Друк
18.09.2021
Сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ў Будапешце. Заключны прэс-рэліз
 
З 4 па 8 верасьня 2021 году паралельна з 52-м Міжнародным Еўхарыстычным кангрэсам у Будапешце адбылася штогадовая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы, якая праходзіла пры падтрымцы Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы. Сёлета яна аднавіла сваю дзейнасьць пасьля вымушанага пераносу леташняга мерапрыемства праз надзвычайную сітуацыю, выкліканую пандэміяй COVID-19.
 
Тэма, прапанаваная для разважаньняў — «Сінадальнасьць і сулучнасьць» («Sinodalità e Comunione»), і вакол яе адбываліся розныя канферэнцыі ў залі, разважаньні і дыскусіі паміж усходнімі каталіцкімі біскупамі. Былі прадстаўленыя Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы з Украіны, Польшчы, Чэхіі і Славакіі, ад Баўгарыі і Харватыі аж да Грэцыі, Паўднёвай Італіі, ад Румыніі да Беларусі і Арменіі. На сустрэчы таксама прысутнічалі прадстаўнік Мелхіцкай Царквы Антыёхіі — мелхіцкі патрыярх Юсэф Абсі і прадстаўнік Сірыйскай Каталіцкай Царквы ў еўрапейскай дыяспары.
 
Прысутныя біскупы, якія прыехалі з розных і вельмі складаных рэаліяў, як падчас пасяджэньняў, так і ў нефармальных размовах ды на разнастайных сустрэчах у гэтыя дні, змаглі падзяліцца праблемамі і спадзяваньнямі, цяжкасьцямі і, магчыма, нават супярэчнасьцямі, з якімі яны, штодня жывучы верай у краінах свайго паходжаньня, як пастыры Цэркваў, сутыкаюцца і намагаюцца вырашаць пры абвяшчэньні Евангельля.
 
У дадатак да афіцыйнай тэмы сустрэчы «Сінадальнасьць і сулучнасьць», якая суправаджалася рознымі выкладамі, у многіх прамовах і падчас больш нефармальнага непасрэднага абмену думкамі, разглядаўся перажыты і, на жаль, яшчэ актуальны досьвед падчас пандэмічнага крызісу з яго наступствамі ў канкрэтным душпастырстве памесных Цэркваў.
 
Адкрыцьцё Сустрэчы адбылося ў нядзелю, 5 верасьня, вітаньнямі ад вянгерскага грэка-каталіцкага мітрапаліта Філіпа Кочыша, ад Апостальскага нунцыя ў Венгрыі архібіскупа Майкла Огаста Блюма і ад архібіскупа Эстэргомскага і Будапешцкага кардынала Петэра Эрдзё. Пачэсны архібіскуп Генуі і старшыня Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы (CCEE) кардынал Анджэла Баньяска адкрыў інаўгурацыйную канферэнцыю з асьвятленьня тэмы «Еўхарыстыя і сулучнасьць». У сваёй прамове кардынал Баньяска разглядзеў гэтае пытаньне ў шасьці тэзах, якія выяўляюць цесную біблійную, тэалагічную і эклезіялагічную сувязь паміж Еўхарыстыяй і сулучнасьцю. Выступоўца зьвярнуў увагу на кантраст, які прысутнічае ўжо ў біблійным кантэксьце і які захоўваецца па сёньняшні дзень, паміж грахом, які падзяляе, і любоўю, якая яднае. Ён таксама падкрэсьліў цэнтральную ролю асобы Хрыста як адзінай і фундаментальнай сувязі ў паяднаньні паміж хрысьціянамі ў прыватнасьці і паміж людзьмі ў цэлым, каб глядзець на сьвет вачыма Хрыста.
 
