Ноч храмаў — традыцыя, якую варта запазычыць Беларусі У Празе і па ўсёй Чэхіі 9 чэрвеня 2017 году адбылася так званая «Noc Kostelů» — «Ноч храмаў». Сёлета ў гэтай рэлігійна-культурнай акцыі была і беларуская праграма — у царкве сьв. Кузьмы і Дзям’яна, дзе моляцца вернікі-беларусы, што жывуць у Празе.
Мітрапаліт Кандрусевіч: у Беларусі насьпела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносінаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 2 траўня 2017 году выступіў у Менску ў Акадэміі кіраваньня пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з дакладам на тэму «Узаемадзеяньне Касьцёлу і дзяржавы ў наш час» — паведамляе Catholic.by.
04.05.2017
Папа: праца дае моладзі магчымасьць марыць У дзень 1 траўня, калі ў Каталіцкай Царкве лацінскага абраду адзначаецца ўспамін сьв. Юзафа, рамесьніка, Папа Францішак скіраваў свае думкі да моладзі — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
28.02.2017
Пра Курапаты «Апошнімі днямі шмат думаю пра Курапаты... Неяк узгадаў, што там не пахаваны ніводзін з грэка-каталіцкіх сьвятароў. І, як ня дзіўна, для нас, грэка-каталікоў, гэтае месца надзвычай важнае», — пра месца масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавізму ў Курапатах і лёс беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў дзеліцца сваімі разважаньнямі душпастыр парафіі Маці Божай Фацімскай з Горадні а. Андрэй Крот.
Грэка-каталіцкі сьвятар: Калі зьнішчаць Курапаты, то Беларусі ўжо ня будзе Дзесяць гадоў таму, перад сьвятарскімі сьвячаньнямі, калі старэйшы сьвятар настаўляў мяне і маіх калегаў, ён сказаў такія словы: «Вам давядзецца змагацца з камунізмам». Я моцна зьдзівіўся, бо які ж камунізм у 2006 годзе, у XXI стагоддзі?! З кожным чарговым годам свайго сьвятарства, я пераконваюся нанова, што той сьвятар меў рацыю: камунізм — гэта рэчаіснасьць, у якой мы жывем.
02.02.2017
Навяртаньне 2 лютага — сьвята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста. Калі і як адбываюцца нашыя асабістыя сустрэчы з Госпадам?
Беларуская царква трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лондану за 2016 год. Інтэрвію з архітэктарам
Праз паўгоду пасьля афіцыйнага адкрыцьця грэка-каталіцкая царква беларускай супольнасьці ў Лондане працягвае атрымліваць узнагароды на брытанскіх і замежных конкурсах.
Беларуская капліца ў Лондане. Фота Joakim Boren.21 траўня яна трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лондану за 2016 год — атрымала прэмію Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award). Як маленькая царква на ўскрайку Лондану прымусіла брытанцаў абмяркоўваць Беларусь, Свабодзе расказаў архітэктар царквы Со Цзыўай (Tszwai So).
«Самы прыгожы будынак, які ён бачыў у Лондане за апошні год»
Летась Свабода ўжо пісала пра Со Цзыўая. Ён нарадзіўся ў Кітаі, вырас у Ганконгу, атрымаў адукацыю ў Брытаніі. У 2007 годзе ён даведаўся пра Беларускую каталіцкую місію ў Лондане. Так захапіўся Беларусьсю, што перайшоў ва ўніяцтва. А потым айцец Сяргей Стасевіч прапанаваў архітэктару зрабіць праект капліцы для беларускай місіі. У 2016 годзе драўляную царкву, якая шмат у чым нагадвае традыцыйныя барочныя цэрквы Беларусі, пабудавалі.
Царква была афіцыйна адкрытая напярэдадні сьвята Божага Нараджэньня ў сьнежні 2016 году. Яна стала знакавым будынкам ня толькі ў сваім раёне, але і ва ўсім Лондане.
