Папа хоча бачыць у новых біскупах асобаў, здольных абудзіць Царкву Сёньня патрэбныя біскупы, якія не задавальняюцца павярхоўным, але імкнуцца да глыбіняў, адкуль Сьвяты Дух працягвае натхняць сваю Царкву. З такімі словамі Папа Францішак 18 верасьня 2014 году ў Ватыкане зьвярнуўся да біскупаў, якія атрымалі хіратонію на працягу апошняга году — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча 20 гадоў споўнілася адноўленай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча. З гэтай нагоды ў Лідзкай парафіі ягонага імя адбылося ўрачыстае набажэнства, у якім узяў удзел айцец Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. Пасьля малітвы на сьвяце гучала сярэднявечная беларуская музыка, парафіяне танчылі і радаваліся. Рэпартаж з сайту Радыё Свабода.
20.09.2014
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі” Старшыня Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Іларыён Алфееў, каментуючы ў інтэрв’ю “Интерфакс-Религия” пачатак працы ў Амане чарговай сесіі Зьмешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнымі Цэрквамі, заявіў, што падзеі ва Ўкраіне зноў абвастрылі “праблему уніі” і лічыць неабходным абмеркаваць яе на гэтым форуме.
Пілігрымка ў памяць блаславёнага сьвятамучаніка Тэадора Ромжы Напрыканцы лета, 22-24 жніўня 2014 году, адбылася 8-ая пешая пілігрымка моладзі Мукачаўскай Грэка-Каталіцкай япархіі з Хуста ў Вялікі Бычкаў, дзе захоўваюцца сьвятыя мошчы Блаславёнага Тэадора. Пра свой паломніцкі шлях і ўдзел у гэтай пілігрымцы распавядае адзін з вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з Баранавічаў.
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял Сітуацыя, у якой знаходзяцца беларускія грэка-католікі, цяжкая, аднак у іх ёсьць вялікі духоўны патэнцыял — так лічыць дапаможны біскуп Прэшаўскай грэка-каталіцкай архіяпархіі ў Славакіі Ўладыка Мілан Лах, SJ. Пра ўражаньні гэтага ярарха пасьля візіту ў Беларусь з нагоды 100-гадовага юбілею беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча распавядае матэрыял з кароткім інтэрв’ю на афіцыйным сайце грэка-каталіцкага архібіскупства ў Прэшаве.
Кнігу выбраных твораў айца Аляксандра Надсана прэзентавалі ў Горадні У душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні 7 верасьня 2014 году адбылася першая ў Беларусі прэзентацыя кнігі выбраных твораў Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.
03.09.2014
Прадстаўнік Папы пра біскупа Сіповіча: “Ён ня мог прадаць праўду, праўду, якая вызваляе” 31 жніўня 2014 году ў парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 100-ых угодкаў з дня нараджэньня выхаванца Друйскага кляштару айцоў-марыянаў грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Падчас сьвяткаваньняў Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці выступіў з беларускамоўнай гаміліяй, якая выклікала вялікую цікавасьць у тым ліку і ў беларускіх сьвецкіх СМІ, многія з якіх прыводзілі цытаты з яе. Прапануем поўны тэкст гэтай гаміліі прадстаўніка Папы ў Беларусі.
02.09.2014
У Друі і Менску адбыліся ўрачыстасьці ў гонар 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча У памяць пра выдатнага беларускага рэлігійнага i грамадзкага дзеяча, першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ў ХХ стагоддзі Ўладыку Чэслава Сіповіча, які скончыў сваё зямное жыцьцё ў Лондане, ў 100-ыя ўгодкі з дня нараджэньня на яго радзіме была ўстаноўлена і асьвячана мемарыяльная табліца, а на магіле бацькоў закладзена капсула з зямлёй з магілы біскупа і ўстаноўлены новы помнік.
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы
Хоць шлях экуменічнага дыялогу пазначаны рознымі цяжкасьцямі, сярод якіх - новыя рознагалосьсі ў маральных і антрапалагічных пытаньнях, мы ня маем права паддавацца расчараваньню і мірыцца з падзеламі. На гэта зьвярнуў увагу Папа Францішак у сваім пасланьні, падрыхтаваным з нагоды сустрэчы з удзельнікамі пленарнай сесіі Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, якіх ён прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 20 лістапада 2014 году.
