Друк
16.01.2021
Апостальскі Візітатар БГКЦ на сьмерць Мітрапаліта Філарэта: «Дзякуем за ягоную адкрытасьць на міжканфесійны дыялог»
 
У сувязі з сьмерцю Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта прадстаўнікі Каталіцкай і Грэка-Каталіцкай Царквы выказалі свае спачуваньні.
 
Сьвятая Імша за супакой спачылага Мітрапаліта Філарэта ў архікатэдры Найсьвяцейшага Імя Марыі ў Менску, 15.01.2021 г. Фота Catholic.by.
Мітрапаліт Філарэт з 15 сьнежня 2020 году знаходзіўся ў адной з менскіх клінік, у яго быў пацьверджаны каранавірус. 12 студзеня 2021 году, на 86-м годзе жыцьця, ён адышоў у вечнасьць.
 
Увечары 15 студзеня 2021 году ў менскай архікатэдры Найсьвяцейшага Імя Марыі адбылася сьвятая Імша за вечны супакой спачылага Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які ў гэты дзень быў пахаваны ў Жыровіцкім Сьвята-Ўсьпенскім манастыры.
 
Жалобнае набажэнства ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Менска-Магілёўскі на пеньсіі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Еўхарыстыю ў галоўнай сьвятыні Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі саслужылі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) і сьвятары лацінскага і візантыйскага абрадаў.
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі 15 студзеня 2021 году скіраваў сваё Слова на дзень пахаваньня Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта. У ім Архімандрыт Сяргей (Гаек) напісаў: «Госпад Ісус Хрыстос паклікаў да сябе Мітрапаліта Філарэта. Калі сёньня ягонае пачэснае цела складаюць у беларускую зямлю — у Жыровіцкім манастыры, пад сьценамі храма Ўзвышэньня сьвятога Крыжа Гасподняга, у якім на працягу гісторыі маліліся хрысьціяне розных традыцый і канфесій: грэка-католікі, праваслаўныя і рыма-католікі — Міласэрнаму Хрысту Чалавекалюбцу давяраем ягоную душу ў засупакойнай малітве.
 
Дзякуем Госпаду за архіпастырскае служэньне Мітрапаліта Філарэта, за ягоную хрысьціянскую адкрытасьць на міжканфесійны дыялог, які спрыяў пабудове адносінаў узаемнай павагі паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі.
 
Ва ўдзячнай памяці захоўваю сустрэчы і размовы з сьвятой памяці Высокадастойным Уладыкам Філарэтам — у Беларусі і ў замежжы.
 
Мітрапаліт Філарэт і Архімандрыт Сяргей (Гаек) разам з міжканфесійнай групай удзельнікаў экуменічнай канферэнцыі ў г. Бары (Італія), 19.02.2006 г.
Узгадваю поўныя духоўнага натхненьня словы, якія ён накіраваў мне пасьля Боскай Літургіі, якую 20 лютага 2006 году служыў на мошчах сьвяціцеля Мікалая ў крыпце базылікі ў Бары: “Хрысьціянскім ярархам трэба вучыцца з прыкладу сьвятога Мікалая, як адважна служыць людзям словам і чынам, усім, хто да іх зьвяртаецца па дапамогу”.
 
Малітвамі сьвяціцеля Мікалая супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго Мітрапаліта Філарэта, і ўчыні яму вечную памяць».
 
«З адыходам гэтага найдастойнейшага Архіпастыра Беларуская Праваслаўная Царква панесла незаменную страту: пайшоў з жыцьця яе шматгадовы духоўны лідар», — напісаў архібіскуп Рыма-Каталіцкай Царквы Тадэвуш Кандрусевіч. «Уладыка Філарэт, з якім мяне ядналі повязі братняга сяброўства, шмат у чым стаў для мяне прыкладам і настаўнікам, за што я яму асабліва ўдзячны», — адзначыў каталіцкі ярарх.
 
Як сьцьвярджае архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ад мітрапаліта Філарэта ён асабіста навучыўся «найперш адкрытасьці ў адносінах з іншымі веравызнаньнямі і майстэрству весьці дыялог з людзьмі розных поглядаў, перакананьняў; з прадстаўнікамі розных слаёў грамадзтва». У інтэрв’ю Catholic.by Ганаровы Мітрапаліт Менска-Магілёўскі на пеньсіі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра Мітрапаліта Філарэта таксама сказаў: «Ён, хіба што, найбольш за ўсіх прычыніўся да таго, каб сёньня мы маглі сказаць, што Беларусь сапраўды дыхае двума лёгкімі: заходняга і ўсходняга хрысьціянства, як пра гэта марыў сьвяты Ян Павел ІІ».

12 студзеня выконваючы абавязкі Старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч скіраваў ліст Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Менскаму і Заслаўскаму Веніяміну, у якім выказаў спачуваньне ўсім вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы з прычыны адыходу ў вечнасьць Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта.

«Пасьля працы зямнога пілігрымаваньня адышоў у дом Нябеснага Айца руплівы Пастыр, які шчыра клапаціўся пра Царкву і пра даручаны яму верны народ, сапраўдны Сьведка Хрыста, Чалавек глыбокай веры, вялікай культуры і добрага сэрца.

Мітрапаліт Філарэт, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, кардынал Курт Кох і Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці ў Менску, 13.11.2011 г., у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Раў, на міжнароднай канферэнцыі, прысьвечанай правслаўна-каталіцкаму дыялогу.
Сваёй праўдзівай хрысьціянскай любоўю і шчырай павагай да кожнага чалавека, адкрытасьцю і ўключанасьцю ў братэрскі дыялог з іншымі хрысьціянскімі канфесіямі ў нашай краіне Мітрапаліт Філарэт здабыў вялікі аўтарытэт таксама сярод духавенства і вернікаў Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі і застанецца назаўсёды ў іх удзячнай памяці», — напісаў біскуп Аляксандар Кашкевіч.

У сувязі з сьмерцю Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта спачуваньні Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Менскаму і Заслаўскаму Веніяміну накіраваў таксама Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох.
 
«Адкрытасьць спачылага Мітрапаліта Філарэта да дыялогу вельмі паспрыяла разьвіцьцю і ўмацаваньню ўзаемаразуменьня і братэрскіх адносінаў паміж Праваслаўнай і Рыма-Каталіцкай Цэрквамі», — адзначыў у сваёй спачувальнай тэлеграме на імя Мітрапаліта Веніяміна прадстаўнік Сьвятога Айца ў Беларусі, архібіскуп Антэ Ёзіч.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"