Архімандрыт Сяргей Гаек: трэба вучыць вернікаў, што ў Хрысьце мы ўсе сапраўды браты і сёстры «Экуменізм стасуецца да еднасьці хрысьціянаў, а не да еднасьці Царквы. Адзіная, Сьвятая, Саборная і Апостальскай Царква існуе, але, на жаль, хрысьціяне падзеленыя», — адзначыў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у каментары для Catholic.by з нагоды Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які з 18 па 25 студзеня праходзіў ва ўсім сьвеце.
16.01.2016
Міжнародны семінар у Рыме ў памяць пра архімандрыта Фабіяна Абрантовіча 2 студзеня 2016 году мінула 70 гадоў з дня мучаніцкай сьмерці ў Бутырскай турме беларускага каталіцкага сьвятара візантыйскга абраду архімандрыта Фабіяна Абрантовіча. У 2003 годзе распачаўся афіцыйны працэс яго беатыфікацыі.
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў пра сустрэчу Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха
12 лютага 2016 году ўпершыню ў гісторыі адбудзецца сустрэча Зьверхніка Каталіцкай Царквы са Зьверхнікам Расейскай Праваслаўнай Царквы. Мяркуецца, што першаярархі, якія сустрэнуцца на Кубе ў будынку аэрапорту ў Гаване, правядуць двухгадзінную размову і падпішуць сумесную дэкларацыю.
Айцец Гіяцынт Дэстывэль (Hyacinthe Destivelle), ОP, які ў Папскай Радзе па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў узначальвае Аддзел дыялогу з славянскімі праваслаўнымі Цэрквамі, у інтэрв’ю для Радыё Ватыкану прыадкрыў заслону адносна тэмы сустрэчы і гэтага дакументу, які мяркуецца падпісаць падчас сустрэчы.
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў а. Гіяцынт Дэстывэль.«Гаворка ідзе пра сумесную дэкларацыю, якая, верагодна, засяродзіцца на тэмах, асабліва важных для каталіцка-праваслаўнага дыялогу ў цэлым, — адзначыў сьвятар-дамініканін. — Гэта ня ёсьць дэкларацыя, якая засяродзіцца на нейкім асобным багаслоўскім пытаньні, гэта ня будзе дэкларацыя, якая адкрые нейкія асаблівыя багаслоўскія персьпектывы, таму што багаслоўскі дыялог адбываецца ў рамках Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнымі Цэрквамі».
Паводле словаў прадстаўніка Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, у дэкларацыі гаворка будзе пра «сферы супрацоўніцтва і дыялогу, якія ня маюць багаслоўскага характару, але якія, аднак, вельмі важныя для зьбліжэньня паміж Цэрквамі: перасьлед хрысьціянаў на Блізкім Усходзе, пытаньні сям’і, секулярызацыі, роля хрысьціянаў у секулярызаваным грамадзтве, пытаньні моладзі і жыцьця ў цэлым... Усе гэтыя асьпекты зьяўляюцца асабліва важнымі, у прыватнасьці, у дыялогу з Расейскай Праваслаўнай Царквой», — адзначыў ён.
Адказваючы на заўвагу журналіста, што сучаснасьць патрабуе ад хрысьціянаў прамаўляць адным голасам, а. Дэстывэль адзначыў: «Сапраўды, галоўная задача гэтай сустрэчы і, без сумневу, дэкларацыі — сьцьвердзіць, што мы ня ёсьць “канкурэнтамі”, але “братамі”, асабліва — з праваслаўнымі, з якімі падзяляем тую самую апостальскую пераемнасьць, тую самую канцэпцыю Царквы і Сьвятых Тайнаў: мы вызнаем ўсе сьв. Тайны праваслаўных, а праваслаўныя, у сваю чаргу, вызнаюць каталіцкія Сьвятыя Тайны. Таму мы маем вялікую зацікаўленасьць у тым, каб супрацоўнічаць і сумесна сьведчыць Хрыста. Такою, у рэшце рэшт, ёсьць мэта гэтай сустрэчы паміж Патрыярхам і Папам Францішкам: сумесна сьведчыць хрысьціянства ў сучасным сьвеце».
Распавядаючы пра працяглую падрыхтоўку да гэтай сустрэчы, прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў адзначыў, што дагэтуль перашкодаю на гэтым шляху былі «некаторыя засьцярогі з боку Маскоўскага Патрыярхату»: «Гэта засьцярогі адносна каталіцкага “празелітызму” у Расеі і засьцярогі таго, што яны называюць“метадам уніятызму”, у прыватнасьці ва Ўкраіне», — сказаў а. Гіяцынт Дэстывэль, і дадаў: «Думаю, што гэтыя страхі былі пераадоленыя і расейскія праваслаўныя зразумелі, што Каталіцкая Царква ня мае намеру займацца ў Расеі празелітызмам, ні, тым больш, ня мае ніякага жаданьня вяртацца да “метаду ўніятызму”, які б заключаўся ў падпарадкаваньні асобных частак Праваслаўнай Царквы».
Як падкрэсьліў ватыканскі сьвятар, Каталіцкая Царква сёньня падтрымлівае іншы метад для дасягненьня еднасьці, які заключаецца «ня ў тым, каб прыяднаць частку Праваслаўнай Царквы», але прадугледжвае «шлях, які мы хочам прайсьці разам, шлях братэрства, супрацоўніцтва ў розных сферах, шлях багаслоўскага дыялогу і сьведчаньня міласэрнай любові», канчатковай мэтай якога зьяўляецца жаданьне «здолець аднойчы разам прычасьціцца тых самых Хрыстовага Цела і Хрыстовай Крыві».