Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, - дык я нішто (Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:2)
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства Мы ідзем наперад маленькімі крокамі, але зрухі ёсьць. Прагрэс экуменічнага дыялогу часта патрабуе ахвярнасьці і цярпеньня, і нярэдка яго цаною становіцца кроў мучанікаў. Пра гэта казаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў у інтэрв’ю газеце “L’Osservatore Romano”, — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
У Хайфе ўшанавалі памяць блаславёнага Мікалая (Чарнецкага) 29 чэрвеня 2014 году ў галілейскім горадзе Хайфа (Ізраіль), падчас нядзельнай Боскай Літургіі ў грэка-каталіцкім храме “Дом Ласкі”, якую ўзначальваў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек), вернікі ўшанавалі памяць блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага).
04.07.2014
Сьвята грэка-католікаў Берасьця — пад апекай Маці Божай Берасьцейскай Патранальнае сьвята ў гонар сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя — апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу — адзначыла 28 чэрвеня 2014 году грэка-каталіцкая парафія ў Берасьці. Свае сьвяткаваньні грэка-католікі спалучылі з ушанаваньнем цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай і малітвай за мір паміж краінамі-суседзямі Беларусі.
01.07.2014
Знак беларускай прысутнасьці на Сьвятой Зямлі Падчас пілігрымкі вялікай групы беларускіх католікаў у Сьвятую Зямлю 27 чэрвеня 2014 году ў Назарэце адбылося ўрачыстае асьвячэньне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай. Тысячы пілігрымаў з розных куткоў сьвету, якія штодня прыбываюць на Сьвятую Зямлю, цяпер будць атрымліваць інфармацыю і пра беларускае хрысьціянства.
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі У месцы нараджэньня Ісуса Хрыста — Бэтлееме, дзе жыве адна з найстарэйшых хрысьціянскіх супольнасьцяў у сьвеце, у царкве Найсьвяцейшай Багародзіцы, якая належыць мельхіцкім грэка-католікам, 22 чэрвеня 2014 году падчас нядзельнай сьв. Літургіі маліліся за хрысьціянаў Беларусі.
27.06.2014
Папа: быць хрысьціянінам — быць прыналежным да Царквы Пра важнасьць прыналежнасьці да Царквы, народу Божага, і пра тое, што ніхто не становіцца хрысьціянінам сам па сабе гаварыў Папа Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра 25 чэрвеня 2014 году, працягваючы цыкл павучаньняў пра Царкву.
26.06.2014
Зьверхнік УГКЦ праваслаўным расіянам: “Мы ня вашыя ворагі, мы вам браты ў Хрысьце” Зьверхнік УГКЦ Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук заклікаў праваслаўных расіянаў да прымірэньня. Як паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, у інтэрв’ю для інфармацыйнага агенцтва AsiaNews грэка-каталіцкі ярарх таксама адзначыў важнасьць, каб РПЦ МП прызнала годнасьць украінскага народу і стала адкрытай на шчыры і сумленны дыялог, заснаваны на праўдзе.
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства
Мы ідзем наперад маленькімі крокамі, але зрухі ёсьць. Прагрэс экуменічнага дыялогу часта патрабуе ахвярнасьці і цярпеньня, і нярэдка яго цаною становіцца кроў мучанікаў. Пра гэта казаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў у інтэрв’ю газеце “L’Osservatore Romano”, — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Напрыклад, дыялог з праваслаўнымі характарызуецца сваёй “разнастайнасьцю”, сказаў кардынал Курт Кох. Бо праваслаўны сьвет вельмі розны, у ім ёсьць шмат Цэркваў. Ватыканскі ярарх прызнаўся, што сёньня найбольш складаная і напружаная сітуацыя адзначаецца ва Ўкраіне, “паколькі праваслаўны Маскоўскі Патрыярхат крытыкуе Каталіцкую Царкву, не робячы выразнага адрозьненьня паміж верай і палітыкай”. І наадварот, “адносіны з Канстанцінопальскім Патрыярхатам вельмі добрыя”. Яны пазначаны “доўгай гісторыяй сяброўства” і “духоўнай сулучнасьцю”. На жаль, адзначыў ватыканскі ярарх, гэта, па прычыне існуючых кантрастаў, немагчыма ў выпадку іншых Праваслаўных Цэркваў.
Кардынал Курт Кох. Фота: Commons Wikimedia / RPP-Institut.Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў падкрэсьліў значэньне нядаўняй сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Барталамея I у Ерусаліме: гэтая сустрэча “была ня толькі ўспамінам візіту Паўла VI да Патрыярха Атэнагора, але і важным крокам для будучага экуменізму, неабходнага для разьвіцьця сувязяў і еднасьці”. Кардынал Кох з сумам канстатаваў, што “многія сёньня звыкліся казаць пра дзьве Царквы, але ёсьць толькі адна Царква, ёсьць адна і тая ж Царква — на Захадзе і на Ўсходзе. Менавіта таму так важна зноў здабыць еднасьць і поўную еўхарыстычную сулучнасьць. Гэта было гарачым жаданьнем Паўла VI і Патрыярха Атэнагора, але дагэтуль яно ня выканана”.
