Друк
07.07.2021
Апостальскі нунцый: малюся, каб пераадолець падзелы і ўсталяваць у краіне сапраўдную культуру братэрства і салідарнасьці
 
3 ліпеня 2021 году ў Будславе ўрачыстай сьвятой Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Антэ Ёзіч, завяршыўся фэст Маці Божай Будслаўскай.
 
Як паведамляе галоўны каталіцкі партал у Беларусі Catholic.by, разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне саслужылі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар sede vacante Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімер Велікаселец, біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі і яго калега з Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласьці біскуп Аляксандар Яшэўскі SDB, архібіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і некалькі дзясяткаў сьвятароў абодвух абрадаў.
 
На заключнай сьвятой Імшы Будслаўскага фэсту прысутнічалі некалькі тысячаў вернікаў з усёй Беларусі і нават з-за мяжы, а тыя, хто з розных прычынаў ня трапіў у Будслаў, духоўна далучыліся да ўрачыстага набажэнства з дапамогай анлайн-трансьляцыі на канале Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
 
На пачатку сьвятой Імшы біскуп Казімер Велікаселец як гасьцінны гаспадар шчыра прывітаў Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча і запрасіў яго ўзначаліць набажэнства, а таксама прамовіць да прысутных Божае слова.
 
Папскі пасланьнік адзначыў, што ён вельмі рады ўзначальваць гэтую літургічную багаслужбу ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе, і асабліва цешыцца з магчымасьці разам з беларускімі вернікамі ўзносіць малітвы да нябеснай Маці, Найсьвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай — Апякункі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі.
 
«Будслаўскі санктуарый з яго цудадзейнай іконай на працягу стагоддзяў штогод натхняе мноства вернікаў з усёй краіны, даючы ім новую духоўную сілу для пераадоленьня жыцьцёвых цяжкасьцяў і ўсё большага набліжэньня да Ісуса Хрыста, Бога і Чалавека, Збаўцы сьвету і ўсіх людзей. На працягу гэтай гістарычнай пілігрымкі многія пакаленьні, якім давялося жыць у цяжкія часы жорсткага перасьледу, атэізму, бездухоўнасьці, а таксама ў час рэлігійнай свабоды, заўсёды праяўлялі адвагу сваёй веры ў Хрыста, просячы заступніцтва нябеснай Маці, Панны Марыі Будслаўскай, для сваіх сем’яў і для ўсяго грамадзтва.
 
Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, гэты санктуарый стаў жыватворчай крыніцай, што наталяла смагу ўсіх пакаленьняў хрысьціянскага народу непрамінальнымі каштоўнасьцямі: каштоўнасьцямі, якія натхняюць вернікаў станавіцца жывым Евангельлем для кожнага нашага бліжняга», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч.
 
Прадстаўнік Сьвятога Айца ў Беларусі зьвярнуў увагу на тое, што «ў гэты дзень мы ўзгадваем важную падзею, дзякуючы якой гэтая краіна была вызваленая з-пад акупацыі, ад умяшальніцтва зьнешніх сілаў, распачаўшы адбудоўваць тое, што было разбурана, з надзеяй на лепшае жыцьцё ў будучыні. Таму кожны з нас адчувае абавязак узносіць гарачыя малітвы да Бога за ўсіх ахвяраў Другой сусьветнай вайны: як вядомых, так і невядомых; як блізкіх нам, так і чужых.
 
Мы перадусім адчуваем неабходнасьць маліцца за нявінных ахвяраў: за ўсіх, хто стаў ахвярай з прычыны ідэалогіі і рэлігіі. Кожная невядомая ахвяра мае імя і прозьвішча. Штодзённа молячыся за іх, мы становімся зноў зьяднанымі; становімся братамі і сёстрамі ў Хрысьце. Дзякуючы гэтым малітвам наш сьвет становіцца лепшым і мы ідзем наперад па дарозе еднасьці, прымірэньня і сьвятасьці», — падкрэсьліў Апостальскі нунцый. — Адзначаючы ўрачыстасьць Маці Божай Будслаўскай, сёньня мы зьвяртаемся да нябеснай Маці з просьбаю захаваць нас ад зла, абараніць нашыя сем’і, ня даць паўтарыцца цяжкім момантам нашага жыцьця, адарыць нас новай надзеяй быць паміж сабою сапраўднымі братамі і сёстрамі, якія імкнуцца жыць у сапраўдным міры з усімі і ў сапраўдным дабрабыце», — дадаў ватыканскі ярарх.
 
Далей ён зьвярнуў увагу прысутных на словы сьвятога апостала Паўла з Пасланьня да Рымлянаў.
 
«Наступныя словы Апостала я лічу вельмі актуальнымі для нашага штодзённага жыцьця і для нашага грамадзтва, якое сутыкаецца з шматлікімі выклікамі, якія патрабуюць неадкладнага адказу: “Любіце адзін аднаго братняю любоўю, <...>; цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя <...>. Бласлаўляйце тых, хто перасьледуе вас, бласлаўляйце, а не праклінайце. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празьмерна”», — працытаваў настаўленьне Апостала народаў папскі пасланьнік.
 
«Сёння асаблівым чынам я малюся за мір і згоду ў гэтай краіне, каб з Божай дапамогай і праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай удалося пераадолець, як кажа Папа Францішак, “культуру падзелу і ўсталяваць у краіне сапраўдную культуру братэрства і салідарнасьці”. У цяперашні момант жыхары гэтай краіны маюць патрэбу прымірыцца паміж сабою, зноў сустрэцца адно з адным як браты, пераадолець нязгоду, якая іх падзяляе. Неабходна ўмацаваць культуру міру, якую гэтая краіна ў вялікай ступені набыла на працягу стагоддзяў, і паказаць усяму сьвету, як абараніць этычныя і маральныя каштоўнасьці, як абараніць уласныя сем’і, заснаваныя на гэтых каштоўнасьцях, якія запэўніваюць ім будучыню», — сказаў Апостальскі нунцый архібіскуп Антэ Ёзіч. Для таго, каб пасьпяхова выканаць гэтае заданьне, прадстаўнік Сьвятога Пасаду запрасіў беларускіх вернікаў браць прыклад з Дзевы Марыі — пакорнай Слугі Госпада Бога, і завяршыў гамілію словамі Яе гімна Magnificat: «Узьвялічвай душа мая Госпада...»

Фота: Віталь Палінеўскі, Catholic.by.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"