Друк
28.03.2021
Віншаваньне Першаярарху УГКЦ з 10-годдзем служэньня ад беларускіх грэка-католікаў
 
27 сакавіка 2021 году мінула 10 гадоў ад моманту ўступленьня на пасад Вярхоўнага Архібіскупа Кіева-Галіцкага Яго Блаславенства Сьвятаслава (Шаўчка), Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Уладыка Сьвятаслаў Шаўчук быў абраны Вярхоўным Архібіскупам Кіеўскім і Галіцкім — Першаярархам УГКЦ 23 сакавіка 2011 году на Сінодзе Біскупаў Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, пасьля адстаўкі кардынала Любаміра (Гузара). 25 сакавіка Папа Рымскі Бенядыкт XVI блаславіў гэты выбар біскупаў УГКЦ, а 27 сакавіка ў катэдры Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Кіеве адбылася інтранізацыя Яго Блаславенства Сьвятаслава (Шаўчка), на якой сярод запрошаных быў і Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
27 і 28 сакавіка 2021 году асаблівыя малітвы за Зьверхніка УГКЦ прагучалі ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі.
 
З нагоды юбілею служэньня Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслава (Шаўчука) 27 сакавіка 2021 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў з Менску дастойнаму Юбіляру ў Кіеў віншавальны ліст, у якім напісаў:
 
«Ваша Блаславенства, Найдастойны Патрыярх Сьвятаслаў!
 
Ад імя духавенства і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы вельмі шчыра віншуем Вас — Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы — з 10-годдзем Вашага патрыяршага служэньня.
 
У шчырай малітве дзякуем Хрысту Чалавекалюбцу за Вашае служэньне, з блаславёных пладоў якога карыстаецца і нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква.
 
Дзякуем Вам за нястомны працяг сапраўды каталіцкага “бязьмежнага подзьвігу салідарнасьці”, якім прайшлі праведны мітрапаліт Андрэй, нязломны вызнаўца веры патрыярх Ёсіф, руплівы архіпастыр Міраслаў-Іван ды асабліва блізкі нам “мужна цярплівы” Любамір.
 
Калі ўзгадваем 425 гадоў Берасьцейскай Уніі, стараемся асэнсаваць яе — супольную для нас — спадчыну ды ў Царкоўнай Сулучнасьці (Communio Ecclesiarum) быць мудрымі і мужнымі сьведкамі Евангельля радасьці (Evangelii gaudium).
 
Вялікі Вам дзякуй за Ваш крэатыўны прыклад і Вашую шчодрую, духоўную падтрымку.
 
Жадаем Вам багатых дароў міру, радасьці, веры, надзеі ды любові Хрыста Чалавекалюбца.
 
Хрыстос сярод нас — і ёсьць, і будзе!»
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"