
Цяперашняя сустрэча зьверхнікаў Каталіцкай і Копцкай Праваслаўнай Царквы адбылася роўна праз 40 гадоў пасьля сустрэчы Папы Паўла VI і Патрыярха Шэнуды III, якая дала пачатак агульнаму багаслоўскаму шляху гэтых дзьвюх Цэркваў.
Сяброўскія адносіны і багаслоўскі дыялог сталі магчымыя і далі плён, дзякуючы II Ватыканскаму сабору, аднак духоўная вытокі такой блізкасьці маюць нашмат ранейшыя карані. Гэтая блізкасьць афарбавана ў колер крыві мучанікаў — першых сьведак еднасьці Цела Царквы.
Уласна на гэтых двух момантах спыніўся Папа Францішак у сваёй прамове, скіраванай да Тавадраса II, які носіць тытул 118-га Папы Александрыйскага на Апостальскім Пасадзе сьвятога Марка. Менавіта дзейнасьць апостала і евангеліста Марка ў старажытнай Александрыі заклала падмуркі Копцкай Праваслаўнай Царквы і сьведчаць пра яе ідэнтычнасьць. Рымскі Архірэй выказаў вялікую радасьць, назваўшы сустрэчу «сапраўдным момантам ласкі Божай»: «Сёньняшні візіт умацоўвае стасункі сяброўства і братэрства, якія ўжо злучаюць Пасад Сьвятога Пятра і Пасад Сьвятога Марка — спадкаемцы каштоўнай спадчыны мучанікаў, багасловаў, сьвятых, манахаў і верных вучняў Хрыста, якія з пакаленьня ў пакаленьне сьведчылі Евангельле, часта ў вельмі складаных сітуацыях».
У сваім вітальным слове Патрыярх Тавадрас II сказаў: «Я родам з краіны на рацэ Ніл, з старажытнай Царквы, якая налічвае 19 стагоддзяў гісторыі і ёсьць радзімай манаства». Копцкі патрыярх выказаў радасьць ад гэтай сустрэчы ў Рыме і, запрашаючы Папу Францішка ў сваю краіну, выказаў пажаданьне:
«Няхай гэты візіт будзе першым з цэлага шэрагу сустрэчаў братэрства і любові паміж дзьвюма вялікімі Цэрквамі. Таму я прапаную адзначаць штогод 10 траўня сьвята брацкай любові паміж Каталіцкай і Копцкай Праваслаўнай Царквой».
Ідэя такога сумеснага сьвяткаваньня зьяўляецца яшчэ адным пасьлядоўным крокам у сьвятле гістарычнай сустрэчы 10 траўня 1973 году, калі Папа Павел VI і папярэднік Патрыярха Тавадраса Шэнуда III падпісалі Сумесную дэкларацыю. Гэты дакумент, як адзначыў Папа Францішак, стаў важнай вяхой у двухбаковым копцка-каталіцкім экуменічным дыялогу. Рымскі Архірэй нагадаў, што стварэньне сьпецыяльнай Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж дзьвюма Цэрквамі таксама «прынесла добрыя вынікі і падрыхтавала глебу для больш шырокага дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і ўсёй сям’ёй Усходніх Праваслаўных Цэркваў». «Мы радыя сёньня пацьвердзіць урачыстую заяву нашых славутых папярэднікаў. Мы рады прызнаць нашую сулучнасьць у адзінай Тайне Хросту. Яе асаблівым сьведчаньнем зьяўляецца наша сумесная малітва, якая спалучана з імкненьнем некалі спажыць з адзінай чашы, выконваючы волю Госпада. Я перакананы, — сказаў Рымскі Архірэй, — што з дапамогаю Сьвятога Духа наша нястомная малітва, дыялог і імкненьне дзень за днём спрыяць сулучнасьці ва ўзаемнай любові дазволяць нам зьдзейсьніць новыя і важныя крокі на шляху да поўнай еднасьці».
«Зразумела, — адзначыў Папа Францішак, — мы таксама ўсьведамляем, што шлях, які належыць прайсьці, можа быць яшчэ доўгі». Аднак яскравыя моманты бесьперапынных і інтэнсіўных стасункаў, як, напрыклад, сустрэча Патрыярха Шэнуды III і Папы Рымскага Яна Паўла II у юбілейным 2000 годзе ў Каіры, уяўляюць сабою дадатковую заруку еднасьці. Яна не зьяўляецца дзякуючы сьвяту, але паходзіць з «экуменізму цярпеньня».
Гаворачы пра сітуацыю ў Ягіпце Рымскі Архірэй адзначыў, што вітае адкрытасьць Патрыярха Тавадраса ІІ на дыялог з Копцкай Каталіцкай Царквой. Акрамя таго, ён закрануў праблему перасьледу хрысьціянаў на Блізкім Усходзе, нагадаўшы пра «экуменізм мучанікаў», паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. «Падобна таму, як кроў мучанікаў стала насеньнем моцы і багатага плёну для Царквы, прыняцьце ўдзелу ў штодзённых цярпеньнях можа стаць эфектыўным сродкам на шляху да еднасьці, — сказаў Папа Францішак. — У пэўным сэньсе, гэта можна прымяніць і ў больш шырокім грамадзкім кантэксьце стасункаў паміж хрысьціянамі і нехрысьціянамі: з супольнага цярпеньня могуць прарасьці, з Божай дапамогаю, прабачэньне і прымірэньне».
Гл. таксама:
«Цуд яднаньня распачаўся» — фільм Супольнасьці «Chemin Neuf»
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу