
08.06.2011
Партал Catholic.by і газета Віцебскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі «Каталіцкі веснік» арганізоўваюць фотаконкурс «Чалавек — Божае стварэньне». Мэта конкурсу — нагадаць аб каштоўнасьці, прыгажосьці і годнасьці кожнага чалавечага жыцьця, незалежна ад узросту і сацыяльнага палажэньня.
Арганізатары фотаконкурсу адзначаюць, што фотаздымкі могуць быць адлюстраваньнем розных лёсаў, якія зьяўляюцца каштоўнымі ў вачах Створцы, бо ў кожным чалавечым жыцьці ёсьць Бог. Падкрэсльваецца таксама, што фотаконкурс зьяўляецца таксама водгукам на законапраект па рэпрадуктыўных тэхналогіях, пратэстам супраць легалізацыі ў Беларусі сурагатных маці, банкаў донарскіх клетак і зачацьця ў прабірцы.
Конкурс праводзіцца на партале Catholic.by. Здымкі можа дасылаць кожны. Пераможцаў вызначаць самі наведвальнікі сайту. Газета «Каталіцкі веснік» абяцае ўзнагародзіць каштоўнымі прызамі аўтараў лепшых прац.
Умовы фотаконкурсу:
Фармат файлаў — JPG альбо PNG.
Памеры — любыя.
Апрацоўка — мінімальная (без мантажу, мастацкай апрацоўкі і штучных эфектаў).
Колькасьць фотаздымкаў ад аднаго ўдзельніка — неабмежаваная (можна запоўніць форму некалькі разоў).
Арганізатары пакідаюць за сабой права папярэдняга адбору прац без тлумачэньня рашэньняў.
Працы, якія прайшлі мадэрацыю, адразу публікуюцца на сайте Catholic.by у адпаведным разьдзеле і становяцца даступнымі для прагляду, аднак галасаваньне распачнецца ў адпаведнасьці з вызначаным тэрмінам.
Галасаваць можа любы карыстальнік парталу, кожная праца можа быць ацэнена пэўнай колькасьцю балаў (па змоўчаньні — 0); перамагаюць працы, якія набралі найбольшую суму балаў.
Тэрміны:
Падача прац на конкурс — да 10 ліпеня.
Галасаваньне — з 10 па 30 ліпеня.
Аб’яўленьне вынікаў — 30 ліпеня.
Уручэньне прызоў — падчас Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы (5–7 жніўня).
Даслаць фота на конкурс можна праз форму на партале Catholic.by.