22.09.2014
Сьвяты Пасад нагадвае пра правы карэнных народаў
Сацыяльныя, асабістыя і духоўныя патрэбы 370 мільёнаў прадстаўнікоў карэнных народаў у 90 краінах ва ўсіх рэгіёнах сьвету здаўна хвалююць Сьвяты Пасад, падкрэсьліў падчас 27-й сесіі Рады па правах чалавека ААН архібіскуп Сільвана Тамазі.
Прадстаўнік Сьвятога Пасаду ў ААН архібіскуп Сільвана Тамазі 17 верасьня 2014 году ў офісе ААН у Жэневе нагадаў погляд Апостальскай Сталіцы, што ўсе магчымыя міжнародныя ініцыятывы павінны быць натхнёныя прынцыпам павагі да самабытнасьці і культуры карэнных супольнасьцяў, улічваць іх традыцыі і вераваньні і права вырашаць самастойна свой лёс у супрацоўніцтве з нацыянальнымі ўладамі.
Правы чалавека і асноўныя свабоды карэнных народаў, на жаль, працягваюць парушацца, адзначыў прадстаўнік Сьвятога Пасаду ў ААН, у тым ліку шляхам сістэмнай дыскрымінацыі і адчужэньня ад палітычнай і эканамічнай улады, адсутнасьці належнага доступу да правасуддзя і адукацыі, праз войны і экалагічныя катастрофы. Больш за тое, часта абаронцы правоў карэннага насельніцтва падвяргаюцца перасьледу і рэпрэсіям. Архібіскуп Тамазі нагадаў пра негатыўныя і разбуральныя наступствы для карэнных народаў дзейнасьці транснацыянальных карпарацыяў, перш за ўсё, у здабываючых галінах.
Каталіцкі ярарх зьвярнуў таксама ўвагу на пытаньне абароны інтэлектуальнай уласнасьці на культурную і фальклорную спадчыну карэннага насельніцтва. Гэтую спадчыну, якая ёсьць плодам калектыўнай творчасьці народу, сёньня нярэдка выкарыстоўваюць у камерцыйных мэтах хто заўгодна і без уліку інтарэсаў і правоў гэтай карэннай супольнасьці.

Ватыканскі дыпламат адзначыў прынцыповую пазіцыю Сьвятога Пасаду пра недапусьцімасьць любых спробаў маргіналізацыі карэнных народаў. Таксама ён выказаўся за прамое ўключэньне карэннага насельніцтва “у працэсы прыняцьця рашэньняў, зьвязаных з кіраваньнем прыроднымі рэсурсамі на іх тэрыторыі”, гарантаваньне “яго законных патрабаваньняў у сацыяльнай і культурнай сферах, галіне аховы здароўя”. Нельга ігнараваць таксама “патрэбнасьць прымірэньня карэнных народаў і грамадзтва, у якім яны жывуць”.
Сустрэча ў Жэневе прайшла напярэдадні першай Сусьветнай канферэнцыі па праблемах карэнных народах, якая адбудзецца 22-23 верасьня 2014 году ў Нью-Ёрку.