Друк
18.01.2021
18-25 студзеня — Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў
 
Папа Францішак падчас трансьляцыі малітвы «Анёл Гасподні» 17 студзеня 2021 году заклікаў вернікаў далучыцца да малітвы за еднасьць хрысьціянаў.
 
Папа Францішак і зьверхнікі іншых Цэркваў падчас экуменічнай малітвы ў базыліцы сьв. Паўла за мурамі ў Рыме, 25 студзеня 2020 г. Фота: CNS, Vatican Media.
Сьвяты Айцец нагадаў: «Пачынаецца Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў. У гэтым годзе тэма спасылаецца на настаўленьне Ісуса: “Заставайцеся ў Маёй любові: прынесяце багаты плён” (пар. Ян 15, 5-9). У панядзелак, 25 студзеня 2021 году, мы завершым яго Нешпарамі (Вячэрняй) у базыліцы сьв. Паўла за мурамі разам з прадстаўнікамі іншых хрысьціянскіх супольнасьцяў, якія прысутнічаюць у Рыме. У гэтыя дні будзем маліцца ў адзін голас аб выкананьні жаданьня Ісуса: “Каб усе былі адно”».
 
Сёлетняя тэма Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў і разважаньні былі падрыхтаваныя міжканфесійнай жаночай манаскай супольнасьцю ў швайцарскім горадзе Граншан (Grandchamp), якая існуе там з 1936 г. і аб’ядноўвае каля пяцідзесяці богапасьвячаных жанчынаў розных хрысьціянскіх традыцыяў з усяго сьвету. Манахіні, якія натхняюцца экуменічнай дзейнасьцю Супольнасьці Тэзэ (Taize) прапанавалі матэрыял для малітваў на аснове трох прынцыпаў харызмы сваёй супольнасьці, якімі ёсьць малітва, супольнае жыцьцё і гасьціннасьць.
 
Разважаньні базуюцца на вядомай прамове Ісуса ў Евангельлі ад Яна (Ян, 15) пра вінаградную лазу і галіны, якія прыносяць плён толькі тады, калі знаходзяцца ў лучнасьці з ёй, і гэтак жа і вучні Хрыстовы павінны заставацца ў любові Божай.
 
Першы дзень, тэма якога «Пакліканыя Богам», засяроджвае вернікаў на словах Ісуса: «Ня вы выбралі Мяне, але Я выбраў вас» (Ян 15, 16). Другі дзень прысьвечаны ўнутранаму сталеньню, для чаго прапануецца спыніцца на заахвочваньні Ісуса Хрыста: «Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас» (Ян 15, 4). У трэці дзень прапануецца разважаць над будаваньнем аднаго містычнага Цела, спыніўшыся на прыказаньні Хрыстовым: «Палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12). У сьвятле словаў «Я больш не называю вас слугамі [...]. Я называю вас сябрамі» (Ян 15, 15) прапануецца задумацца над значэньнем супольнай малітвы ў чацьвёрты дзень. Пяты дзень засяроджвае нас над тым, каб дазволіць Божаму слову перамяніць нас: «Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам» (Ян 15, 3). У шосты дзень малітваў за еднасьць прапануецца спыніцца на тэме прыняцьця іншых: «Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прынесьлі плён, і каб плён ваш заставаўся» (Ян 15, 16). Узрастаньню ў еднасьці прысьвечаны сёмы дзень, у цэнтры якога словы: «Я — Лаза, а вы галіны». Апошні дзень Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў — аб прымірэньні з усім стварэньнем: «Каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная».
 
Напярэдадні Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў 18-25 студзеня 2021 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек напісаў: «У Беларусі гэты тыдзень — добрая нагода для супольнай малітвы ўсіх хрысьціянаў за Беларусь».
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"