Друк
27.10.2013
Ярархі Ўсходніх Цэркваў пра евангелізацыю культуры
 
У Славакіі ў Кошыцах 17-20 кастрычніка 2013 году адбылася традыцыйная штогадовая сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы. Тэма, якую сёлета абмяркоўвалі ярархі, закранала пытаньні евангелізацыі культуры і інкультурацыі Евангельля ў сьвятле спадчыны сьвятых Кірылы Мятода.
 
Катэдральны грэка-каталіцкі храм у Кошыцэ (Славакія).
У 2013 годзе спаўняецца 1150 гадоў ад пачатку славянскай місіі сьвятых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, апекуноў Еўропы і настаўнікаў славянаў, у Вялікай Маравіі, і таму месцам сінаксы быў абраны горад Кошыцэ ў Славакіі. Акрамя таго, у 2013 годзе Кошыцэ абралі культурнай сталіцай Еўропы.
 
У гэтай сустрэчы ўдзельнічалі шматлікія ярархі Каталіцкіх Цэркваў Еўропы візантыйскага абраду, але былі і прадстаўнікі іншых традыцыяў, у прыватнасьці Мараніцкай Царквы Кіпру. У сінаксе ўдзельнічаў і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), як прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Гаспадаром сустрэчы быў Кошыцкі грэка-каталіцкі біскуп Уладыка Мілан Хаўтур. Акрамя штодзённых набажэнстваў у катэдральным грэка-каталіцкім храме Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы і ў іншых грэка-каталіцкіх сьвятынях гораду Кошыцэ ярархі слухалі даклады і ўдзельнічалі ў дыскусіях, наведалі выставу візантыйскага мастацтва, пабывалі на экуменічным канцэрце і сустрэліся з лацінскім архібіскупам Кошыцэ.
 
Усходнія каталіцкія ярархі на сустрэчы ў Кошыцэ (Славакія).
Дакладчыкамі на сустрэчы ярархаў выступілі: кардынал Ёзаф Томка, былы прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, які прадставіў даклад “Евангелізацыя культуры”; архібіскуп Цырыл Васіль, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, які гаварыў пра місію сьвятых Кірылы і Мятода і сучасныя выклікі; Апостальскі экзарх для каталікоў візантыйскага абраду ў Грэцыі Ўладыка Дзімітрыяс Салахас расказаў пра місію Настаўнікаў славянаў у сьвятле царкоўных дакументаў, а айцец-езуіт Юрай Дуфка з Цэнтру духоўнасьці Ўсход — Захад у Кошыцэ распавядаў прысутным пра мастацтва як інструмент для евангелізацыі.
 
Па выніках сустрэчы ў Кошыцэ ўсходнія каталіцкія ярархі падрыхтавалі сваё пастырскае пасланьне да вернікаў.
 
20 кастрычніка 2013 году ўсходнія каталіцкія ярархі Еўропы пабывалі ў малой грэка-каталіцкай базыліцы ў Міхалёўцах, дзе адслужылі Боскую Літургію, а затым яны зрабілі пілігрымку ў Клакачоў — адно з найбольш значных месцаў паломніцтва славацкіх грэка-католікаў, дзе захоўваецца шанаваная ікона Багародзіцы.
 
Пасланьне ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы
 
Біскупы Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы сабраліся сёлета, у 1150-ыя ўгодкі прыбыцьця сьвятых Кірылы і Мятода да славянскіх народаў, у Кошыцах — культурнай сталіцы Еўропы 2013 году, на сваю штогадовую сустрэчу пад патранатам Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы і на запрашэньне мясцовага грэка-каталіцкага япарха. Тэмай сустрэчы стала евангелізацыя культуры. Біскупы мелі нагоду па-новаму паглядзець на евангелізацыйную місію двух сьвятых грэцкіх братоў, зьвярнуўшы ўвагу на актуальныя выклікі, з якімі сустракаюцца Цэрквы Еўропы на мясцовым узроўні.
 
Напрыканцы гэтай сустрэчы біскупы зьвяртаюцца да сваіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі з гэтым пасланьнем надзеі, міласэрнасьці ды любові.
 
