Друк
15.05.2022
Кардынал Кох пра вайну ва Ўкраіне: хрысьціяне заўсёды павінны служыць міру, а не падтрымліваць вайну
 
У інтэрв’ю для радыё Кёльнскай архідыяцэзіі «Domradio.de» кіраўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох падзяліўся сваімі поглядамі на дыялог з праваслаўем. «Я ніколі не пакіну надзею, што дыялог прынясе плён», — сказаў ён. «Але я лічу, што ў дыялогу мы павінны нарэшце абмеркаваць пытаньні, якія мы адкладаем убок: пытаньне адносінаў паміж Царквой і дзяржавай».
 
Папская Рада па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў мае два аддзелы: усходні і заходні. Галоўны прыярытэт цяпер — дыялог з праваслаўем, якое знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі з-за вайны ва Ўкраіне. Гэта падкрэсьліў старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі кардынал Курт Кох у інтэрв’ю радыё Кёльнскай архідыяцэзіі «Domradio.de».
 
Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў прызнаў, што з прычыны вайны ва Ўкраіне дыялог з Расейскай Праваслаўнай Царквой апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі. Паводле яго, гэты дыялог павінен працягвацца, каб нагадваць аб тым, што хрысьціяне заўсёды павінны служыць міру, а не падтрымліваць вайну. У гэтым кантэксьце важнай стала нядаўняя размова Папы з Патрыярхам Маскоўскім.
 
«Дыялог ні ў якім разе нельга перарываць, бо гэта адзіны спосаб выкласьці ўласную пазіцыю. Францішак вельмі ясна даў зразумець падчас відэазванка, што ён удзячны за сустрэчу. Затым ён сказаў: мы не капеланы дзяржавы, а пастыры народа, і таму ў нас няма іншага пасланьня, акрамя як спыніць вайну. Гэта быў вельмі выразны пасыл. Але ці дайшоў ён да Патрыярха, сказаць не магу», — адзначыў кардынал Курт Кох.
 
Ватыканскі ярарх лічыць, што настаў момант абмеркаваць з праваслаўнымі пытаньне пра адносіны паміж дзяржавай і Царквой. «У нас на гэты конт дзьве абсалютна розныя канцэпцыі. На Захадзе мы вымушаны былі засвоіць, што адэкватныя адносіны паміж Царквой і дзяржавай — гэта аддзяленьне Царквы ад дзяржавы пры адначасовым партнёрстве абодвух суб’ектаў. Такі падыход ня ведаюць на Ўсходзе, у праваслаўі. Там гаворыцца пра царкоўна-дзяржаўную сімфонію. І гэтая канцэпцыя ляжыць у аснове цяперашніх падзеяў», — заўважыў кардынал Курт Кох. Падзеі ва Ўкраіне сур’ёзна ставяць пад сумнеў гэтую праваслаўную канцэпцыю царкоўна-дзяржаўнай сімфоніі, — адзначыў кардынал.
 
Дзелячыся думкамі пра перашкоды на шляху да еднасьці хрысьціянаў, ватыканскі ярарх заўважыў, што «ня ўсе хрысьціяне сапраўды хочуць еднасьці або маюць вельмі розныя ўяўленьні пра еднасьць». «Я думаю, што існуюць розныя канцэпцыі еднасьці», — патлумачыў ён. — «Каталіцкая Царква лічыць, што мы павінны знайсьці еднасьць у веры, у таінствах і ў апостальскім служэньні. Але ёсьць і іншыя ідэі. Нямала Цэркваў, якія паўсталі ў выніку Рэфармацыі, трымаюцца ідэі, што мы ўзаемна вызнаем усе царкоўныя рэаліі, якія існуюць як Цэрквы. Усе агулам гэтыя існуючыя Цэрквы і зьяўляюцца адзінай Царквой Ісуса Хрыста. Гэта вельмі розныя ідэі, і таму мы павінны па-новаму падумаць пра гэта: чаго мы сапраўды хочам? Якая мэта?»
 
На гэтым шляху, паводле словаў кардынала, Каталіцкая Царква таксама павінна вучыцца, перш за ўсё, вучыцца «жыць еднасьцю ў разнастайнасьці». А іншыя Цэрквы, на яго думку, павінны задумацца над тым, «што значыць шукаць еднасьці ў той разнастайнасьці, якую яны маюць».
 
Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў таксама заўважыў: «Калі я браўся за гэтую задачу дзесяць гадоў таму, я выбраў сьпецыяльнага патрона, ім стаў Майсей. Таму што Майсей вёў свой народ паўсюль, нават праз пустыню, і ў яго не было іншага заданьня, як весьці народ у зямлю абяцаную. Сам ён ужо ня змог туды ўвайсьці. Але ён ніколі не здаваўся з-за гэтага. І я думаю, што перад намі зямля абяцаная — гэта хрысьціянская еднасьць. Я ня думаю, што я ўбачу гэта пры жыцьці. Але гэта ня значыць, што вы павінны здавацца. Альтэрнатывы няма. Хрысьціянская еднасьць — гэта воля Госпада. І мы павінны быць Яму паслухмянымі, каб нанова адкрыць у гісторыі гэтую парушаную еднасьць».
 
Фота: Harald Oppitz, KNA.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"