Друк
20.11.2021
425-годдзе Берасьцейскай Уніі: урачыстасьці ў Віцебску, Полацку і Магілёве
 
Сьвяткаванне 425-годдзя Берасьцейскай царкоўнай Уніі — аднаўленьня поўнай еднасьці (сулучнасьці) Усходняй Царквы на беларускіх і ўкраінскіх землях з Рымскім Апостальскім Пасадам — гэта ўспамін і асэнсаваньне 425 гадовага шляху, на працягу якога грэка-католікі і рыма-католікі сумесна абвяшчалі Хрыстовае Евангельле.
 
Як адзначае сайт Svjazep.org, у сёлетніх складаных умовах пандэміі сьвяткаваньне гэтай падзеі ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве мае рэгіянальны характар і праходзіць этапамі. 13-14 лістапада 2021 году сьвяточныя набажэнствы з нагоды 425-годдзя Уніі адбываліся ў грэка-каталіцкіх парафіях Усходняга дэканату БГКЦ: у Віцебску, Полацку і Магілёве.
 
Грэка-каталіцкія парафіі горада Віцебска (Уваскрасеньня Хрыстовага і Хрыста Збаўцы) сьвяткавалі ў суботу, 13 лістапада. Тут адбылася Боская Літургія, якую ўзначалілі рыма-каталіцкі біскуп Віцебскі Ўладыка Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, з якімі саслужылі сьвятары Ўсходняга дэканату БГКЦ.
 
У сваёй гаміліі дастойны Ўладыка Алег (Буткевіч) зьвярнуў увагу на неабходнасьць мужнай веры ў любых умовах жыцьця хрысьціянаў.
 
Архімандрыт Сяргей (Гаек) падзякаваў протапрасьвітару Зьмітру Грышану з Віцебска, а таксама душпастырам Аляксандру Шаўцову з Полацка, Васілю Ягораву з Магілёва і Аляксею Варанко з Віцебска за іх руплівае служэньне вернікам. Словы падзякі Апостальскі візітатар скіраваў і вернікам за іх вернасьць адзінай, сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царкве.
 
З нагоды 425-годдзя Берасьцейскай царкоўнай Уніі дыяканы Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў і Багдан Сунак з Полацку былі ўзьведзены ў протадыяканы.
 
У нядзелю, 14 лістапада 2021 году, сваё парафіяльнае сьвята ў гонар сьвятамучаніка Язафата адзначала грэка-каталіцкая парафія ў Полацку. Сьвяточную Боскую Літургію служылі а. Васіль Ягораў з Магілёва, а. Аляксей Варанко з Віцебска і парах полацкай парафіі а. Аляксандар Шаўцоў. Казаньне прамовіў айцец Васіль Ягораў з магілёўскай парафіі Маці Божай Бялыніцкай, дыяканскае служэньне нёс протадыякан Багдан Сунак з Віцебска. Супольная малітва з удзелам сьвятароў Усходняга дэканату стала ўмацаваньнем веры, а сьвяточны пачастунак, які пасьля малітвы сабраў разам усіх удзельнікаў, стаў знакам духоўнай сувязі парафіянаў і гасьцей сьвята.
 
У тую ж нядзелю, 14 лістапада, Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек наведаў грэка-каталіцкую парафію Маці Божай Бялыніцкай ў Магілёве, дзе ў парафіяльным храме ў саслужэньні протадыякана Вячаслава Гарчакова ўзначаліў урачыстую Боскую Літургію. Гэтае сьвяткаваньне 425-х угодкаў Берасьцейскай Уніі стала нагодай узгадаць сьвяткаваньні, якія адбыліся ў Магілёве 25 гадоў таму, у якіх браў удзел тагачасны Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Акіле Сільвэстрыні.
 
Архімандрыт Сяргей узгадаў у сваім слове крыжовы шлях беларускага грэка-каталіцкага экзарха-мучаніка Антона Неманцэвіча, якога 80 гадоў таму ў лістападзе 1941 году папа Пій ХІІ прызначыў Апостальскім адміністратарам для беларускіх грэка-католікаў.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"