Сьвяты Айцец адзначыў за мінулыя пяць дзесяцігоддзяў «значную зьмену менталітэту» католікаў у іх стаўленьні да хрысьціянаў, якія належаць да іншых Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў, дзякуючы саборнаму Дэкрэту аб экуменізме «Unitatis redintegratio», а таксама іншым дакументам Другога Ватыканскага Сабору пра Царкву, такім як «Lumen gentium» і «Orientalium Ecclesiarum». Папа Францішак лічыць, што гэтая ментальнасьць павінна яшчэ больш напаўняць «багаслоўскае навучаньне і душпастырскую дзейнасьць». Ён запрашае царкоўныя рухі і манаскія інстытуты надаваць больш увагі гэтаму асьпекту, з тым каб споўнілася малітва Ісуса «Каб усе былі адно».
Таксама Папа адзначыў, што разам з удзячнасьцю Богу за пройдзены шлях «мы павінны прызнаць, што хрысьціяне дагэтуль падзеленыя, а рознагалосьсі ў новых антрапалагічных і этычных пытаньнях ускладняюць наш шлях да еднасьці». Але «нельга аддавацца засмучэньню і мірыцца з гэтым, — трэба працягваць спадзявацца на Бога, Які ўкладае ў сэрцы хрысьціянаў насеньне любові і еднасьці», каб разьвіваць духоўны экуменізм, цаніць экуменізм крыві і разам крочыць наперад шляхам Дабравешчаньня.
«Сустракаючыся з многімі хрысьціянамі-некатолікамі або чытаючы іхнія лісты, я меў нагоду ўбачыць, як, не зважаючы на адкрытыя пытаньні, якія нас разьдзяляюць, існуе пашыранае і моцнае жаданьне разам крочыць далей, маліцца, пазнаваць і любіць Госпада, супрацоўнічаць у служэньні і салідарнасьці з найслабейшымі і тымі, хто церпіць», — адзначыў Рымскі Архірэй. «Варожасьць і абыякавасьць», якія спарадзілі на працягу стагоддзяў глыбокія раны ў хрысьціянаў розных Цэркваў, «ужо ў мінулым», сьцьвярджае Папа. Ён таксама падкрэсьліў, што «сёньня хрысьціяне разам працуюць на служэньні чалавецтву, што церпіць і жыве ў нястачы, абараняючы чалавечае жыцьцё і яе неад’емную годнасьць, абараняючы навакольнае асяроддзе і змагаючыся супраць несправядлівасьці», зьдзяйсьняючы «сапраўдны духоўны экуменізм».
«Духоўны экуменізм існуе і разьвіваецца дзякуючы шматлікім ручаінам, якія на самай справе вядомыя толькі Госпаду, але часта і мы робімся іх шчасьлівымі сьведкамі: гэта сусьветная сетка малітвы, якая ад парафіяльнага ўзроўню да міжнароднага надае ўсяму целу Царквы кісларод сапраўднага экуменічнага духу; гэта сетка жэстаў, якія яднаюць нас у мностве сумесных справаў міласэрнасьці», — сказаў Францішак.
Сьвяты Айцец таксама заклікае цаніць «экуменізм крыві», які меў месца на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў і не спыняецца па сёньняшні дзень. Гэтыя сьведчаньні — піша Папа —- «мы павінны з верай сабраць і дазволіць іх моцы наставіць нас на шлях больш поўнага братэрства». «Тыя, хто перасьледуе Хрыста ў Яго верніках, — адзначае Папа напрыканцы свайго пасланьня, — ня робяць адрозьненьняў паміж канфесіямі, але перасьледуе толькі за тое, што яны хрысьціяне».
«Пошук поўнай еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы, — піша ў сваім пасланьні Папа. — Яна перш за ўсё зьяўляецца дарам Божым і дзеяй Сьвятога Духу, але ўсе мы закліканы спрыяць ёй заўсёды і пры любых абставінах».