Друк
02.10.2013
Ліст Сіноду біскупаў УГКЦ каталіцкім ярархам Беларусі з нагоды 1025-годдзя Хрышчэньня Русі
 
Вярхоўны Архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў (Шаўчук) ад імя Сіноду УГКЦ накіраваў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ліст з нагоды 1025-годдзя Хрышчэньня Русі. Гэты ліст ёсьць сьведчаньнем хрысьціянскай сулучнасьці хрысьціянскіх Цэркваў Украіны і Беларусі і зьяўляецца адказам украінскіх грэка-каталіцкіх біскупаў на віншавальны ліст каталіцкіх ярархаў Беларусі з нагоды гэтай знакавай падзеі ў гісторыі хрысьціянства ва Ўсходняй Еўропе.
 
Ніжэй прапануем тэкст гэтага пасланьня.
 
Яго Эксцэленцыі біскупу Аляксандру Кашкевічу
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
 
Высокадастойныя Ўладыкі, дарагія Браты ў біскупстве!
 
Гэтымі днямі Мітрапаліты, архібіскупы і біскупы Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Першаярахам Царквы праводзяць сьвяты Сінод у Кіеве. Гэты Сінод зьвязаны з усенародным паломніцтвам да кіеўскіх сьвятыняў у 1025-ты год Сьвята-Ўладзіміравага Хросту з асьвячэньнем Патрыяршага сабору Ўваскрасеньня Хрыстовага.
 
Сардэчна дзякуем вам за ліст ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, які стаў сьведчаньнем шчырых і братэрскіх адносінаў паміж Рыма-Каталіцкім Касьцёлам у Беларусі і УГКЦ. Таксама шчыра дзякуем вам за вялікае спрыяньне і падтрымку для дастойнага архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі, а таксама для сьвятароў і вернікаў усходняй традыцыі ў няпростай справе аднаўленьня парафіяў і структураў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
У год 1025-годдзя Хросту Русі гістарычная памяць вяртае нас у мінулае. Падзея Хросту кіянаў у Дняпры 988 года сьвятым і вялікім князем Уладзімірам паўплывала на гістарычны лёс ня толькі жыхароў Кіева, але і ўсёй тагачаснай Русі, у якой жылі продкі як украінцаў, так і беларусаў. Царква, якая паўстала ў працэсе хрысьціянізацыі Русі – Кіеўская Мітраполія – сталася і застаецца да сёньняшняга дня духоўнай бацькаўшчынай нашых народаў. Кіеўскае хрысьціянства заклала падмуркі ўкраінскай і беларускай нацыянальна-культурных ідэнтычнасьцяў. Місіянеры Кіеўскай Царквы пашырылі хрысьціянства сярод суседніх народаў, запаліўшы і для іх сьвятло Хрыстовага Евангельля. На працягу стагоддзяў нас аб’ядноўваў ня толькі Кіеў – маці гарадоў рускіх і цэнтар хрысьціянскіх паломніцтваў, але і Вільня, дзе супрацоўнічалі паміж сабою мітрапаліт Язэп з Руты ды ераманах Язафат з Уладзіміра-Валынскага. Нас асабліва аб’яднала беларускае Берасьце, у якім нашыя продкі саборна пацьвердзілі іхнюю сулучнасьць (communio) з Рымскім Касьцёлам. Нас аб’ядноўваюць мучанікі ды вызнаўцы царкоўнай еднасьці. Гэта слаўная і велічная супольная гісторыя.
 
У наш час беларусы, як і ўкраінцы, належаць ня толькі да Грэка-Каталіцкай (Унійнай), але і да Рыма-Каталіцкай ды Праваслаўнай Цэркваў, а таксама і да розных пратэстанцкіх канфесіяў. Так склалася ў выніку як асабістага выбару, так і пэўных гістарычных абставінаў. Але юбілей Хросту вяртае нас усіх да крыніцаў, да супольных духоўных каранёў. Гэта нашае супольнае сьвята. Таму шчыра віншуем з юбілеем нашых братоў па веры і традыцыі – беларускіх католікаў. Няхай Багародзіца, праслаўленая ў Жыровіцкай і Зарваніцкай іконах, будзе нябеснай апякункай нашага супрацоўніцтва. Асабліва даручаем гэтае супрацоўніцтва пакрову Будслаўскай іконы Багародзіцы ў 400-годдзе яе прыбыцьця ў гэтае сьвятое месца, а таксама сьвятамучаніку Язафату, архібіскупу Полацкаму, у 390-годдзе яго мучаніцтва за еднасьць Цэркваў. А сьвятыя Кірыла і Мятод, асьветнікі славянаў, у 1150-годдзе пачатку іхняй славянскай місіі няхай бласлаўляюць усе пачынаньні нашых Цэркваў у справе новай евангелізацыі ўкраінцаў і беларусаў – членаў і ўдзельнікаў еўрапейскай хрысьціянскай супольнасьці.
 
З хрысьціянскім прывітаньнем і выразамі братняй любові
 
+ СЬВЯТАСЛАЎ (Шаўчук)
16.08.2013
 
Паводле Catholic.by.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"