«Кожны раз, калі я прыходжу ў царкву, заўжды бачу цікаўных суседзяў каля яе, ці проста выпадковых людзей, якія ўглядаюцца ў яе, спрабуюць трапіць усярэдзіну», — сказаў Свабодзе праз тэлефон Со Цзыўай.
У канцы красавіка, адмыслова каб пабачыць царкву, да Беларускай каталіцкай місіі прыехаў Торкіл Крайтан (Torcuil Crichton) — вядомы ў Брытаніі журналіст, адзін з рэдактараў газеты «The Daily Record». У сваім твітэры ён напісаў, што гэта самы прыгожы будынак, які ён бачыў у Лондане за апошні год.
«Я магу быць перадузятым, але з дакладнасьцю скажу, што людзям увогуле вельмі падабаецца царква. І мы вельмі шчасьлівыя ад гэтага», — кажа Cо.
Вядома, што гэта ня руская праваслаўная царква!
Новая беларуская царква ўразіла ня толькі шараговых брытанцаў. «Spheron Architects», архітэктурнае бюро, якім кіруе Со Цзыўай, атрымала ўжо некалькі ўзнагародаў на прафесійных конкурсах. Со стаў пераможцам у конкурсе «UK Young Architect Award», які арганізаваў Амерыканскі інстытут архітэктараў. Сёлета беларускую царкву другі раз уключылі ў Лонданскі фэстываль архітэктуры. А 21 траўня стала вядома пра перамогу на конкурсе Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award). Царква трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лондана за 2016 год.
Каралеўскі інстытут брытанскіх архітэктараў быў заснаваны ў 1834 годзе. Гэта вельмі аўтарытэтная ў сьвеце арганізацыя. У Брытаніі яна ладзіць рэгіянальныя конкурсы. Самая вялікая канкурэнцыя — у Лондане. Як пра гэта кажа дырэктар конкурсу Дыян Смол (Dian Small), Лондан мае самую вялікую ў сьвеце канцэнтрацыю архітэктуры сусьветнай значнасьці.
Каралеўскі інстытут брытанскіх архітэктараў зацікавіўся беларускай царквой яшчэ напярэдадні конкурсу. Рэдактары часопісу, які выдае інстытут, замовілі Со артыкул пра беларускую драўляную архітэктуру.
«Будынак падштурхоўвае да таго, каб людзі пачыналі задаваць сабе пытаньні, — кажа Со. — Людзі пачынаюць задумвацца: «Дзіўна, гэты будынак не выглядае як рускія праваслаўныя цэрквы, якія я бачыў». Вядома, не! Бо гэта ня руская праваслаўная царква. Гэта беларуская грэка-каталіцкая царква».
Гэта амбасадар беларускай культуры ў Лондане
Пасьля зьяўленьня беларускай царквы ў Лондане ў брытанскай прэсе стала больш нагодаў, каб абмеркаваць Беларусь, лічыць Со.
«Гэта дапамагае крыху палепшыць імідж Беларусі, — кажа архітэктар. — Вядома, ня так моцна, як гэта ўдалося «Naviband» падчас Еўравізіі. Але вы зьдзівіцеся, як шмат брытанцы цяпер цікавяцца Беларусьсю».
«Гэта падобна да амбасадара беларускай культуры ў Лондане. І, я думаю, гэта добры амбасадар. Хоць гэта і не чалавек, а будынак».
Со Цзыўай рады, што цяпер беларуская супольнасьць Лондана атрымлівае тую ўвагу, якой раней ня мела.
«Беларусь — краіна, якая мае так шмат чаго прапанаваць. І гэта ня толькі палітыка. Краіна мае такую багатую гісторыю. Прыемна бачыць, што людзі нарэшце пачынаюць зьвяртаць увагу на гэтую прыгожую краіну».
