Друк
21.10.2021
Д-р Алег Турый, дырэктар Інстытуту гісторыі Царквы пра Берасьцейскую унію
 
«Без сумневу, Берасьцейская унія зьяўляецца адной з найбольш контраверсійных старонак у нашай царкоўнай і палітычнай гісторыі, і зьвязана гэта з пераломам і зьменамі, якія адбыліся ў духоўным і грамадзкім жыцьці ўкраінцаў і беларусаў у XVI—XVII стагоддзях. Яе наступствы былі доўгатрывалымі і ўплываюць на сёньняшні дзень. /.../ У (пост)савецкай гістарыяграфіі, а таксама ў навуковападобнай прапагандзе /.../ захоўваецца шэраг стэрэатыпаў адносна Берасьцейскай уніі, у прыватнасьці, уяўленьне пра яе як пра падзею, наступствам якой стала стварэньне новай Царквы», — лічыць дырэктар Інстытуту гісторыі Царквы і прарэктар па зьнешніх сувязях Украінскага каталіцкага ўніверсітэту ў Львове д-р Алег Турый.
 
Як адзначае д-р Алег Турый, «унія, унійнасьць», як сьведчаць у прыватнасьці грунтоўныя дасьледаваньні Юрыя Авакумава ды іншых навукоўцаў, гэта тое, што было ўласьціва хрысьціянскай цывілізацыі і еўрапейскай культуры ад найдаўнейшых часоў аж да мадэрнага перыяду. «Гэта прагненьне еднасьці ў разнастайнасьці. І Берасьцейская унія якраз была прыкладам пошуку царкоўнага паяднаньня, якое б зьберагала сьпецыфічныя асаблівасьці розных традыцыяў, у адрозьненьне ад іншых спосабаў, калі выкаранялі саму традыцыю, а нярэдка і зьнішчалі яе носьбітаў.
 
Прыкметы менавіта такога “уніятызму”, уласна, і меў Львоўскі псеўдасабор і ўся акцыя прымусовага “узьяднаньня” грэка-католікаў пасьля Другой сусьветнай вайны ня толькі ў Галіччыне, а і ў Закарпацьці, у Польшчы, Славакіі і Румыніі».
 
Гісторык зьвяртае ўвагу: «Насамрэч гэтая унія была толькі спробаю ярархіі Кіеўскай мітраполіі, што існавала з часоў Уладзімеравага Хросту, выправіць свае стасункі з Рымскай Царквою. Калі мы ўважліва пачытаем дакументы таго часу, то пабачым, што жаданьнем біскупаў было аднаўленьне еднасьці з Рымам, зьняцьцё няроўнасьці і спыненьне варажнечы з Лацінскай Царквой у Польска-Літоўскай дзяржаве, але ніяк ня коштам разрыву стасункаў з мацярынскай Царквою, якой для Кіева быў Канстанцінопаль.
 
Больш таго, прамотары Берасьця ўважалі, што робяць тое, чаго б хацелі і “грэкі”, але ня могуць зьдзейсьніць праз палітычны ціск асманскіх уладароў, а сваё рашэньне наважыцца на такі крок зьвязвалі з надзеяй, каб з часам і “іншыя, якія яшчэ вагаюцца, пабачыўшы, што нам усё наша захавана непарушным, тым самым хутчэй да гэтай сьвятой еднасьці прыйшлі".
 
Тое, што гэтая ідэя ня ўпоўні зрэалізавалася на практыцы, не азначае, што ад самага пачатку хтосьці планаваў нейкую “здраду”, “раскол" ці “стварэньне новай Царквы”. /.../
 
Таму, калі мы сёньня ацэньваем такія падзеі, як Берасьцейская унія, важна ня блытаць прычыны і наступствы ды не падмяняць вынікі намерамі.
 
Ярархі Кіеўскай мітраполіі раньнемадэрнага часу ўсьведамлялі сябе пастырамі памеснай Царквы, якая можа весьці перамовы з Рымскай Царквою (фармулюючы свае вымогі, адпраўляючы сваіх дэлегатаў у Рым, саборна ўхваляючы рашэньні, яны засьведчваюць сваю суб’ектнасьць ва ўсім працэсе, чаго і блізка не было ў 1946 г.!).
 
Біскупы не ўважалі абрадавыя традыцыі “лацінянаў” лепшымі ці горшымі, а проста — іншымі, а дагматычныя супярэчнасьці паміж Цэрквамі тлумачылі нежаданьнем двух эклезіяльных супольнасьцяў зразумець адна адну. Варта адзначыць, што такі погляд на стасункі паміж Цэрквамі-сёстрамі, пры якім паміж імі могуць быць разыходжаньні ў фармулёўках веравучэньня, якія пры гэтым не скажаюць саму веру, уважаюцца сёньня дасягненьнем багаслоўскай думкі і экуменічнага дыялогу другой паловы ХХ стагоддзя. А нашыя біскупы сфармулявалі такое бачаньне яшчэ напрыканцы XVI стагоддзя, як жывыя носьбіты той памяці пра неразьдзеленую Царкву Хрыстову, якая захоўвалася ў Кіеўскай мітраполіі напрацягу вякоў і сёньня можа быць падставай для пошуку новых мадэляў царкоўнай еднасьці як ва Ўкраіне, так і ва ўсёй хрысьціянскай Айкумэне».

Паводле інфармацыі RISU.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"