Друк
09.10.2013
Халдэйскі каталіцкі патрыярх заклікае Асірыйскую Царкву Ўсходу вярнуцца да поўнай еднасьці
 
Халдэйскі Патрыярх Вавілону Луіс Рафаэль I (Сака) даслаў віншавальны ліст Патрыярху Асірыйскай Царквы Ўсходу Мар Дынху IV (Хананіі) з нагоды яго дня народзінаў, які ён адзначаў 15 верасьня. У гэтым віншавальным пасланьні, паведамляе Agenzia Fides, усходне-каталіцкі патрыярх зьвярнуўся да Зьверхніка Асірыйскай Царквы таксама з вымоўным афіцыйным запрашэньнем распачаць шлях дыялогу дзеля аднаўленьня поўнай царкоўнай сулучнасьці паміж халдэйскай хрысьціянскай Супольнасьцю, якая знаходзіцца ў еднасьці з Біскупам Рыму, і асірыйскай Супольнасьцю.
 
“Карыстаюся нагодаю, — піша ў сваім пасланьні Патрыярх Сака, — каб выказаць жаданьне Халдэйскай Царквы распачаць дыялог аб еднасьці, якой жадае Ісус. Распачаць гэты дыялог асабліва важна сёньня, перад абліччам сур’ёзных выклікаў, што ўяўляюць пагрозу для нашага выжываньня. Бяз еднасьці няма будучыні для нас. Еднасьць можа дапамагчы захаваць нашую прысутнасьць (...). З даверам аддаю гэтае шчырае жаданьне ў рукі Вашай Сьвятасьці”.
 
У мінулым ужо меў месца багаслоўскі дыялог паміж Асірыйскай Царквой Усходу і Каталіцкай Царквой, які ў 1994 годзе прывёў да распрацоўкі Агульнай хрысталагічнай дэкларацыі. Тады Папа Ян Павел II і Патрыярх Map Дынха IV засьведчылі, што яны спавядаюць агульную веру ў Ісуса Хрыста і ў таямніцу Ўцелаўленьня. Да гэтага часу, аднак, экуменічны і эклезіялагічны двухбаковы дыялог паміж Халдэйскай Царквой і Асірыйскай Царквой Усходу, якія маюць адну і тую ж багаслоўскую, літургічную і духоўную спадчыну, ніколі афіцыйна не пачынаўся.
 
“Калі мы вызналі, што спавядаем тую самую веру, — адзначае халдэйскі каталіцкі Патрыярх Луіс Рафаэль I (Сака) ватыканскай інфармацыйнай службе Agenzia Fides, — то ў мяне паўстае пытаньне: што нам замінае, каб ісьці разам па шляху вызнаньня поўнай еднасьці паміж намі? Магчыма, неабходна выявіць трохі адвагі ў пошуках правільнага метаду. Я спадзяюся на магчымасьць сумеснай працы нашых Сінодаў, каб супрацьстаяць разам перад нашымі агульнымі праблемамі, такімі як уцёкі нашых вернікаў з земляў, адкуль яны паходзяць, і паступовае зьнікненьне агульнай спадчыны нашых Цэркваў. Чакаю з хваляваньнем адказу ад нашых асірыйскіх братоў”.
 
Халдэйская Каталіцкая Царква паўстала ў выніку аднаўленьня еднасьці з Рымам у 1552 годзе часткі ўсходняй нестарыянскай Царквы, якая называлася Царква Ўсходу. Літургічнай мовай у Царкве зьяўляецца арамейская, абрад належыць да ўсходнесірыйскага тыпу. Халдэйскія католікі (паводле дадзеных Annuario Pontificio іх 536 тыс.) — этнічныя асірыйцы, якія ў старажытнасьці размаўлялі на арамейскай мове, а сёньня ў большасьці карыстаюцца арабскай мовай, жывуць ў Іраку, Іране, Сірыі, Ліване, Турцыі, Ягіпце, Ізраілі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі і інш. краінах сьвету. Рэзідэнцыя іх патрыярха Луіса Рафаэля I Сака знаходзіцца ў Багдадзе.
 
Даўняя Царква Ўсходу падзелена сёньня яшчэ на Асірыйскую Царкву Ўсходу (каля 500 тыс. вернікаў) і Старажытную Царкву Ўсходу (існуе з 1968 году, мае каля 50-70 тыс. вернікаў), паміж якімі ў апошнія гады пачалося збліжэньне. Рэзідэнцыя патрыярха Асірыйскай Царквы Ўсходу ў сувязі з войнамі і нестабільнасьцю ў рэгіёне сёньня знаходзіцца ў Чыкага (ЗША).
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"