Друк
15.02.2021
У Варшаве памёр езуіт, які спрыяў грэка-католікам
 
З Варшавы прыйшла вестка, што ва ўзросьце 75 гадоў там памёр доўгі час адзіны ў Беларусі езуіт айцец Казімер Жыліс.
 
У смутныя савецкія часы, калі Грэка-Каталіцкая Царква ў СССР была пад забаронай, ён не баяўся таемна прымаць і даваць служыць у касьцёле ў Індуры сьв. Літургію падпольным грэка-каталіцкім сьвятарам-базыльянам з Украіны. Таксама і пазьней ён спрыяў беларускім грэка-католікам. А з падпольным грэка-каталіцкім біскупам Паўлом Васылыкам — адной са знакавых постацяў нязломнай Грэка-Каталіцкай Царквы — спачылага а. Казімера Жыліса зьвязвала моцнае сяброўства яшчэ з часоў працы ва Ўкріане ў Віньніцы.
 
Таксама а. Казімер быў знаёмы з грэка-каталіцкім сьвятаром айцом Віктарам Данілавым, які працаваў з 1976 году ў Горадні.
 
Казімер Жыліс нарадзіўся 4 сакавіка 1945 году ў вёсцы Лігінішкіс Уцянскага павету Літвы.
 
Скончыў Каўнаскую духоўную семінарыю, прасьвітарскія сьвячаньні атрымаў 17 красавіка 1973 году.
 
На пачатку 1980-ых гадоў быў сябрам «Камітэту абароны правоў вернікаў».
 
У 1983—2001 гадах быў пробашчам рыма-каталіцкай парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Горадня-Захад) і служыў у гарадзенскім катэдральным касьцёле сьв. Францішка Ксаверыя. З 2001 году служыў у Горадні як капелан у Гарадзенскай турме № 1. Да гэтага служэньня ён, дарэчы, далучыў параха гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэя Крата. У Беларусі айцец Казімер Жыліс апекаваўся таксама літоўскай супольнасьцю вернікаў. Быў дырэктарам відэастудыі Гарадзенскай дыяцэзіі, а таксама займаўся душпастырствам цьвярозасьці.
 
Апошнія некалькі гадоў сьвятар-езуіт служыў у Варшаве.
 
Каталіцкая Царква ў Беларусі ўдзячная яму за аднаўленьне касьцёлаў, вельмі багаты кінаархіў адраджэньня каталіцкага жыцьця, за шматлікія пакліканьні, сярод якіх сёньняшні дапаможны біскуп і Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
 
Дай яму, Божа, вечны супакой у Тваім нябесным Валадарстве!
 
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"