Друк
26.11.2021
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства
 
З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
 
Гэтае сьвята ў літургічным календары адзначаецца 30 лістапада і сёлета, у 425-ыя ўгодкі Берасьцейскай царкоўнай уніі, мае асаблівы характар. Юбілейныя ўрачыстасьці з гэтай нагоды ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве праходзяць пад дэвізам «Веру ў адзіную Царкву: 1596–2021». У кантэксьце распачатага Паўсюднай Царквой сінадальнага шляху, прысьвечанага сінадальнасьці ў вымярэньні камуніі (еднасьці), удзелу і місіі, супольнасьць беларускіх грэка-католікаў разважае над спадчынай, выклікамі і пошукам пастырскіх рашэньняў.
 
21 лістапада 2021 году споўнілася 80 гадоў, калі Папа Рымскі Пій ХІІ прызначыў Экзарха Антона Неманцэвіча Апостальскім Адміністратарам для грэка-католікаў Беларусі. У гэты дзень у грэка-каталіцкай парафіі сьвятых Кірылы і Мятода ў Баранавічах малітоўны ўспамін Экзарха Антона і пачатак душпастырскай навэнны падчас нядзельнай Боскай Літургіі ўзначалілі Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) і рэдэмптарыст а. Зьміцер Чарнель.
 
Навэнна — гэта час малітвы, але таксама і актыўнай дабрачыннасьці ды ўвагі да людзей у патрэбе.
 
25-27 лістапада 2021 г. беларускія грэка-католікі асабліва моляцца за праваслаўных братоў і сясьцёр, якія набліжаюцца да пачатку Каляднага посту, які ў праваслаўных Беларусі пачынаецца 28 лістапада 2021 году.
 
Ідэя абвяшчэньня апостала Андрэя апекуном (заступнікам) братэрскага дыялогу паміж хрысьціянамі заходняй і ўсходняй традыцыі належыць сьв. Паўлу VI, Папу Рымскаму. Яна нарадзілася пасьля яго сустрэчы з Патрыярхам Канстанцінопальскім Атэнагорам у Сьвятой Зямлі ў 1965 годзе. Гэтая ініцыятыва была з прыязнасьцю прынятая Патрыярхам Атэнагорам, які адказаў на яе ў размове з французскім праваслаўным багасловам Аліўе Клеманам летам 1968 году.
 
У нядзелю 28 лістапада ў гонар сьвята апостала Андрэя Першапакліканага ў капліцы грэка-каталіцкага душпастырскага цэнтру сьвятога праведнага Язэпа ў Менску адбудзецца Боская Літургія на ўспамін 425-годдзя Берасьцейскай уніі. У гэты ж дзень сваё зімовае патранальнае сьвята адзначаць вернікі парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
 
«Малітвамі сьвятога апостала Андрэя Першапакліканага хай Госпад даруе нам у Беларусі плённы міжканфесійны дыялог для духовага дабра ўсіх жыхароў шматканфесійнай Беларусі», — пажадаў з гэтай нагоды Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"