Друк
26.10.2021
Папа абмеркаваў праблему міграцыі з Прэзідэнтам Германіі
 
Праблема міграцыі, міжнародныя канфлікты і важнасьць шматбаковага падыходу для пошуку іх вырашэньня абмяркоўваліся падчас візіту ў Ватыкан Федэральнага Прэзідэнта Германіі — паведамляе Vatican News.
 
25 кастрычніка 2021 году Папа Рымскі Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы Прэзідэнта Федэральнай Рэспублікі Германія Франка-Вальтэра Штайнмаера. Затым прэзідэнт ФРГ сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Ватыкану кардыналам П’етра Паралінам і сакратаром па стасунках Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі архібіскупам Полам Рычардам Галахерам.
 
Падчас шчырых перамоваў абмяркоўваліся апошнія ўнутрыпалітычныя падзеі ў краіне і закраналіся пытаньні, якія прадстаўляюць узаемную цікавасьць, у прыватнасьці праблема міграцыі і некаторыя сітуацыі міжнародных канфліктаў. Бакі падкрэсьлівалі важнасьць шматбаковага падыходу для пошуку іх вырашэньняў, — паведамляе Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
 
Пасьля аўдыенцыі ў Ватыкане прэзідэнт Нямеччыны паведаміў журналістам, што Папа запытаў яго пра наплыў мігрантаў праз Беларусь. Штайнмаер адзначыў, што цяперашні міграцыйны ціск ва Ўсходняй Еўропе, тое, што адбываецца на беларуска-літоўскім і беларуска-польскім памежжы, выклікае занепакоенасьць таксама і ў Папы. Паводле словаў палітыка, абодва пагадзіліся з тым, што тая сітуацыя, якая ўтварылася на межах праз дзеяньні беларускага кіраўніцтва, калі людзей любымі спосабамі забіраюць з Блізкага Ўсходу і дастаўляюць у Менск, а потым адпраўляюць да розных межаў — «такія безадказныя паводзіны ні ў якім разе нельга ўхваліць». Францішак шкадуе, што ў апошнія гады Еўропа не знайшла спосабу «большага паразуменьня» ў палітыцы ў дачыненьні да бежанцаў і прытулку для іх, — кажа Штайнмаер. Наступствам гэтага зьяўляюцца нескаардынаваныя паводзіны краінаў Еўразьвязу і выкліканыя гэтым новыя праблемы.

Фота: Vatican Media.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"