Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;
і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.
Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта - уяўная ежа (Кніга Выслоўяў Саламонавых 23:1-3)
Кніга пра ўніяцкіх сьвятароў Беларусі перададзеная Рымскаму Архірэю Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 11 лістапада 2015 году, напярэдадні ўрачыстасьцяў у гонар сьв. Язафата, Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек прэзентаваў Сьвятому Айцу Францішку кнігу намесьніка дырэктара Нацыянальнага архіву Беларусі Дзяніса Лісейчыкава «Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг.».
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане Дэлегацыя сьвятароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкая Царквы 12 лістапада 2015 году прыняла ўдзел у сьвяткаваньні памяці сьвятамучаніка Язафата ў Рыме — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
13.11.2015
Парафіяльнае сьвята ў гонар сьв. Язафата адзначылі ў Полацку Сёлетнія парафіяльныя сьвяткаваньні ў гонар нябеснага апекуна грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку адбыліся ў нядзелю, 8 лістапада 2015 году. Узначальваў іх Апостальскі Візітатар БГКЦ, паведамяле сайт Svjazep.org.
13.11.2015
Біскуп Станеўскі: «Сьвяты Язафат клапаціўся аб еднасьці паміж братамі-славянамі» 12 лістапада 2015 году разам з усёй Каталіцкай Царквой вернікі рыма-каталіцкай парафіі Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса і сьв. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, у Заневічах (Гарадзенская дыяцэзія) дзякавалі Богу за дар сьв. Язафата, які зьяўляецца апекуном гэтай парафіі з часу яе заснаваньня ў 1917 годзе — паведамляе Catholic.by.
12.11.2015
Крыж у Курапатах «Памяці берасьцейцаў» У Курапатах 7 лістапада 2015 году быў устаноўлены і асьвячаны новы крыж — у памяць пра рэпрэсаваных і зьнішчаных у ГУЛАГу жыхароў Берасьцейшчыны.
09.11.2015
Ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў ушанавалі ў Бельчыцах пад Полацкам Ля Бельчыцкага крыжа ў Полацку адбылася жалобная ўрачыстасьць у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Штогод на Дзяды гэтае мерапрыемства праводзяць тут вернікі полацкай грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язафата — адзначае Радыё Рацыя.
Грэка-католік з Менску распачаў навіцыят у рэдэмптарыстаў Яшчэ адзін беларус, Алег Зубарэвіч з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску, распачаў у манастыры ва Ўкраіне духоўную падрыхтоўку для ўступу ў Кангрэгацыю Найсьвяцейшага Адкупіцеля.
16.08.2015
Мастацкі пленэр памяці Яна Хруцкага Полацкая грэка-каталіцкая парафія сьв. Язафата 10-16 жніўня 2015 году зладзіла мастацкі пленэр у памяць вядомага мастака Яна Хруцкага.
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
Дэлегацыя сьвятароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкая Царквы 12 лістапада 2015 году прыняла ўдзел у сьвяткаваньні памяці сьвятамучаніка Язафата ў Рыме — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Узначальваў сьвяткаваньне ў Ватыкане архібіскуп Цырыл Васіль, SJ.Успамін сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, уся Каталіцкая Царква адзначае 12 лістапада — у дзень, калі ён прыняў мучаніцкую сьмерць у 1623 годзе ў Віцебску ад рук разьюшанага натоўпу. Сёлета ў гэты дзень дэлегацыя БГКЦ прыняла ўдзел ва ўрачыстай Боскай Літургіі ў візантыйскім абрадзе, якая правілася ў базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане.
Урачыстасьці ўзначаліў архібіскуп Цырыл Васіль, SJ, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Разам з ім Боскую Літургію пры алтары сьв. Васіля Вялікага, дзе сёньня захоўваюцца мошчы сьвятога Язафата, саслужылі ярархі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы (мітрапаліт Прэшаўскі Ян Бабяк, SJ, біскуп Кошыцкі Мілан Хаўтур, CSsR, і біскуп Браціслаўскі Петэр Руснак), якія прыбылі ў Ватыкан з візітам «Ad limina», біскуп украінскай япархіі ў Лондане Глеб Ланчына, СУ, дапаможны біскуп Тарнопальска-Збораўскай архіяпархіі УГКЦ Теадор Мартынюк, СУ, а таксама прадстаўнікі беларускага грэка-каталіцкага духавенства — Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандыт Сяргей Гаек і ераманах Лявонці Тумоўскі. Грэка-каталіцкія сьвятары, што бралі ўдзел у сьвяткаваньні дня памяці сьв. Язафата ў Ватыкане.Літургію саслужылі таксама сьвятары з Галоўнай Управы Базыльянскага Чыну сьв. Язафата, з рэктарату Ўкраінскай Папскай калегіі сьв. Язафата ў Рыме, усяго — каля паўсотні сьвятароў з Украіны, Славакіі, Беларусі, Расеі, Харватыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Італіі (некаторыя лацінскага абраду).
Казаньне на італійскай мове прамовіў на ўрачыстай багаслужбе ў гонар сьв. Язафата архібіскуп Цырыл Васіль.
