Ніякае брыдкае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам (Пасланьне сьв. ап. Паўла да Эфэсянаў 4:29)
Моладзь і рэлігія У Горадні ў абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага адбыўся круглы стол «Моладзь і рэлігія». Яго арганізавала 28 сакавіка 2018 году катэдра гісторыі Беларусі, археалогіі і сьпецыяльных гістарычных дысцыплінаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, якая зьяўляецца вядомым і прызнаным у Беларусі і за мяжой асяродкам дасьледаваньняў беларускай гісторыка-канфесійнай праблематыкі.
06.12.2017
«Малітоўнік. Каляндар БГКЦ» — беларуская праграма на Андроід Паводле задумы стваральнікаў, у наш час інтэрнэту і смартфонаў, гэтая праграма павінна стаць сёньня свайго роду новай «Малой падарожнай кніжкай» для вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы і ўсіх, хто хацеў бы жыць і маліцца па-беларуску паводле традыцыі Царквы візантыйскага абраду.
16.10.2017
Папа назваў сьмяротнае пакараньне нечалавечай мерай Ахоўваць спадчыну веры і праўды, атрыманую ад Айцоў, і працягваць апостальскую дзейнасьць з радасьцю і міласэрнасьцю, ідучы новымі шляхамі, заклікаў Францішак 11 кастрычніка 2017 году падчас урачыстай сустрэчы, якая прайшла ў Ватыкане з нагоды 25-годдзя падпісаньня Янам Паўлам ІІ Апостальскай канстытуцыі «Fidei depositum», якая суправаджала выданьне Катэхізму Каталіцкай Царквы.
04.10.2017
Царква любіць Еўропу і верыць у яе будучыню Заключнае пасланьне Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы, прынятае ў Менску па выніку працы штогадовага пленарнага пасяджэньня, што праходзіла ў Менску з 28 верасьня па 1 кастрычніка 2017 году.
14.07.2017
Найпрыгажэйшая... Пра свой, напэўна, адзін з самых яскравых момантаў перажываньня веры ў падлеткавым узросьце, піша душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот.
13.06.2017
Ноч храмаў — традыцыя, якую варта запазычыць Беларусі У Празе і па ўсёй Чэхіі 9 чэрвеня 2017 году адбылася так званая «Noc Kostelů» — «Ноч храмаў». Сёлета ў гэтай рэлігійна-культурнай акцыі была і беларуская праграма — у царкве сьв. Кузьмы і Дзям’яна, дзе моляцца вернікі-беларусы, што жывуць у Празе.
Мітрапаліт Кандрусевіч: няма ніводнай краіны, акрамя Беларусі, дзе замежны сьвятар павінен прасіць ва ўладаў дазвол, каб адслужыць імшу
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 траўня 2017 году ў Акадэміі кіраваньня пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з дакладам «Узаемадзеяньне Касьцёлу і дзяржавы ў наш час», асобна згадаў служэньне ў каталіцкіх парафіях замежных сьвятароў і выказаўся за зьмены ў законе «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў».
Каталіцкі ярарх падрэсьліў, што многія нормы закону састарэлі, не адпавядаюць часу і рэальнай сітуацыі, а таму павінны быць перагледжаныя.
«Пасьля прыняцьця закону ў 1992 годзе вырасла новае пакаленьне людзей, якія па-іншаму ўспрымаюць сьвет і працэсы ў ім. Таму трэба па-новаму паглядзець на адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі», — адзначыў архібіскуп.
Асаблівую занепакоенасьць у Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выклікае склаўшаяся практыка ў дачыненьнях Царквы і дзяржавы адносна служэньня замежных сьвятароў у Беларусі. Фота Віталя Палінеўскага, Catholic.by.Многія з іх атрымліваюць ад уладаў узгадненьні на працу толькі на шэсьць або нават на тры месяцы, а часам такія ўзгадненьні на працу сьвятара з-за мяжы зусім не даюцца.
Менска-Магілёўскі рыма-каталіцкі мітрапаліт адзначыў, што патрэбу ў служэньні сьвятароў з-за мяжы мае ня толькі Рыма-Каталіцкая Царква, але і Праваслаўная Царква, а таксама іншыя канфесіі.
