылку. Розьніца паміж юльянскім і грыгарыянскім календарамі тады складала 12 дзён, таму паводле новага стылю гэтыя трагічныя падзеі мелі месца 26 студзеня, а не 24 студзеня.

У сувязі з шматгадовай традыцыяй шанаваньня ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна ў Седлецкай рымска-каталіцкай дыяцэзіі 24 студзеня, ардынарый гэтай дыяцэзіі біскуп Ян Мазур прыняў рашэньне і надалей пакінуць гэтую дату днём іх літургічнага ўспаміну.
Сінод біскупаў УГКЦ пастанавіў дапоўніць літургічны каляндар Царквы сьвятам ў памяць хрысьціянскага подзьвігу Пратулінскіх мучанікаў, якія загінулі за еднасьць Царквы. Грэка-Каталіцкая Царква ва Ўкраіне, Польшчы, Беларусі і ў сьвеце ўспамінае іх 23 студзеня (10 студзеня паводле юльянскага календара).
Санктуарыюм у гонар Падляшскіх мучанікаў, дзе захоўваюцца значная частка іх сьвятых рэліквіяў, быў створаны ў 1998 годзе ва ўніяцкай парафіі сьв. Мікіты ў Кастамлотах (Польшча), што на рацэ Буг за 15 км на поўдзень ад Берасьця.
У парафіяльным рыма-каталіцкім касьцёле сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў Пратуліне ў капліцы знаходзяцца сьв. рэліквіі Падляшскіх мучанікаў, а таксама крыж з пратулінскай уніяцкай царквы і абраз XVIII ст. Маці Божай Пратулінскай «Надзеі Еднасьці» — Апякункі ўніятаў, які ацалеў са зьнішчанай ўніяцкай сьвятыні ў Пратуліне.
У Пратуліне, на месцы, дзе некалі стаяла ўніяцкая царква Сьвятой Тройцы, дзе пралілі сваю кроў за еднасьць Царквы блаславёныя мучанікі Вінцэнт Леванюк і 12 яго паплечнікаў — на Пляцы Мучаніцтва ўніятаў у 1874 годзе, у 2009—2012 гг. быў устаноўлены драўляны храм XVIII ст., які перавезьлі з в. Станін. У ім былі адмыслова захаваныя падмуркі старой уніяцкай царквы. Гэты храм выконвае сёньня функцыю цэнтра дакументацыі і музею Падляшскіх мучанікаў. Недалёка ад сьвятыні, вакол ставу пракладзеныя Пратулінскія Сьцежкі, на якіх стаіць 13 каплічак з драўлянымі фігуркамі ўніяцкіх мучанікаў.
Вакол храму, на маляўнічым прыбужскім краявідзе, створана Крыжовая дарога даўжынёй каля 1100 метраў, якая злучае Пляц Мучаніцтва з ўніяцкімі могілкамі, дзе знаходзіцца памятны крыж на месцы пахаваньня пратулінскіх мучанікаў у 1874 годзе. 23 студзеня 2019 году там быў асьвячаны таксама дыяцэзіяльны Дом пілігрыма пры Санктуарыюме блаславёных мучанікаў Падляшскіх.
Фота: sanktuariumpratulin.pl, dompratulin.pl.
Фота: sanktuariumpratulin.pl, dompratulin.pl.
Ігар Бараноўскі
Гл. таксама:
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
«Веру ў Адзіную Царкву»
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
Архімандрыт Сяргей (Гаек): Апосталы славянаў Кірыла і Мятод натхняюць нас на шляху экуменічнай дзейнасьці
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы
Гэты артыкул чыталі 37 разоў (-ы)