Друк
23.12.2020
Беларускія грэка-католікі ўзгадваюць 425 гадоў Уніі
 
425 гадоў таму Папа Рымскі Клімент VIII выдаў булу «Magnus Dominus et laudabilis nimis», якой зацьвердзіў Унію Рускай Царквы з Апостальскім Пасадам у Рыме.
 
23 сьнежня 1595 году прадстаўнікі епіскапату праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату біскуп Уладзімерскі і Берасьцейскі Іпаці Пацей і біскуп Луцкі і Астрожскі Кірыла Тарлецкі былі прынятыя ў сьвяточнай атмасферы Папам Кліментам VIII. Перад ім ад імя сваёй памеснай Царквы яны выказалі жаданьне аднавіць царкоўную еднасьць, склалі ўрачыстае Вызнаньне веры і прысягнулі Папу Рымскаму за сябе і за іншых на вечнае злучэньне Ўсходняй Царквы Рэчы Паспалітай з Паўсюднай Царквой пад уладай Апостальскага Пасаду сьвятога апостала Пятра ў Рыме.
 
У той жа дзень Папа Клімент VIII выдаў булу «Magnus Dominus et laudabilis nimis», якой зацьвердзіў Унію Рускай Царквы з Каталіцкай Царквой. З гэтай нагоды быў выбіты памятны медаль «Ruthenis receptis».
 
Да гэтага пытаньне уніі з Рымам абмяркоўвалася ярархамі Кіеўскай мітраполіі на некалькіх Сінодах біскупаў. На памесным царкоўным саборы вясной 1595 году з намерам заключыць Унію з Рымам пагадзіліся ўсе праваслаўныя біскупы Кіеўскай мітраполіі, акрамя львоўскага біскупа, які раней адным зь першых выступаў за падпісаньне уніі. Уладыкамі — найперш Іпаціем Пацеем і Кірылам Тарлецкім — былі выпрацаваныя «33 артыкулы» — умовы яднаньня з Рымскай Царквой.
 
Падчас Сіноду ў Берасьці 16—20 (6—10) кастрычніка 1596 г. Унія была прынята і ўрачыста абвешчана 18 (8) кастрычніка 1596 г. у катэдральнай царкве сьв. Мікалая. 15 сьнежня 1596 г. кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III выдаў універсал, якім зацьвердзіў рашэньне ярархаў Кіеўскай мітраполіі.
 
23 сьнежня 2020 году ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве — гэта дзень падзячнай малітвы. З гэтай нагоды ў Менску служыцца падзячная Боская Літургія ў храме Душпастырскага цэнтру сьв. Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6) у 18.30 гадз.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"