Друк
18.07.2020
Цаніце сёньняшні дзень
 
Разважаньне над Словам Божым, пра нашае жыцьцё, дзень сёньняшні і будучае ды пра ўзнагароду за выкананьне запаведзяў беларускага грэка-каталіцкага сьвятара з Бельгіі а. Івана Майсейчыка.
 
«...Пётра ўзяў слова і сказаў Ісусу:
“Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой; што мы за гэта атрымаем?”...» (Мц 19, 27).
 
Людзкая хада за Ісусам падразумявае «баш на баш», то бок жадае і разьлічвае на плату за сваю хаду. Будучая ўзнагарода вабіць рабіць выбар на карысьць гэтае хады і прымушае жыць у ценю «сьветлага будучага».
 
Між тым, узнагародай для Пятра і іншых апосталаў была прысутнасьць у іхнім жыцьці Бога, узнагародай, якая была «тут і цяпер» і якую яны быццам бы недаацэньвалі ці не заўважалі, пытаючыся пра будучую зарплату за сваё вандраваньне.
 
Мы чакаем узнагароды за выкананьне запаведзяў, аднак самі запаведзі ёсьць узнагародай, і яны ня столькі пра прышласьць, колькі пра цяперашнасьць.
 
Запаведзі, як і добрае выхаваньне, — ужо самыя па сабе бясцэнны скарб, дар, ад якога нам робіцца добра ўжо зараз. І гэта яны вызначаюць ня толькі нашую адлегласьць да/ад Бога, але і да/ад людзей, то бок наш сацыяльны сьвет і кола стасункаў, разам з іхнім узроўнем.
 
Занадта часта думаючы пра будучае, канцэнтруючы на ім сваю ўвагу і мэту (што, безумоўна, таксама непазьбежна), ня цэнім «сёньня», у якім зьдзяйсьняецца нашая хада і ў якім мы маем шчасьце бачыць плечы Госпада, а ня толькі чуць і асэнсоўваць аповеды пра Ягонае некалішняе жыцьцё на зямлі. Сёньняшняе падобнае да здароўя: яго не заўважаюць і ня цэняць пакуль ня страцяць.
 
Нясьледаваньне за Ісусам, жыцьцё не паводле запаведзяў, ізноў жа, ня столькі пра будучую кару, колькі пра нямірнае, неспакойнае, нешчасьлівае цяперашняе, у якім чалавек «сам у сабе атрымоўвае належную адплату».
 
Цаніце сёньняшні дзень і сваё пакліканьне Хрыстом, і ў будучым Ён не пакрыўдзіць.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"