Друк
27.05.2021
У Пружане Апостальскі нунцый асьвяціў абраз Маці Божай Апякункі лясоў
 
22 траўня 2021 году Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Антэ Ёзіч наведаў рыма-каталіцкую парафію Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пружане (Пінская дыяцэзія), дзе падчас урачыстай сьвятой Імшы зьдзейсьніў асьвячэньне абраза Маці Божай Апякункі лясоў — паведамляе Catholic.by.
 
Стваральнікам унікальнага абраза Маці Божай зьяўляецца берасьцейскі майстар-ювелір, заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Кузьміч, які ў свой час зрабіў копію каштоўнай рэліквіі, страчанай у гады Другой сусьветнай вайны, — крыжа Еўфрасіньні Полацкай, а таксама стаўратэку для яго і саркафаг для мошчаў сьв. Еўфрасіньні.
 
З нагоды асьвячэньня абраза Маці Божай Апякункі лясоў у Пружану таксама быў дастаўлены яшчэ адзін твор сакральнага мастацтва, выкананы майстрам, — абраз сьвятой велікамучаніцы Барбары, якую вельмі шануюць хрысьціяне як заходняй, так і ўсходняй традыцыі. Зусім нядаўна гэты абраз быў асьвячаны біскупам Алегам Буткевічам у касьцёле сьв. Барбары ў Віцебску. З лютага 2021 году абраз з выявай гэтай сьвятой заступніцы ад бедаў і няшчасьцяў заняў пачэснае месца ў касьцёле Сьвятой Тройцы ў Ружане, а перад гэтым ён павандраваў па многіх храмах Беларусі, дзе перад ім змаглі памаліцца многія беларускія вернікі. Духавенства і шматлікія вернікі пранесьлі гэтую ікону велікамучаніцы, якая лічыцца сымбалем нязломнасьці веры, у працэсіі па вуліцах Пружаны. На шляху працэсіі быў прыпынак каля помніка «Спаленым вёскам», які сымбалізуе пакуты, боль і стойкасьць беларускага народа, дзе адбылася малітва ў памяць загінулых жыхароў 58 спаленых вёсак Пружанскага раёну і ўсіх тых, чые жыцьці забрала вайна. Таксама там памаліліся за супакой для Беларусі сёньня.
 
Працу над стварэньнем іконы Маці Божай Апякункі лясоў мастак-ювелір з Берасьця пачаў адразу пасьля заканчэньня працы над іконай сьвятой Барбары. Памеры абодвух абразоў, выкананых у старажытнай візантыйскай тэхніцы перагародкавай эмалі, зусім невялікія — 21 х 30 см. Над абразом Маці Божай Апякункі лясоў майстар-ювелір Мікалай Кузьміч працаваў сем месяцаў. Наколькі карпатлівай была гэтая праца над іконай Маці Божай, гаворыць таўшчыня перагародак залатога сплаву — ад 0,03 да 0,08 мм. Абраз важкі і ў прамым, і ў пераносным сэнсе: амаль паўтара кілаграма. Асноўнымі матэрыяламі іконы зьяўляюцца золата, срэбра, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. Блакітнымі літарамі падпісаны яе тытул на лаціне: Mater Dei Silvarum Patrona. На абразе — фігура Маці Божай на фоне лясоў, а таксама выявы дзьвюх архітэктурных каштоўнасьцяў Пружаны — касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і шляхецкага палацыка, дзе цяпер месьціцца музей.
 
Беларусь спакон вякоў славіцца сваімі лясамі і пушчамі, якія зьяўляюцца лёгкімі ўсёй Еўропы. І тое, што абраз Маці Божай Апякункі лясоў будзе знаходзіцца ў менавіта ў Пружане, вельмі сымбалічна, бо горад знаходзіцца на мяжы старадаўніх Белавежскай і Ружанскай пушчаў.
 
Варта адзначыць таксама, што менавіта тут, у парафіі ў Пружане, у 1939 годзе пачаў свой сьвятарскі шлях і служэньне з шматлікімі выпрабаваньнямі нязломны сьведка веры Казімер Сьвёнтак — будучы архібіскуп і першы ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал, пры якім адрадзілася Каталіцкая Царква ў Беларусі.
 
З гэтых мясьцінаў паходзіць і каталіцкі мецэнат, які фундаваў стварэньне каштоўнай іконы Маці Божай Апякункі лясоў, якая цяпер будзе захоўвацца ў пружанскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, і іконы сьвятой велікамучаніцы Барбары.
 
Напачатку прамоўленай падчас урачыстасьцяў у Пружане гаміліі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы архібіскуп Антэ Ёзіч сказаў: «Сёньня мы сабраліся разам, каб праславіць нашага Госпада Ісуса Хрыста і Яго Маці Марыю, якую мы называем і ўшаноўваем як нашу Маці і Каралеву супакою.
 
Месяц май асаблівым чынам прысьвечаны Маці Божай, да якой мы часта зьвяртаемся, просячы ў Яе дапамогі і абароны ў нашым жыцьці. З гэтай нагоды будзе асьвячана ікона для ўшанаваньня вернікамі, з якой кожны хрысьціянін зможа чэрпаць натхненьне і сілы для сваёй веры і для свайго жыцьця. <…>
 
Сёньня нас зьбірае разам Маці Божая, прадстаўленая як Апякунка лясоў. Перад іконай, якая будзе асьвячана, мы ўзьнясём нашыя гарачыя малітвы за нашыя сем’і, за нашае грамадзтва, за тых, хто церпіць, хто шукае справядлівасьці, суцяшэньня, дапамогі і бласлаўленьня», — падкрэсьліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.
 
Ярарх таксама адзначыў: «Магчыма, нашая сітуацыя моцна ня зьменіцца, але можа і павінен зьмяніцца наш падыход да яе, каб мы маглі разгледзець тое, што знаходзіцца ў зародку».
 
Апостальскі нунцый, як піша Catholic.by, выказаў падзяку мецэнату і мастаку, што стварыў іконы, «якія ня толькі далі нам магчымасьць сустрэцца сёньня разам, але якія перадусім далі нам магчымасьць ушанаваць нашу Маці і Апякунку лясоў тут, на Палесьсі — у гэтым лясным краі, які многія называюць “лёгкімі Еўропы”. Гэтая зямля дае жыцьцё чалавеку і дазваляе яму расьці, падобна дрэву, каб дзень пры дні даваць кісларод і жыцьцё іншым».
 
«Малю Госпада Бога, каб гэтая зямля стала месцам сустрэчы і малітвы пад абаронаю нашай Найсьвяцейшай Маці, Апякункі лясоў!» — такім малітоўным заклікам завяршыў сваю гамілію прадстаўнік Папы.
 
Фота: Пятро Кузьміч і Catholic.by.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"