31.05.2016
Кардынал Зянон Грахалеўскі пра магчымасьць прыезду ў Беларусь Папы Рымскага
Падчас Нацыянальнага еўхарыстычнага кангрэсу, які 24-26 мая праходзіў у Горадні, у якім бралі ўдзел і прадстаўнікі БГКЦ, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі адказаў на пытаньне, што трэба зрабіць, каб Рымскі Архірэй наведаў Беларусь.

Каталіцкі партал
Catholic.by цытуе наступныя словы кардынала Грахалеўскага: «Каб гэтая сустрэча стала плённай, фундаментальнай рэччу павінна стаць інфармаваньне Сьвятога Пасаду пра ўсе праблемы, з якімі сутыкаецца Царква ў Беларусі. Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, здараюцца часам цяжкасьці. Але іх ня трэба замоўчваць, але гаварыць, як ёсьць — праўду. Разам з тым я цешуся, што Царква ў вас расьце і вы ў сваю чаргу цешыцеся вашай верай. Гэта вельмі важна».
Ватыканскі ярарх прыгадаў часы, калі быў прэфектам Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі і, як юрыст паводле адукацыі, прымаў удзел у пасяджэньнях Кангрэгацыі навукі веры.
«Калі ад цябе залежыць нейкае рашэньне, ты павінен, нягледзячы на аўтарытэт кагосьці, гаварыць толькі праўду. Кодэкс кананічнага права Каталіцкай Царквы я прачытаў ужо некалькі разоў, але кожны раз, калі мне трэба было ставіць свой подпіс, я ізноў перачытваў пункты Кодэксу, каб яшчэ раз прыгадаць яго параграфы і выказаць тую думку, якую маю», — сказаў кардынал.
Ярарх прыгадаў, што Рымскія Архірэі, з якімі яму даводзілася працаваць, заўсёды хацелі чуць розныя меркаваньні і думкі.
«Я таксама заўсёды хацеў, каб мае супрацоўнікі гаварылі пра тое, што яны думаюць. Бо адзіны дасканалы — гэта Госпад Бог, а ўсё астатняе можа мець хібы, але іх можна выправіць. Трэба толькі не баяцца пра іх казаць», — заключыў папскі пасланьнік.