Каталіцкі ярарх паведаміў, што за апошнія 25 гадоў колькасьць беларускіх сьвятароў значна павялічылася — з 60 да амаль 400 чалавек. Аднак нават такой колькасьці каталіцкага духавенства ў Беларусі яшчэ недастаткова для нармальнага душпастырскага служэньня.
«Мы клапоцімся пра мясцовыя пакліканьні, але гэта патрабуе часу. Дэмаграфічны крызіс, аднак, таксама негатыўна ўплывае на колькасьць пакліканьняў», — заўважыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. І сёньня гэта рэчаіснасьць, з якой трэба лічыцца.
«Па невядомай прычыне Беларусь чамусьці баіцца замежных сьвятароў. Але колькі касьцёлаў ужо пабудавана і будуецца дзякуючы ім! Колькі пастырскіх і дабрачынных праграмаў ажыцьцявілі і далей ажыцьцяўляюць гэтыя сьвятары!» — сказаў ярарх.
Мітрапаліт падкрэсьліў, што многія гэтыя замежныя сьвятары знаёмяцца з беларускай культурай і Беларусь становіцца ім роднай. Акрамя гэтага яны ўносяць новы пастырскі вопыт. «У сучасным сьвеце адбываецца ня толькі эканамічная, але таксама культурная і рэлігійная глабалізацыя і мы павінны быць яе часткай, каб не застацца на платформе чыгуначнага вакзала, назіраючы, як цягнік адыходзіць бяз нас», — заўважыў ярарх.
Таксама каталіцкі ярарх закрануў пытаньне адпраўленьня набажэнстваў сьвятарамі, якія пачалі прыязджаць у Беларусь на тэрмін да пяці дзён на падставе прынятага нядаўна ўладамі краіны рашэньня пра бязьвізавы рэжым. Мітрапаліт Кандрусевіч назваў гэтае рашэньне беларускіх уладаў своечасовым, што сьведчыць пра імкненьне да большай адкрытасьці і жаданьне разьвіваць сяброўскія адносіны з іншымі краінамі.
Аднак бязьвізавы рэжым не ўлічыў такую катэгорыю турыстаў як сьвятары. «Кожны сьвятар мае абавязак штодня цэлебраваць Імшу», — адзначыў каталіцкі ярарх. Аднак у Беларусі замежныя сьвятары па-ранейшаму павінны атрымліваць на гэта дазвол ад Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Пакет дакументаў на яго дыяцэзіяльная курыя павінна падрыхтаваць і падаць за месяц да мяркуемага візіту. Але ня ўсе замежныя сьвятары, плануючы паездку ў Беларусь як турысты ў бязвізавым рэжыме, пра гэта ведаюць.
«Немагчыма загадзя ведаць пра ўсіх сьвятароў, якія захочуць наведаць Беларусь як турысты», — заўважыў Уладыка Тадэвуш. Царкоўны ярарх задае пытаньне: калі такі замежны сьвятар прыходзіць у касьцёл і просіць дазвол у пробашча адслужыць набажэнства, што павінен рабіць пробашч? Паводле закону — адмовіць.
Мітрапаліт адзначыў, што ў выніку складваецца парадаксальная сітуацыя: замежны сьвятар, які прыехаў як турыст, можа прысутнічаць на сьв. Імшы як вернік, але, калі стане па іншы бок алтара і ўзначаліць літургію, ён становіцца парушальнікам закону. «У якім жа сьвятле замежны сьвятар будзе распавядаць пра Беларусь за мяжой? Я ня ведаю ніводнай краіны ў сьвеце, дзе існуе падобная норма, калі замежны сьвятар павінен прасіць дазвол ва ўлады на цэлебрацыю сьвятой Імшы», — сказаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Калі мы хочам, каб за намі замацаваўся пазітыўны імідж, гэтую норму трэба як мага хутчэй адмяніць, бо яна не адпавядае патрабаваньням часу, — заявіў мітрапаліт Кандрусевіч.