Глыбока перакананыя ў актуальнасьці пасланьня сьвятых Кірылы і Мятода, хочам яшчэ раз падкрэсьліць і нагадаць пра хрысьціянскія карані Еўропы. Еўрапейская цывілізацыя і культура, адарваныя ад збаўчага Хрыстовага Евангельля, ня змогуць збудаваць моцнага чалавечага грамадзтва, заснаванага на маральных, этычных і сямейных каштоўнасьцях, якія зьяўляюцца гарантамі справядлівасьці і міру сярод народаў. Культура бяз Бога вядзе чалавека да адчаю і сьмерці. Мы прапануем культуру жыцьця і надзеі — культуру, якая здатная ахапіць чалавека ва ўсіх яго вымярэньнях і стварыць братэрства, любоў, сяброўства і салідарнасьць, асабліва ў адносінах да беднага, эмігранта і пакінутага. Сапраўды годная культура — гэта культура, якая ўключае ў сябе культ Бога, Бога, Які любіць кожнага чалавека, за якога Ён аддаў жыцьцё і перамог сьмерць Сваім слаўным Уваскрасеньнем.
 
Мы добра ведаем праблемы нашых народаў, крызіс, у якім знаходзіцца ўвесь еўрапейскі кантынент, тэрарызм і ўзброеныя канфлікты, палітычную барацьбу і расізм. Крызіс ня толькі эканамічны, але і духоўны. Мы, хрысьціяне, у нашай ідэнтычнасьці католікаў усходніх абрадаў, пакліканыя быць найбольш праўдзівымі сьведкамі багатай спадчыны нашых Айцоў, якую засьведчылі шматлікія нашыя пастыры і браты. Хочам з радасьцю і энтузіязмам абвяшчаць Добрую Вестку Божай Любові да ўсіх. Мы маем патрэбу ў Богу, каб знайсьці сэнс нашага існаваньня на гэтай зямлі. Ніхто ня можа несьці свой крыж сам, толькі з Богам і з братамі. Таму хочам падкрэсьліць, што Хрыстос ня ёсьць далёкім ад нашага жыцьця. Ён просіць давяраць Яму. У нашых жыцьцёвых клопатах мы знаходзім у Ім скалу, на якую можам абаперціся.
 
Жывы досьвед Уваскрослага Хрыста быў крыніцай, з якой нарадзіўся абавязак хрысьціянаў будаваць еўрапейскую культуру. Сёньня, як і ўчора, мы, усходнія каталіцкія біскупы Еўропы, сьведчым пра нашую добрую волю супрацоўнічаць для фармаваньня культуры сустрэчы і дыялогу, заснаванай на праўдзе, свабодзе, справядлівасьці, павазе і цярпімасьці.
 
У еўрапейскім кантэксьце нашыя ўсходнія каталіцкія царкоўныя Супольнасьці і кожны вернік асабіста пакліканыя Божым Провідам працягваць евангелізацыйную місію сьвятых Кірылы і Мятода, рэалізуючы неабходнае ўнутранае абнаўленьне і гарманічнае разьвіцьцё, распачатае Другім Ватыканскім Саборам. Такім чынам нашыя багатыя традыцыі не застануцца толькі помнікам, якім захапляюцца і пра які памятаюць, але стануцца крыніцай жыцьця, здатнай аздаравіць еўрапейскую культуру, якая робіцца ўсё больш дэхрысьціянізаванай і секулярызаванай.
 
Падчас нашай сустрэчы мы з занепакоенасьцю глядзелі на драматычнае становішча, якое церпяць нашыя браты-хрысьціяне Блізкага Ўсходу і, у прыватнасьці, Сірыі. Разам з Сьвятым Айцом і мясцовымі біскупамі, мы молімся, каб распачаўся рашучы дыялог і каб да малітвы былі далучаныя палітычныя рашэньні, заснаваныя на справядлівасьці і павазе да розных рэлігійных супольнасьцяў, што павінна прывесьці да неадкладнага спыненьня агню, адмовы ад усіх формаў гвалту і ў рэшце рэшт да прыпыненьня ўвозу зброі, што падтрымлівае вайну ў краіне.
 
Праз заступніцтва Маці Божай і сьвятых Кірылы і Мятода, заклікаем мір нашага Госпада на ўсіх людзей нашага кантыненту.
 
Кошыцэ, 19 кастрычніка 2013 г.
Удзельнікі сустрэчы ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ў Кошыцэ (Славакія).
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"