Навуковыя лекцыі прапанаваў айцец Рабэрта Рэполе, які зьвярнуўся да тэмы «Еўхарыстычны сход і сінадальны сход: супольнае дзеяньне Сьвятога Духа». Дакладчык вырашыў раскрыць сваю тэму, пачаўшы з дзьвюх частак: Еўхарыстыі як lex orandi і Царквы як дома, як будынка, але перш за ўсё — як Цела Хрыстова. Ён падкрэсьліў ролю літургічнага сходу. Гаварыў пра еўхарыстычную эклезіялогію, якая нараджаецца з дару Духа Сьвятога, пра сакраментальную ролю літургічнага сходу. Затым праф. Стэфана Парэнці прапанаваў аналіз тэмы «Сулучнасьць у Духу ў анафарах сьвятога Васіля і сьвятога Яна Залатавуснага: тэксты, тэалогія і практыка». Прафесар раскрыў ролю пнеўматычнай прысутнасьці, у прыватнасьці, у эпіклезе дзьвюх анафараў, падкрэсьліўшы ролю Сьвятога Духа ў асьвячэньні вернікаў і прынясеньні дароў. Першая частка дня таксама была прысьвечана прэзентацыі розных Цэркваў sui juris, у прыватнасьці, гісторыям пра тое, як кожная з іх жыла і жыве ва ўмовах крызісу, выкліканага пандэміяй, з аналізам усіх праблемаў душпастырства ў розных парафіяльных рэаліях кожнай з Усходняй Каталіцкай Царквы, выкліканых месяцамі каранціну. Напрыканцы мерапрыемстваў у галоўнай зале з прамовай выступіў Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук), Вярхоўны архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які разгледзеў тэму «Практычныя асьпекты сінадальнасьці». У сваім выступе зьверхнік УГКЦ зьвярнуў увагу на некаторыя практычныя асьпекты сінадальнай дзейнасьці ўнутры Ўкраінскай Царквы, якая дзейнічае па ўсім сьвеце. Пасьля прапанаванага вышэй lex orandi (правіла малітвы), у яго дакладзе было разгледжана lex agendi (правіла дзеяньняў) як практычная і канкрэтная праява сінадальнасьці.
 
Падчас працоўных сустрэчаў, асабліва ў другой палове дня, біскупы прымалі ўдзел у рэлігійных і культурных мерапрыемствах, зьвязаных з Міжнародным Еўхарыстычным кангрэсам, які адбываўся ў Будапешце ў гэтыя ж дні. На выдатнай выставе пра Вянгерскую Грэка-Каталіцкую Царкву наведвальнікі агледзелі абразы і прадметы культу, якія паказалі мастацкую, іканаграфічную і багаслоўскую разнастайнасьць у XVI - XXI стагоддзях. Потым адбыўся канцэрт выдатнага сваім узроўнем і выкананьнем хору Сьвятога Ахрэма, які выканаў больш чым на 15 мовах сьпевы розных літургічных традыцыяў з розных краінаў сьвету. Пасьля канцэрту ўдзельнікі сустрэліся з Прэзідэнтам Вянгерскай Рэспублікі Янашам Адэрам і прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам, якія прысутнічалі на канцэрце.
 
Сьвяткаваньне Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, якое завяршала сустрэчу, пачалося 7 верасьня з Вячэрні ў грэка-каталіцкай царкве ў Гёдольле (Gödöllő), а на наступны дзень была Ютрань у парафіяльнай царкве на плошчы Ружаў, якая завершылася візантыйскай Боскай Літургіяй, якую ўзначаліў Патрыярх Юсэф Абсі ў мітрапалічай катэдры сьв. Стэфана ў Будапешце.
 
Сустрэча ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы ў гэты, па-ранейшаму трывожны 2021 год, з аднаго боку, выявіла цяжкасьці, пакуты і праблемы, выкліканыя пандэміяй Covid-19, а з другога - надзею, жаданьне, імкненьне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы пачаць новае жыцьцё, якое будзе і ўжо ёсьць дарам Госпада, Які любіць і абараняе сваю Царкву, бо Ён заўжды зьяўляецца для нас лекарам нашай душы і нашага цела, як мы молімся на Боскай Літургіі.
 
Таксама было вызначана месца сустрэчы, запланаванай на наступны 2022 год. Прапануецца правесьці яе ў Арменіі ў верасьні 2022 году ў дні, якія будуць вызначаны пазьней. Тэмай для разгляду будуць разважаньні пра сям’ю ў сучасным сьвеце.
 
Прысутнасьць Сьвятога Духа, да якога зьвяртаюцца ў эпіклезе на Боскай Літургіі, у кантэксьце Міжнароднага Еўхарыстычнага кангрэсу тымі днямі стала крыніцай еднасьці з Госпадам і з пастырамі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, каб і мы, біскупы і айцы нашых Цэркваў, былі крыніцай еднасьці і абвяшчэньня Евангельля.
 
Паводле інфармацыі Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы (Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae).
Фота: Zita Merényi / Magyar Kurír.
 
Фота з грэка-каталіцкай сьв. Літургіі ў рыма-каталіцкай катэдры сьв. Стэфана падчас 52-га Міжнароднага еўхарыстычнага кангрэсу з удзелам амаль сарака біскупаў і ста шасьцідзесяці сьвятароў, а таксама іншыя фота — з сайту Nyíregyházi Egyházmegye.
 
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"