Друк
12.05.2021
Пажар у Нацыянальным санктуарыюме Маці Божай у Будславе
 
Раніцай 11 траўня 2021 году ў Нацыянальным санктуарыюме Маці Божай у Будславе здарыўся пажар у выніку ўзгараньня на даху. Патушыць агонь не ўдавалася на працягу некалькіх гадзінаў, у выніку чаго дах абрынуўся на скляпеньні.
 
Агонь цалкам зьнішчыў дах старажытнай сьвятыні, але скляпеньні засталіся цэлымі, хоць неабходна дасьледаваць іх стан пасьля пажару і наступстваў тушэньня.
 
Як паведаміў Catholic.by пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзьмітры Дубовік, Найсьвяцейшы Сакрамант і абраз Маці Божай Будслаўскай адразу пасьля зьяўленьня дыму былі вынесеныя ў бясьпечнае месца.
 
Паводле словаў пробашча парафіі ў Будславе ў 7.47 гадз. ён выклікаў пажарных, а потым з дапамогаю валанцёраў пачалі выносіць з старажытнага касьцёлу XVIII ст. усё, што толькі магчыма: літургічныя праналежнасьці, абразы, кнігі і іншыя пераносныя рэчы.
 
Намесьнік начальніка Менскага абласнога МНС Віталь Пякурын адзначыў, што пасьля паведамленьня аб пажары першыя ратавальнікі былі на месцы ўжо праз чатыры хвіліны. На момант узгараньня вернікаў у касьцёле не было. Загарэліся драўляныя перакрыцьці ў закрытых поласьцях, падаць туды ваду было складана. Але далей за дах агонь не распаўсюдзіўся — паведаміў журналістам прадстаўнік МНС.
 
Як піша БЕЛТА, у ліквідацыі ўзгараньня ўдзельнічалі ратавальнікі Мядзельскага, Вілейскага, Докшыцкага, Астравецкага раёнаў і Менску, ратавальнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атраду Менскай вобласьці. Задзейнічаныя былі 13 аўтацыстэрнаў, 4 аўталесьвіцы, 2 аўтапад’ёмнікі і іншая сьпецтэхніка.
 
Выратавальнікі пажарных атрадаў лакалізавалі агонь за пару гадзінаў, аднак працавалі яны да вечара, заліваючы тлеючыя элементы даху.
 
Як адзначыў ксёндз Дзьмітры Дубовік, прычына ўзгараньня невядомая, сьледчы камітэт ужо распачаў справу. Так званы «стары касьцёл», які знаходзіцца за алтарнай часткай сьвятыні, полымя не закранула, «а вось у касьцёле — арган мокры, алтар мокры, мокры ўвесь жывапіс». Сьвятар падкрэсьлівае, што ў такой сітуацыі марудзіць нельга: арган і алтар чакае пільны дэмантаж для наступнай кансервацыі і далейшага аднаўленьня. Таксама распачнецца супраца з праекціроўшчыкамі, якія будуць шукаць часовае рашэньне для даху.

Ужо ў бліжэйшыя дні плануецца аднавіць набажэнствы у старым касьцёле будслаўскага санктуарыюма, які ня быў пашкоджаны агнём і не пацярпеў падчас тушэньня пажару.
 
 
 

 

 

 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"