Сымбалічныя падарункі новаму сьвятару БГКЦ На прыміцыйных урачыстасьцях у Берасьці новаму беларускаму грэка-каталіцкаму сьвятару Віталю Быстрову падаравалі літургічныя шаты ў нацыянальным стылі, старажытную чашу і крыж.
19.08.2016
У Менску асьвяцілі новыя абразы для грэка-каталіцкай капліцы 14 жніўня 2016 году ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску адбылося асьвячэньне іконаў Ісуса Хрыста і Багародзіцы. Абрад асьвячэньня новых іконаў зьдзейсьніў Апостальскі Візітатаар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек).
12.08.2016
На 90-ыя ўгодкі айца Надсана ў Менску прэзентавалі яго беларускі Псалтыр 8 жніўня 2016 году, у дзень народзінаў а. Аляксандра Надсана, у грэка-каталіцкім Душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Менску адбылася прэзентацыя кнігі Псалтыр, якую ён пераклаў з старажытнагрэцкай на беларускую мову.
08.08.2016
У горадзе Скарыны прэзентавалі Псалтыр у перакладзе айца Аляксандра Надсана 6 жніўня 2016 году, на сьвята Перамяненьня Гасподнага, у родным горадзе Францішка Скарыны — Полацку, у грэка-каталіцкай царкве сьвятой Параскевы Полацкай адбылася прэзентацыя богаслужбовага выданьня Псалтыра ў перакладзе а. Аляксандра Надсана.
09.07.2016
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку З 12 па 16 ліпеня 2016 году адбудзецца XXII грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск — Полацак у памяць Полацкіх мучанікаў-базыльянаў. Сёлета пілігрымы на сваім шляху будуць маліцца і разважаць пра Еднасьць Царквы.
06.07.2016
У Будславе папскі пасланьнік перадаў грэка-католікам Беларусі рэліквію сьв. Язафата Падчас урачыстай сьв. Імшы ў Будславе, у ноч з 1 на 2 ліпеня 2016 году, кардынал Крыстаф Шэнбарн, Архібіскуп Венскі і Ардынарый для католікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі, у прысутнасьці 30 тысячаў пілігрымаў з усёй Беларусі ўрачыста перадаў беларускім грэка-католікам біскупскі набедранік сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча.
04.07.2016
Сьвята Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску Сваё храмавае сьвята адзначыла 26 чэрвеня 2016 году грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску, паведамляе сайт Рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду ў Беларусі. Напярэдадні яго ўвечары была адслужаная Вялікая Вячэрня з Ліцьцёй.
На 90-ыя ўгодкі айца Надсана ў Менску прэзентавалі яго беларускі Псалтыр
8 жніўня 2016 году, у дзень народзінаў а. Аляксандра Надсана, у грэка-каталіцкім Душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Менску адбылася прэзентацыя кнігі Псалтыр, якую ён пераклаў з старажытнагрэцкай на беларускую мову.
Кніга пабачыла сьвет дзякуючы выдавецтву «Сафія» пры полацкай грэка-каталіцкай грамадзе. Сымбалічна, што Надсанаў Псалтыр быў надрукаваны напярэдадні 500-гадовага юбілею першай беларускай друкаванай кнігі, а яго першая прэзентацыя для грамадзкасьці адбылася ў Полацку, у той самы дзень, калі наш першадрукар Францішак Скарына выдаў кнігу Псалтыр — 6 жніўня, на сьвята Перамяненьня.
Айцец Аляксандар Надсан. (Фота Мікалая Пачкаева). Гэтае выданьне Псалтыра, над якім айцец Аляксандар Надсан доўга працаваў, з якім шмат маліўся ды ня раз па-новаму яго рэдагаваў, мае богаслужбовы характар: псалмы падзеленыя на катызмы і суправаджаюцца адпаведнымі, прынятымі ва Ўсходняй Царкве, малітвамі.
Мінуў год, як айцец Аляксандар Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў абодвух абрадаў у замежжы, выдатны беларускі сьвятар, дасьледчык царкоўнай гісторыі і дзяяч беларускай культуры на Захадзе, адышоў да Бога, у вечнасьць. Памёр ён 15 красавіка 2015 году ў Лондане. Сёлета яму было б 90 гадоў.
