Бэтлеемскі агонь – сымбаль полымя веры Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) скіраваў сваё Пастырскае пасланьне на сьвята Раства Хрыстовага 2011 году і на Новы 2012 год. У ім ён заклікае вернікаў запаліць іскру веры, надзеі ды любові ад Госпада Ісуса Хрыста – Сына Божага, Які стаўся чалавекам, ды ў бляску гэтага полымя веры, надзеі ды любові зразумець, што нават малая іскра ёсьць вялікай сілай, якая здольная запаліць усе навокал. Дзеля гэтага Апостальскі Візітатар заклікае грэка-католікаў у наступным годзе, які будзе праходзіць пад знакам Новай Евангелізацыі і малітвы за сем’і, зьяднацца вакол адчыненай Кнігі Слова Божага і шчыра маліцца, каб Новы 2012 Год Гасподні быў нагодай сьведчыць пра актуальнасьць і неабходнасьць Слова Божага на роднай мове ў жыцьці нашай краіны.
Першаярарх УГКЦ заклікае штодня чытаць Сьвятое Пісаньне
«Усе мы ствараем Адзіную, Сьвятую, Паўсюдную і Апостальскую Царкву. Таму ўсе павінны быць “жывымі камянямі” у будынку нашай парафіі, якая зьяўляецца ўвасабленьнем гэтай Царквы ў нашай мясцовасьці», – пра гэта напісаў Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў Шаўчук у пастырскім лісьце «Жывая парафія – месца сустрэчы з жывым Хрыстом», які ён скіраваў да духавенства, манаства і ўсіх вернікаў УГКЦ 2 сьнежня 2011 году.
10.12.2011
Яны чакаюць заўсёды…
3 сьнежня 2011 году ў рамках акцыі “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей” валанцёры Руху сьв. Мікалая на чале з самім Сьвятым Мікалаем наведалі Сялюцкі псіханеўралагічны інтэрнат, што на Віцебшчыне. Валанцёры прывезьлі з сабой салодкія падарункі, а таксама рэчы для асабістай гігіены і цёплую вопратку. Насельнікі Сялюцкага дому-інтэрнату з задавальненьнем прымалі ўдзел у праграме, якую падрыхтавалі валанцёры: маліліся разам, адказвалі на пытаньні, сьпявалі песьні і танчылі для сьв. Мікалая.
02.12.2011
Сустрэць агонь і несьці агонь Падчас сьвяткаваньня ў Менску дня памяці Апостала Андрэя Першапакліканага новы Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці перадаў беларускім грэка-католікам прывітаньне і блаславеньне ад Сьвятога Айца Папы Бенядыкта XVI: “сустрэць агонь і несьці агонь” веры іншым, “не пераймацца тым, што... не такія шматлікія”, бо “моц агню не залежыць ад яго аб’ёму, ад велічыні полымя”, але залежыць ад моцы іскраў ад Госпада, якія здольныя запаліць усё вакол. Пасланьнік Папы таксама падкрэсьліў, што разнастайнасьць Цэркваў і традыцыяў у Паўсюднай Царкве – “гэта не фальклёрны сьпектакль”, гэта прыналежнасьць да даўняй традыцыі, якая мае глыбокія карані.
01.12.2011
Сустрэча груп Тэзе ў Менску
27 лістапада 2011 году ў грэка-каталіцкім душпастырскім Цэнтры сьв. Язэпа ў Менску адбылася духоўна-фармацыйная сустрэча для моладзі, што брала ўдзел у сустрэчах, арганізаваных Супольнасьцю Тэзэ, паведамляе сайт Хрысьціянскага валанцёрскага руху сьв. Мікалая.
01.12.2011
Архібіскуп Гуджароцьці: важна, каб у вашых сэрцах гарэў агонь веры
У нядзелю, 27 лістапада 2011 году вернікі менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў сьвяткавалі памяць сьв. апостала Андрэя Першапакліканага. Урачыстую літургію ў капліцы душпастырскага цэнтра сьв. Язэпа ўзначаліў архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці, Апостальскі нунцый у Беларусі.
25.11.2011
Нарада каталіцкіх патрыярхаў Блізкага Ўсходу Патрыярхі Каталіцкіх Цэркваў на Блізкім Усходзе заклікалі сваіх вернікаў заставацца на роднай зямлі і ўдзельнічаць у палітыцы дзеля міру. Такую заяву яны зрабілі ў канцы сваёй канферэнцыі, якая адбылася 14-17 лістапада 2011 году ў Бкерке каля Бейруту (Ліван), у рэзідэнцыі зьверхніка Мараніцкай Царквы.
25.11.2011
Апостальскі нунцый наведае грэка-католікаў Менску 27 лістапада 2011 году Апостальскі нунцый у Беларусі Архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці разам з сталічнымі вернікамі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прыме ўдзел у сьвяткаваньні дня памяці сьвятога Апостала Андрэя, апекуна хрысьціянскага Ўсход.
Калядны зварот Апостальскага Візітатара для беларусаў католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.
Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандар НадсанCорак гадоў таму я наведаў першы раз Амерыку. Быў якраз перадкалядны час. Што мяне ўразіла амаль адразу пасьля высадкі з самалёту ў Нью-Ёрку — гэта рэкламы на ўсіх вялікіх крамах і ўстановах з пажаданьнямі Merry Christmas (вясёлых Калядаў), і тут жа побач Happy Hanuka (Вясёлай Ханукі). Ханука — сьвята габрэйскае, якое прыпадае прыблізна ў той самы час, што і Каляды. Як і Каляды — гэта радаснае сьвята, «сьвята сьвятла», калі габрэі ўспамінаюць аднаўленьне ў 165 годзе да нараджэньня Хрыста ў Ерусаліме сьвятыні, якую зьнішчылі ворагі, пад чыім панаваньнем тады апынулася Палестына, і якія хацелі «ашчасьлівіць» габрэяў, змусіўшы іх адмовіцца ад веры ў адзінага Бога і традыцыі бацькоў, і далучыцца да «вышэйшай» паганскай культуры іхніх заваёўнікаў. Аднак «няўдзячныя» габрэі адмовіліся ад такіх дабрадзействаў, паўсталі супраць сваіх захопнікаў і, нягледзячы на няроўныя сілы, перамаглі іх, захаваўшы непарушнай сваю веру і вернасьць традыцыям сваіх бацькоў. Стрыжневым пунктам гэтай веры было чаканьне Месіі для аднаўленьня Валадарства Божага, што і здарылася з прыйсьцем на сьвет Госпада нашага Ісуса Хрыста, нараджэньне якога мы цяпер сьвяткуем. Такім чынам сьвята Ханукі мае прамое дачыненьне да нашых Калядных сьвятаў. Яно дае нам таксама шмат матэрылу да роздуму аб важнасьці захаваць ня толькі веру, але і вернасьць традыцыі бацькоў, мець сьмеласьць бараніць яе і не паддацца спакусе далучыцца да «вышэйшай» чужой культуры. Вось гэтую думку хачу пакінуць да развагі вам, дарагія чытачы, у гэты радасны дзень нараджэньня Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста. Каляды, 2011