Друк
30.05.2021
Апостальскі нунцый памаліўся перад цудатворнай іконай Маці Божай Жыровіцкай
 
Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Антэ Ёзіч у прыватным парадку наведаў праваслаўны Сьвята-Ўсьпенскі манастыр у Жыровічах, дзе памаліўся перад адной з самых шанаваных хрысьціянскіх сьвятыняў Беларусі — цудатворнай іконай Маці Божай Жыровіцкай, паведамляе Catholic.by.
 
Візіт нунцыя ў Жыровіцкі манастыр адбыўся 22 траўня 2021 году, адразу пасьля трохдзённых урачыстасьцяў у гонар славутай іконы Багародзіцы, 550-годдзе цудоўнага зьяўленьня якой у Жыровічах адзначалася летась. Перад гэтым Апостальскі нунцый асьвяціў у Пружане новы абраз Багародзіцы Маці Божай Апякункі лясоў.
 
Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі архібіскуп Антэ Ёзіч памаліўся таксама за супакой душы Ганаровага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, пахаванага ў Жыровіцкім манастыры.
 
Абраз Маці Божай Жыровіцкай — адна з галоўных хрысьціянскіх сьвятыняў беларускага народу, якую ўшаноўваюць як праваслаўныя, так і католікі візантыйскага і лацінскага абрадаў. У самыя цяжкія для нашай Айчыны часы, калі пасьля шматлікіх войнаў, што ня раз руйнавалі краіну і вынішчалі народ, Маці Божая зноў і зноў зьяўлялася нашым продкам, каб прынесьці ў гэты сьвет надзею і дапамогу ды ўказаць на сапраўднае Сьвятло, якое дае веру ў адраджэньне.
 
На знак удзячнасьці за атрыманыя шматлікія ласкі для нашага народу, гэты цудатворны абраз Маці Божай быў каранаваны ўніяцкім Кіеўскім мітрапалітам залатымі каронамі з каштоўнымі камянямі, асьвячанымі ў Рыме папам Рымскім. Гэтая вялікая ўрачыстасьць адбылася ў Жыровічах у 1730 годзе.
 
Маці Божая, што зьявілася ў Жыровічах, па-сапраўднаму глыбока яднае беларускіх вернікаў у пашане да Яе і Яе Сына — Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. І ўжо не адно стагоддзе свае ласкі Яна шчодра раздае адданым вернікам – праваслаўным, уніятам, рыма-католікам — не зважаючы на ўсе канфесійныя падзелы. Менавіта апецы Маці Божай Жыровіцкай даручыў у 2003 годзе Папа Рымскі Ян Павел II нашу Беларусь.

Фота: Антон Барэйка, Catholic.by.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"