Я ўсяго толькі хлопец, якому даверылі пабудаваць царкву
Беларуская капліца адпачатку не была камерцыйным праектам для «Spheron Architects». І хоць архітэктурнае бюро і раней было вядомае ў Лондане, толькі дзякуючы беларускай царкве кампанія атрымала прызнаньне.
Інтэр'ер беларускай капліцы. Фота Ioana Marinescu.«Для нас гэта было вялікім зьдзіўленьнем, — кажа Со. — У журы былі вельмі прызнаныя прадстаўнікі ўсясьветнай архітэктуры. Як, напрыклад, рэдактар онлайн-часопіса «Deezeen». Я вельмі рады гэтаму. І асабліва прыемна, што адзначылі праект, натхнёны спадчынай беларускіх драўляных цэркваў».
Пры гэтым Со ўвесь час падкрэсьлівае, што ўсе ўзнагароды атрымлівае ня ён і не ягоная кампанія, а беларуская супольнасьць Лондану.
«Я ўсяго толькі хлопец, якому даверылі пабудаваць царкву, — кажа архітэктар. — Яна называецца Беларуская капліца-помнік. Не капліца імя Со Цзыўая. Яна названая ў гонар краіны. І належыць беларускай супольнасьці».
Пра беларускую царкву цяпер пішуць брытанскія і замежныя медыі. Яна трапіла ў агляд «The Times», у самы папулярны ў сьвеце онлайн-часопіс пра архітэктуру «Deezeen», да Цзыўая зьвярталіся расейскія і нямецкія журналісты. Але ў Беларусі, кажа архітэктар, ня так шмат медыяў, якія цікавяцца царквой.
«Я думаю, што брытанцы больш цікавяцца гэтым праектам, чым самыя ўплывовыя беларускія медыі, — кажа архітэктар. — Будынак цалкам зьвязаны з Беларусьсю і знаходзіцца ў сусьветнай сталіцы. Дзіўна, што так мала інтарэсу да яго».
Ніколі ў жыцьці я ня бачыў нічога падобнага
Першы і пакуль апошні раз Со быў у Беларусі ў 2012 годзе. Ён правёў тут два тыдні, галоўным чынам сярод вясковых цэркваў. Тая вандроўка стала для архітэктара крыніцай вялікага натхненьня.
«Я пабачыў цэрквы на ўласныя вочы. І вельмі ўражаны той аўтэнтыкай і вынаходлівасьцю беларускіх майстроў XVIII і XIX стагоддзяў. Ніколі ў жыцьці я ня бачыў нічога падобнага. Я не разумею, чаму драўляныя цэрквы ня ўнесеныя ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО».
Эскіз, які зрабіў Со Цзыўай падчас вандроўкі ў Беларусь.Ён кажа, што беларуская драўляная архітэктура вельмі вартая ўвагі. Найперш ёй павінны ганарыцца ў самой Беларусі. Бо гэтая архітэктура выразна вылучае культуру краіны на фоне іншых.
«Іншымі словамі, я хачу сказаць, што на Беларусь павінны паглядзець па-іншаму. Як на краіну з багатай культурнай спадчынай і вельмі важным унёскам у сусьветнае мастацтва і архітэктуру».
Ад часоў сваёй вандроўкі Со стаў адвакатам Беларусі ў Брытаніі. Яго хвалюе, што пра краіну мала пішуць. Таксама ён рэагуе на крытычныя публікацыі пра Беларусь. Ён згадвае нядаўні артыкул пра архітэктуру Менску, які напісаў Оўэн Хэзэрлі (Owen Hatherley) у часопісе «Deezeen». Цяпер ён хоча напісаць артыкул у адказ. Спачатку — пра менскую архітэктуру.
А яшчэ мае задуму напісаць кнігу пра Беларусь.
«Мая мара — мець кнігу пра архітэктуру Беларусі, напісаную па-ангельску. Але яе павінны вельмі строга адрэдагаваць беларускія навукоўцы. Я дагэтуль шукаю суаўтараў з Беларусі».