
18.08.2011
Адна з вуліцаў Пінску будзе насіць імя кардынала Казіміра Сьвёнтка. Такое нечакана хуткае рашэньне прынята на пасяджэньні Берасьцейскага аблвыканкаму, якое адбылося 15 жніўня 2011 году.
Такім чынам, аблвыканкам падтрымаў прапанову Пінскага гарвыканкаму пра ўвекавечаньне памяці выдатнага каталіцкага сьвятара. Усе працэдурныя пытаньні, паведамляе “Вечерний Брест” , будуць разгледжаны на чарговай сесіі Пінскай гарадзкога Савету дэпутатаў.
Нагадаем, Казімір Сьвёнтак – былы архіпастыр Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, першы ў гісторыі Беларусі кардынал, шматгадовы вязень савецкіх лагераў, які быў адзначаны Царквой сьпецыяльнай узнагародай “Fidei testis” (Сьведка веры), памёр 21 ліпеня 2011 году. Ён пражыў бяз малага 97 гадоў і больш за шэсьць дзесяцігоддзяў – у Пінску.