Тыя, хто прыйшоў у Менску на прэзентацыю Псалтыра — гэтай вельмі важнай і апошняй працы а. Аляксандра Надсана, найперш памаліліся падчас Боскай Літургіі і Паніхіды за айца Аляксандра і падзякавалі за яго таленавітую ды ахвярную працу па перакладзе на беларускую мову шматлікіх богаслужбовых тэкстаў для Царквы візантыйскага абраду, за яго ўклад у дасьледаваньне і прапаганду беларускай гісторыі і культуры на Захадзе.
Вечарыну памяці а. Аляксандра Надсана адкрыў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек, які прадставіў прысутным Псалтыр у перакладзе айца А. Надсана. У імпрэзе прынялі ўдзел менскія грэка-каталіцкія сьвятары і вернікі, беларускія навукоўцы і дзеячы культуры, сярод іх беларускі літаратуразнаўца Адам Мальдзіс і бібліст-тэолаг Ірына Дубянецкая (яны вялі сустрэчу), Праект помніка а. Аляксандру Надсану.скульптар Генік Лойка.
Падачс прэзентацыі гучалі беларускія рэлігійныя і сьвецкія сьпевы ў выкананьні барда Арцёма Сітнікава і музыкі з «Балцкага Субстрату» Максіма Іўкіна, якія былі прысьвечаны памяці выдатнага беларускага сьвятара.
Варта адзначыць таксама, што на гэтай вечарыне менскі скульптар Генік Лойка прадставіў прысутным праект помніка айцу Аляксандру Надсану.
У апошнія гады свайго жыцьця а. Аляксандар, паводле сьведчаньняў яго блізкіх супрацоўнікаў, аддаваў перавагу працы менавіта над перакладам на беларускую мову Псалтыра. Ён адчуваў, што наўрадці ў бліжэйшы час нехта зможа зрабіць гэта лепш за яго. І таму айцец Аляксандар быў вельмі ўсьцешаны з таго, што меў сілы завершыць гэтую працу. Апошняе з свайго творчага здабытку а. Надсан перадаў у Менск доктару тэалогіі Ірыне Дубянецкай і а. Сяргею Стасевічу, каб яго працай змаглі потым карыстацца ўсе вернікі ў Беларусі.
Пра тое, як а. Аляксандар працаваў над сваім Псалтыром, адразу пасьля сьмерці сьвятара ўзгадвала Ірына Дубянецкая: «Працай, якая яго трымала, быў пераклад Кнігі Псалмаў з Септуагінты на беларускую мову. Ён пачаў яе ў 2012-м і ўвесь 2013-ы рэгулярна дасылаў новыя версіі, ніяк ня мог спыніцца, і сам з сябе сьмяяўся, маўляў, «optimum inimicum boni» («дасканалае — вораг добрага»). Ён увесь час іх правіў, паляпшаў, зьмяняў, пасьля шкадаваў, што зьмяніў, адмяняў тыя зьмены. Перастаў працаваць толькі ў 2014-м — калі ўжо ня мог сядець за кампутарам».
З нагоды выхаду ў сьвет Надсанавага Псалтыра выхаванка а. Аляксандра, тэолаг Караліна Мацкевіч, якая жыве ў Вялікай Брытаніі і якая таксама прысутнічала на прэзентацыі ў Менску, напісала ў Фэйсбуку: «Усе, хто сустракаўся з айцом Аляксандрам у апошнія гады, будуць памятаць, як захоплена ён распавядаў пра гэтую сваю працу. Дзяліўся сваімі перакладчыцкімі знаходкамі і тут жа, як сапраўдны дасьледчык, іх абгрунтоўваў: выцягваў з гары біблійных перакладаў, што пакрывалі ягоны стол, патрэбнае выданьне, знаходзіў патрэбную бачынку і пераможна падсумоўваў: “Ну вось, бачыш!” Гэта была, як кажуць ангельцы, labour of love, “праца любові”. Вялікі дзякуй айцам Сяргею Стасевічу і Сяргею Сурыновічу за тое, што плён гэтай працы цяпер даступны беларусам. Вечная памяць!»