Друк
18.09.2019
Дзяржсакратар Ватыкану: Усходнія Каталіцкія Цэрквы — гэта багацьце для ўсёй Каталіцкай Царквы і незаменныя ў сапраўдным экуменічным дыялогу
 
«Роля Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у кантэксьце экуменічных адносінаў: паміж душпастырскім служэньнем і дыпламатыяй» — такой была тэма дакладу кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага сакратара Сьвятога Пасаду, на Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы, якая адбылася ў Рыме 12—14 верасьня 2019 году.
 
Як паведамляе Сакратарыят Зьверхніка УГКЦ у Рыме, Дзяржаўны сакратар Сьвятога Пасаду кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у другой сесіі працоўных пасяджэньняў Сустрэчы ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы 12 верасьня.

Дзяржсакратар Яго Сьвятасьці Папы Францішка ў сваім дакладзе зьвярнуў увагу на тое, што для дыпламатыі Сьвятога Пасаду і экуменічнага шляху ключавымі паняцьцямі зьяўляюцца мір, прабачэньне, надзея, прыярытэт асобы, абарона чалавечай годнасьці, а супольным метадам — дыялог, які прадугледжвае жаданьне «сустрэцца на ўзроўні праўды ў любові». Ярарх падкрэсьліў ўзаемасувязь паміж экуменізмам і дыпламатыяй: іх аб’ядноўвае «больш шырокая прастора, чым мы сабе ўяўляем». «Агульны метад у дыпламатыі і экуменічным дыялогу — гэта сам дыялог», — сказаў кардынал Паралін, адзначыўшы, што «гэты метад ня мае ніякай іншай альтэрнатывы». Разам з тым неабходна адрозьніваць ўзроўні, на якіх дзейнічаюць экуменізм і дыпламатыя, інакш ёсьць рызыка «зьмяшаць палітыку і веру». Гэта можа выяўляцца ў «выкарыстаньні рэлігіі як прынады або нагоды для дасягненьня палітычных інтарэсаў», у «бессаромным выкарыстаньні мастацтва дыпламатыі... і ажыцьцяўленьні палітыкі не як формы любові, а як сродка для дасягненьня асабістых інтарэсаў ці інтарэсаў алігархаў» з дапамогай народнай пабожнасьці і рэлігійных пачуцьцяў народу.
 
Кардынал Паралін патлумачыў сьпецыфіку ватыканскай дыпламатыі, якая «аб’яднаная з тэмай экуменізму ўласна праз метад», які, на яго думку, павінен быць галоўным у абедзьвюх сферах: гэта «дыялог, які вядзе да сустрэчы ў праўдзе і любові». Дабрадзейнасьць, якая павінна характарызаваць экуменічны і дыпламатычны дыялог, — гэта цярплівасьць. Ватыканскі ярарах працытаваў словы свайго папярэдніка кардынала Агасьціна Казаролі, які ў свой час вызначыў формулу дыпламатычных адносінаў яшчэ з Савецкім Саюзам: «мучаніцтва цярплівасьці».
 
Дзяржсакратар Сьвятога Пасаду заўважыў, што як у экуменізьме, так і ў дыпламатыі дыялог  «сілкуецца надзеяй і цярпеньнем». У прыватнасьці, ярарх спаслаўся на плён сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірылы ў Гаване і на прынятую сумесную дэкларацыю. «Мы ведаем усе крытычныя пункты, — дадаў кардынал, — і да іх трэба падыходзіць спакойна і цярпліва».

Ватыканскі ярарах у сваім дакладзе таксама паставіў пытаньне: якая роля Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ў сучаснай геапалітычнай канфігурацыі паміж экуменізмам і дыпламатыяй? Каб адказаць на гэтае пытаньне, мяркуе галоўны дыпламат Ватыкану, неабходна ўлічваць асаблівасьць сітуацыі саміх Усходніх Цэркваў. «Практычна ўсе яны знаходзяцца на тэрыторыі геапалітычнай напружанасьці. Ад Блізкага Ўсходу да Ўсходняй Еўропы і Індыі Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы разам з сваімі праваслаўнымі братамі і іншымі канфесіямі жывуць у небясьпечных для хрысьціянаў зонах».
 
Другім важным элементам зьяўляецца гісторыя Ўсходніх Цэркваў. Кардынал Паралін адзначыў «асаблівую любоў Усходніх Цэркваў славянскага паходжаньня да Апостальскай Сталіцы, якую яны засьведчылі праз цярпеньні і перасьлед, даючы Царкве і сьвету найлепшыя сьведчаньні мучаніцтва».
 
Трэці асьпект, які вызначае ролю Ўсходніх Цэркваў у сучасных працэсах экуменічнага дыялогу, — гэта сама прырода гэтых Цэркваў. «Усходнія Каталіцкія Цэрквы каштоўныя ў экуменічным дыялогу менавіта праз іхняе існаваньне як факт сустрэчы з Праваслаўнымі Цэрквамі». Кардынал Паралін назваў «утапічным ці нават бажавольным тое, што ў пэўных колах само існаваньне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў трактуецца як перашкода ў экуменічным дыялогу». Паводле словаў Дзяржаўнага сакратара Апостальскага Пасаду, «Усходнія Каталіцкія Цэрквы зьяўляюцца ня толькі багацьцем для ўсёй Каталіцкай Царквы, але і незаменныя для ўказаньня правільных арыенціраў для плённага экуменічнага дыялогу».
 
Аналізуючы розныя цяжкасьці, з якімі сутыкаюцца Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы на шляху экуменічнага дыялогу, кардынал Паролін падкрэсьліў, што надзвычай неабходнай зьяўляецца дабрадзейнасьць цярплівасьці, у якой «Усходнія Каталіцкія Цэрквы былі, ёсьць і будуць для нас заўсёды як маці і настаўнікі». «Існуе вельмі шмат церняў, якія раняць спробы дыялогу, шмат цяжараў на плячах, якія трэба несьці, каб дасягнуць трывалых вынікаў», — сказаў ён. Цярплівасьць, якая адначасова зьяўляецца «сьведчаньнем і пакутамі», умацоўвае дыялог, адзначыў Дзяржсакратар Сьвятога Пасаду.

Асаблівую ўвагу кардынал Паралін надаў у сваім дакладзе стасункам з Расейскай Праваслаўнай Царквой, «без якіх нельга абыйсьціся». Гэта тлумачыцца ня толькі экуменічнымі прычынамі, але і «геапалітычнай роляй Расейскай Федэрацыі на міжнароднай арэне». «Крызіс паміж Украінай і Расеяй — тэма, якая, як мы ведаем, асабліва ёсьць далікатнаю, яшчэ больш накіроўвае нашую ўвагу да неабходнасьці працягу дыялогу з РПЦ», — адзначае словы Дзяржсакратара Сьвятога Пасаду расейская рэдакцыя «Vatican News».

Акрамя таго, паводле ярарха, немагчыма пакінуць па-за ўвагай духоўную і багаслоўскую спадчыну РПЦ, якая аказала ўплыў на ўсю Еўропу і надала новы імпульс заходняму хрысьціянству. У гэтым сьвятле «яшчэ больш незаменнай уяўляецца роля Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў», падкрэсьліў кардынал Паралін: у іх ёсьць магчымасьць «сустракацца з праваслаўнымі Цэрквамі, выкарыстоўваючы тыя ж «граматычныя правілы веры», але з свабодаю і сусьветным сьветапоглядам, што можа прынесьці толькі карысьць.
 
Фота: Медыярэсурс УГКЦ.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"