«Кожны ўспамін пра мучанікаў зьяўляецца нагодаю, каб прыгадаць сабе пра пэўныя важныя паняцьці нашай веры, сярод якіх і паняцьце мучаніцтва», — цытуе словы з казаньня Ўладыкі Кірылы (Васіля) Украінская служба Радыё Ватыкану. Мучаніцтва зьвязанае з паняцьцем барацьбы, што ўзгадваецца ў кантэксьце духоўнага жыцьця. Хрысьціянін павінен быць гатовым адказаць на Божы покліч, як падданы на заклік свайго ўладара, і быць гатовым разьдзяліць з ім цяжкасьці паходу і радасьць перамогі, падкрэсьліў ватыканскі ярарх.
Юнак Іван Кунцэвіч, паводле словаў прапаведніка, прыняў запрашэньне Нябеснага Ўладара, каб «насьледаваць Хрыста, разьдзяліць усё тое, што Сам Хрыстос перанёс, а Госпад даў яму ласку прайсьці аж да канца той шлях, які прайшоў Хрыстос».
Як бы гэта парадаксальна не гучала, заўважыў Уладыка Кірыла, у духоўнай барацьбе найвышэйшую перамогу атрымліваеш тады, калі ўсё страчваеш. «Мучанікам ёсьць ня той, хто шукае сьмерці. Мучанік ведае свае слабасьці, баіцца сьмерці і пакутаў. Але перад іх абліччам кажа: “Хоць я слабы і адчуваю сябе няздатным, аднак, не магу адступіць”», — сказаў ярарх. Ён таксама дадаў, што барацьба, якую пакліканыя весьці хрысьціяне — гэта, перш за ўсё, барацьба з самім сабою, з недахопамі і дробязнасьцю, у рэшце рэшт, «супраць нябачных ворагаў і супраць страху перад сьмерцю», бо мы верым, што «Хрыстос Сваёй сьмерцю перамог сьмерць». «Мучанікі, — дадаў Уладыка Кірыла, — зьяўляюцца ўзорам гэтай веры і гэтай адвагі».
Падчас малітвы ля мошчаў сьвятамучаніка Язафата Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль адмыслова прывітаў групу грэка-каталіцкіх пілігрымаў з Беларусі. Зьвяртаючыся да іх па-беларуску, ватыканскі ярарах сказаў: «На гэтым месцы, ля мошчаў сьвятамучаніка Язафата — архібіскупа Полацкага, хачу сёньня сардэчна прывітаць вернікаў з Беларусі, якія моляцца разам з намі». Уладыка Кірыла (Васіль) затым нагадаў, што «50 гадоў таму, падчас Другога Ватыканскага Сабору, рашэньнем сьвятога папы Яна ХХІІІ, тут, у базыліцы сьв. Пятра, былі ўскладзеныя мошчы сьв. Язафата, які на Беларускай зямлі, у Віцебску, прыняў вянец мучаніцтва». Ён адзначыў таксама, што ўдзел у той урачыстасьці браў беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, 100-годдзе нараджэньня якога адзначалася ў мінулым годзе. Зьвяртаючыся да Апостальскага Візітатара БГКЦ Архім. Сяргея (Гаека), Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў сказаў:
«Жадаю перадаць дар нашай братэрскай малітвы і словы нашай духоўнай салідарнасьці для ўсіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы. Няхай у Юбілейным Годзе Міласэрнасьці, праз малітвы сьвятамучаніка Язафата, Госпад шчодра адорыць вас усіх шматлікімі ласкамі. Няхай дае вам дар мужна ды плённа абвяшчаць Евангельле радасьці і міласэрнасьці».
Фота Беларускай і Ўкраінскай рэдакцыяў Ватыканскага радыё.
***
Сьвяты Язафат(Іван Кунцэвіч, 1580—12.11.1623), архібіскуп Полацкі, біскуп Віцебскі і Мсьціслаўскі, загінуў мучаніцкай сьмерцю ў Віцебску ў 1623 годзе. Як сьведчаць судовыя дакументы, забойцы двума ўдарамі бердыша расьсеклі Ўладыку Язафату галаву, а потым доўга нявечылі яго і пасьля сьмерці. Цела біскупа скінулі з Прачысьценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы каменьня ў валасяніцу, утапілі ў Дзьвіне. Апроч таго, забойцы разрабавалі біскупскі палац, уніяцкія цэрквы і манастыры ды іншую маёмасьць у горадзе. Пасьля гэтай трагедыі ў Віцебску многія прадстаўнікі шляхты і простыя людзі, раней варожыя да Уніі, зьмянілі да яе сваё стаўленьне. Каралеўскія камісары, што праводзілі расьсьледаваньне забойства Язафата Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказаньні сьведкаў пра тое, што біскуп быў забіты бязьвінна, і што забойцы ня мелі аніякіх падставаў для такога жорсткага злачынства.
Цела архібіскупа Язафата пасьля ўрачыстага адпяваньня пахавалі ў ягонай катэдры сьв. Сафіі ў Полацку, але пазьней яго мошчы неаднаразова даводзілася таемна перавозіць па ўсёй Беларусі і за яе межамі, каб захаваць ад зьнішчэньня расейскімі войскамі. Яго мошчы з 1764 году былі схаваныя ў ва ўладаньнях Радзівілаў у Белай на Падляшшы. У 1916 годзе яны былі адшуканыя там у манастыры базыльянаў і затым перавезеныя ў Вену, а потым – у Ватыкан. У 1964 годзе мошчы сьв. Язафата былі перанесеныя ў базыліку сьв. Пятра, дзе і сёньня захоўваюцца ды ўшаноўваюцца католікамі розных абрадаў з усяго сьвету. Сьвятыя мошчы Язафата ў базыліцы сьв. Пятра.