27.04.2013
Афіцыйная дэлегацыя УГКЦ сустрэлася з Канстанцінопальскім патрыярхам
«УГКЦ будзе пашыраць стасункі з Царквой старажытнага Канстанцінопаля», — заявіў Першаярарх УГКЦ пасьля сустрэчы з Патрыярхам Барталамеем I.
20 красавіка 2013 году ў рамках паломніцтва па сьвятых мясьцінах старажытнага Канстанцінопаля адбылася афіцыйная сустрэча дэлегацыі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якую ўзначальваў Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук), Зьверхнік УГКЦ, з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем I. Сустрэча адбылася ў рэзідэнцыі Канстанцінопальскага Патрыярха ў Стамбуле (Турцыя) — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ. Першаярарха УГКЦ у гэтым паломніцтве суправаджаў Уладыка Барыс (Гудзяк), кіраўнік Дэпартаменту замежных сувязяў УГКЦ.
«На маю думку, гэты візіт вельмі важны, і адбыўся ён па нашай ініцыятыве. Бо Царква старажытнага Канстанцінопаля зьяўляецца матчынай Царквой для ўсіх хрысьціянаў Кіеўскай традыцыі, якія атрымалі веру ў Хрышчэньні сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзіміра», — пракаментаваў падзею Зьверхнік УГКЦ.

Як адзначыў Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ, Канстанцінопальскі патрыярх сёньня зьяўляецца вялікім маральным аўтарытэтам як у праваслаўным сьвеце, так і ў хрысьціянскім сьвеце ў цэлым. І ён, як свабодны ад палітычнай і геапалітычнай ангажаванасьці, адзначае Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, можа быць важным маральным аўтарытэтам і для ўкраінскага хрысьціянства, якое сёньня мае факт падзелу адзінай Кіеўскай Царквы.
«Я запэўніў Патрыярха ў гатовасьці паглыбляць і пашыраць нашыя стасункі з Царквой старажытнага Канстанцінопаля ў розным фармаце, адным з якіх зьяўляецца аднаўлеьнне дзейнасьці Кіеўскай студыйнай групы, якая зарадзілася яшчэ ў 1980-х гадах на Паўночнаамерыканскім кантыненце і ў якую ўваходзілі багасловы і навукоўцы Украінскай Праваслаўнай Царквы ЗША і Канады, што знаходзілася ў еднасьці з Усяленскім патрыярхатам, а таксама багасловы і навукоўцы УГКЦ», — дадаў Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук). Як вядома, менавіта падчас дзейнасьці прадстаўнікоў Кіеўскай студыйнай групы ўдалося закласьці шмат розных багаслоўскіх падмуркаў для аднаўленьня дыялогу, а таксама магчымай сулучнасьці УГКЦ з Царквой старажытнага Канстанцінопаля.

«Відавочна, што за апошнія 20 гадоў рэлігійныя абставіны ва Ўкраіне карэнным чынам зьмяніліся і таму аднаўленьне дзейнасьці такой групы спрыяла б, з аднаго боку, пошукам шляхоў для міжканфесійнага паразуменьня і дыялогу ўнутры кіеўскага хрысьціянства, а з іншага — аднаўленьню дыялогу і магчымасьцяў сулучнасьці паміж Цэрквамі — спадчыньніцамі кіеўскага хрысьціянства ва Ўкраіне з Царквой Канстанцінопаля», — сказаў Зьверхнік УГКЦ.
Напрыканцы сустрэчы Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук)запрасіў Патрыярха Барталамея прыняць удзел у сустрэчы з Усеўкраінскай Радай Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў, якая адбудзецца ў кантэксьце сёлетняга сьвяткаваньня 1025-годдзя Хрышчэньня Русі і Ўкраіны.