Кардынал Кох сьцьвярджае, што еднасьць, якой жадаў Павел VI, усё яшчэ не рэалізаваная праз нявырашаныя багаслоўскія пытаньні. Мае быць праведзена яшчэ вялікая праца, асабліва Міжнароднай зьмяшанай камісіяй па багаслоўскім дыялогу. У тэалагічным плане галоўным выклікам для праваслаўных і католікаў сёньня зьяўляецца пытаньне “суадносінаў паміж калегіяльнасьцю і першынствам” папы Рымскага. Гаворка ідзе не пра “кампраміс паміж двума рэчаіснасьцямі, але пра сінтэз вялікай моцы праваслаўя, калегіяльнасьці, і вялікай моцы каталіцтва, першынства. Ёсьць таксама і іншыя пытаньні, але найперш трэба абавязкова вырашыць пытаньне аб першынстве”.
“Міжнародная камісія, якая зьбіралася ў Равэне ў 2007 годзе, апублікавала выніковы дакумент, падпісаны як католікамі, так і праваслаўнымі. У ім ясна паказвалася, што Царква мае патрэбу ў protos на мясцовым, рэгіянальным і сусьветным узроўні. Гэта было значным крокам наперад, таму што праваслаўныя таксама прызналі, што Царква мае патрэбу ў “першым” на сусьветным узроўні. Толькі тады, калі Царква мае сусьветны маштаб, першынство мае сэнс як знак і прылада еднасьці. Мы павінны адшукаць такую форму ажыцьцяўленьня першынства Рымскага біскупа, якую прымалі б і іншыя Цэрквы. Пасьля II Ватыканскага сабору папы рабілі і робяць шмат для экуменізму. Не выклікае сумневаў факт, што многія зьверхнікі іншых Цэркваў хочуць прыязджаць у Рым, і гэта стварае ўражаньне, што папа ўжо выяўляе і ажыцьцяўляе экуменічнае першынство, якое праяўляецца ў сяброўстве і братэрстве”. Кардынал Кох прывёў таксама ў прыклад малітоўныя сустрэчы ў Асізі: “Хто можа запрасіць усе хрысьціянскія Цэрквы і іншыя рэлігіі на сусьветную сустрэчу і малітву за мір? Гэта ўжо ёсьць пазітыўнае ажыцьцяўленьне экуменічнага першынства біскупа Рыму”.
Сёньня і перад католікамі, і перад праваслаўнымі секулярная рэчаіснасьць ставіць адны і тыя ж выклікі. “У сувязі з гэтым, Каталіцкая Царква ініцыявала праект новай евангелізацыі”, — нагадаў ватыканскі ярарх. Прычым, новая евангелізацыя павінна мець у тым ліку і экуменічнае вымярэньне, “таму што секулярызм зьяўляецца выклікам, на які мы можам адказаць толькі разам”. Таксама трэба быць сёньня больш сьмелымі ў сумесным асуджэньні перасьледу хрысьціянаў, лічыць старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, бо “усе супольнасьці, усе Цэрквы маюць сваіх мучанікаў”, а “кроў не падзяляе, але яднае”. Гэта асабліва актуальна для “краінаў паходжаньня хрысьціянства на Блізкім Усходзе”, адкуль пасьлядоўнікі Хрыста цяпер вымушаны ўцякаць перад небясьпекай сьмерці.
Кардынал Курт Кох распавёў таксама пра стан дыялогу з юдаізмам. На яго думку, чакае “яшчэ доўгі шлях да паяднаньня паміж юдаізмам і хрысьціянствам”. Дыялог, які вядзецца цяпер, ватыканскі ярарх лічыць вельмі важным, паколькі ён падкрэсьлівае агульнае і адрознае. Ён даволі складаны, бо “габрэйскі сьвет вельмі разнастайны”. Але была створана асацыяцыя пад назвай Міжнародны габрэйскі камітэт па міжрэлігійных кансультацыях, які аб’яднаў розныя плыні юдаізму ва ўсім сьвеце.
Ярарх нагадаў, што сёлета спаўняецца 50 гадоў з моманту апублікаваньня Дэкрэту аб экуменізме “Unitatis redintegratio”. Таму наступная пленарная сэсія Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў будзе прысьвечана разважаньню над яго рэалізацыяй. Кардынал нагадаў, што праца ватыканскай дыкастэрыі канцэнтруецца на двух напрамках — Усход і Захад. Дыялог з Усходнімі Цэрквамі і Ўсходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі сканцэнтраваны ў асноўным на пытаньнях эклезіялогіі, з пратэстанцкімі супольнасьцямі — кола пытаньняў куды больш шырокае.
“Цяпер у пратэстанцкім сьвеце не назіраецца тэндэнцыі да большага адзінства. Існуе, па сутнасьці, вялікая фрагментацыя. Пастаянна ствараюцца новыя супольнасьці, і гэта праблема. Гэта азначае, што больш няма агульнага погляду на экуменізм”, — адзначыў кардынал Кох. У такой сітуацыі, на яго думку, “важна зразумець, куды мы хочам ісьці”.
Наступным выклікам, на думку кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, зьяўляецца на сёньняшні дзень “вялікі рост евангельскіх і пяцідзясятніцкіх рухаў”. Пяцідзясятнікі ў сьвеце колькасна другія пасьля Каталіцкай Царквы, нагадаў кардынал Кох. “Мы вымушаны казаць сёньня пра “пентэкасталізацыю” хрысьціянства або пра чацьвёрты тып хрысьціянства: католікі, праваслаўныя, пратэстанты і пяцідзясятнікі. Гэта зьяўляецца сур’ёзным выклікам для будучыні. Я перакананы, што ў гэтым сэньсе Папа Францішак можа адкрыць некаторыя дзьверы, якія пакуль яшчэ зачыненыя”, — сказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў у інтэрв’ю ватыканскай газеце.