08.07.2014
У Данецку выкрадзены грэка-каталіцкі сьвятар
Ужо некалькі дзён на сувязь не выходзіць сакратар міжканфесійнай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Данецкай вобласьці, сьвятар УГКЦ Ціхан Кульбака.
“Учора раніцай а. Ціхан выехаў на сваім аўтамабілі ў невядомым кірунку, да гэтага часу на сувязь не выходзіць, тэлефон адключаны. Сваякам, сябрам і духавенству пра свае намеры пакінуць горад Данецк а. Ціхан не паведамляў, у парафіі, дзе звычайна ён служыць, не зьяўляўся”, — адзначыў занепакоены лёсам калегі пастар.
Сьвятар Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Ціхан Кульбака зьяўляецца адным з арганізатараў на цэнтральнай плошчы у Данецку штодзённага малітоўнага міжканфесійнага марафону за мір і адзінства ва Ўкраіне.
Як распавёў
Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ Уладыка Стэфан (Мянёк), Экзарх Данецкі, царкоўныя ўлады атрымалі інфармацыю, што айца Ціхана насільна ўтрымліваюць прадстаўнікі так званай “Данецкай Народнай Рэспублікі”, аднак дзе дакладна яго ўтрымліваюць — невядома. “Ужо некалькі дзён я спрабую знайсьці кагосьці, з кім можна было б весьці перамовы пра вызваленьне айца Ціхана, але ўсё безвынікова”, — канстатаваў грэка-каталіцкі ярарх.

Айцец Ціхан Кульбака актыўна вёў сваю старонку ў Facebook, дзе неаднаразова крытычна выказваўся пра дзеяньні так званай ДНР. Апошні яго запіс там датаваны 2 ліпеня. Раней у адрас грэка-каталіцкага сьвятара неаднаразова паступалі пагрозы. Так, на яго аўтамабілі намалявалі свастыку і напісалі “смерть бэндерам” (фота пра гэта зьмясьціў на сваёй старонцы ў Facebook пастар С. Касяк). Таксама яму дасылалі смс-паведамленьні, у якіх пагражалі расправай.
Данецкі экзарх выказаў глыбокую занепакоенасьць з прычыны гвалтоўнага ўтрыманьня а. Ціхана, паколькі сьвятар хварэе на дыябет і мае праблемы з сэрцам. “Як вядома, людзі з дыягназам дыябету маюць патрэбу ў штодзённым медыкаментозным лячэньні.

Таму мы вельмі перажываем і молімся, каб з нашым сьвятаром было ўсё добра”, — адзначыў Уладыка Стэфан. Ён заклікаў таксама ўсіх маліцца за найхутчэйшае вызваленьне а. Ціхана Кульбакі.
Позна ўвечары, 7 ліпеня Муфцій Духоўнага ўпраўленьня мусульман Украіны Саід Ісмагілаў на сваёй старонцы ў
Facebook паведаміў, што, дзякуючы намаганьням многіх людзей, а. Ціхан Кульбака знойдзены і цяпер з групоўкай баевікоў, што яго захапіла, трываюць перамовы пра вызваленьне сьвятара УГКЦ.
Муфцій таксама адзначыў, што грэка-каталіцкага сьвятара не адпускалі, таму што ён, у разуменьні актывістаў ДНР, адносіцца да катэгорыі асабліва вінаватых “злачынцаў”. “Усё астатняе ня можа разгалошвацца пакуль ідуць перамовы”, — падсумаваў Саід Ісмагілаў.