Друк
01.12.2021
«Кожны мае права на існаваньне». Апостальскі нунцый памаліўся разам з менскімі грэка-католікамі
 
У нядзелю, 28 лістапада 2021 году Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Антэ Ёзіч наведаў грэка-каталіцкую парафію сьвятога і праведнага Язэпа ў Менску.
 
Візіт прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне ў гэтую супольнасьць быў прымеркаваны да сьвята сьвятога апостала Андрэя, якога асаблівым чынам ушаноўваюць хрысьціяне візантыйскай традыцыі і з нагоды 425-годдзя Берасьцейскай уніі.
 
Раней тут неаднаразова былі папярэднія нунцыі ў нашай краіне, а ў чэрвені 2008 году разам з беларускімі грэка-католікамі маліўся Дзяржаўны сакратар Яго Сьвятасці Папы Бенядыкта XVI кардынал Тарчызіё Бэртонэ.
 
У храме парафіяльнага душпастырскага цэнтру архібіскуп Антэ Ёзіч узяў удзел Боскай Літургіі разам з грэка-каталіцкімі вернікамі і духавенствам Менску на чале з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
 
У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Сьвятога Айца засяродзіўся на шляхах пошуку хрысьціянскай еднасьці ў кантэксьце новай сінадальнай праграмы Паўсюднай Царквы: сулучнасьці, удзеле і місіі.
 
Архібіскуп Антэ Ёзіч перадусім зьвярнуў увагу на духоўнае вымярэньне еднасьці: «Царква запрошана ў поўнай меры жыць ва ўнутранай сулучнасьці і ў сулучнасьці з іншымі. Сулучнасьць выражае ў сваёй глыбокай сутнасьці еднасьць хрысьціянаў з Айцом праз Хрыста ў Духу Сьвятым. Іншымі словамі, толькі тыя, хто жыве, ў еднасьці веры, надзеі і любові, прымаюць удзел у супольнасьці, якая складае Царкву Божую», — падкрэсьліў ярарх, нагадаўшы, што чалавечая слабасьць на працягу ўсёй гісторыі ставіла ў небясьпеку гэтую еднасьць ад самага пачатку існаваньня Царквы, у выніку чаго яна аказалася падзеленай да нашых дзён.
 
«Другі Ватыканскі Сабор запрашае нас паспрабаваць пераадолець падзелы, атрыманыя ў спадчыну ад мінулага, і аднавіць супольнасьць любові праз малітву, пакаяньне і ўзаемную просьбу аб прабачэньні за грахі падзелу мінулага і сучаснасьці, праз сустрэчы, ініцыятывы, супрацоўніцтва і тэалагічны дыялог, — адзначыў Апостальскі нунцый. — Абвяшчаючы новы сінадальны шлях Царквы, Папа Францішак сьцьвярджае, што камунія і місія <…> павінны быць канкрэтызаваны ў нашай штодзённай рэчаіснасьці, спрыяючы рэальнаму ўдзелу ўсіх і кожнага», — дадаў ярарх, нагадаўшы словы Сьвятога Айца, які кажа, што ня трэба ствараць «новую Царкву, але іншую Царкву — Царкву блізкасьці, спагады і дабрыні».
 
Зьвяртаючыся да грэка-каталіцкіх вернікаў і іх душпастыраў, Апостальскі нунцый падкрэсьліў: «Вашыя супольнасьці таксама павінны прыняць удзел у гэтым царкоўным падарожжы і быць адкрытымі, каб адказаць на новыя выклікі часу, ісьці разам з адвагай і пакорай.
 
У гэтым Сінодзе ўдзельнічаюць усе, а ня толькі біскупы і сьвятары. Паўсюдная Царква жадае пачуць і задзейнічаць кожную частку памесных Цэркваў. У Царкве неабходна сінадальна слухаць, сінадальна гаварыць і дзейнічаць сінадальна», — зазначыў ярарх. Ён таксама заўважыў, што цяперашні Сінод зьяўляецца вырашальным момантам для Царквы і павінен стаць спрыяльнай нагодай для навяртаньня для ўсіх яго сыноў і дачок: біскупаў і сьвятароў, законьнікаў і законьніц, кансэкраваных або сьвецкіх вернікаў.
 
«Дарагія браты і сёстры, у сьвята сьвятога апостала Андрэя Божае слова напаўняе нас радасьцю і дае нам адвагу жыць і працаваць у гэты крызісны перыяд, калі кожны дзень мы сутыкаемся з шматлікімі цяжкасьцямі.
 
Вера ў Хрыста, што дапамагла вашым продкам, якія пакутавалі на працягу дзесяцігоддзяў, дапаможа нам нанава адкрыць новае царкоўнае адчуваньне жыцьця і надзеі, каб мець магчымасьць будаваць лепшы сьвет, больш адзіны і прыміраны. Кожны мае права на існаваньне! Ніхто ня лішні для Госпада!» — падкрэсьліў Апостальскі нунцый у Беларусі.
 
Сваю гамілію прадстаўнік Папы Францішка завяршыў заклікам да малітвы: «Молімся праз заступніцтва сьвятога апостала Андрэя Першапакліканага, каб з яго дапамогаю новае сінадальнае падарожжа ў нашай Царкве, якое толькі што распачалося, прынесла багаты плён; каб мы ўсе маглі зрабіць свой шчодры ўнёсак у будаўніцтва сапраўднай Царквы Ісуса Хрыста».
 
Паводле Catholic.by.
Фота: Віктар Ведзень.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"