Друк
08.08.2020
30 гадоў таму выйшаў першы нумар часопісу «Унія»
 
На сьвята Перамяненьня, 6 жніўня 1990 году, пабачыў сьвет рэлігійны часопіс «Унія», які выдаваўся ў Менску ў 1990—1995 гадах. Стваральнікі часопісу ставілі сваёй задачай дасьледаваць беларускую духоўнасьць і ініцыяваць адраджэньне Грэка-Каталіцкай (Уніяцкай) Царквы ў Беларусі.
 
Першы нумар часопісу меў падзагаловак «Выданьне беларускае ўніяцкае моладзі». У яго падрыхтоўцы бралі ўдзел Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч і Міхал Анемпадыстаў. Часопіс накладам 10 тыс. асобнікаў быў надрукаваны ў Латвіі, у друкарні «Liesma» ў Рызе, бо там не было такога кантролю, як у Беларусі. У першым нумары часопісу паведамлялася, што 13 ліпеня 1990 году ў Менску ўтварылася суполка «Унія», якая будзе займацца падрыхтоўкай і выданьнем гэтага рэлігійнага часопісу.
 
6 жніўня 1990 году, на сьвята Перамяненьня Гасподняга і ў дзень выданьня Ф. Скарынам сваёй першай кнігі Бібліі ў 1517 годзе ў Празе, у Доме літаратара ў Менску адбылася вечарына, на якой часопіс «Унія» быў упершыню прадстаўлены грамадзкасьці. На ёй прысутнічаў айцец Аляксандар Надсан, Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы, і а. Ян Матусевіч, які пачаў тады апекавацца беларускімі грэка-католікамі.
 
Першы нумар адкрываўся зваротам ад выдаўцоў «Мілы браце!», які сфармуляваў першапачатковую задачу выданьня: «Называецца вера нашая Грэка-Каталіцкая, або Уніяцкая. […] Мы паспрабуем расказаць у гэтым выданьні, што самі ведаем пра нашую Унію». Тры гістарычныя матэрыялы склалі асноўны аб’ём гэтага нумару: «Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі» Міхаліны (Ірына Дубянецкая), «Апалёгія Вуніі» Сяржука Мамчыца (Сяргей Абламейка) і выступ Адама Мальдзіса на канферэнцыі ТБМ «Мы павінны зьмяніць свае адносіны да Уніі...» Адзін з цэнтральных матэрыялаў — інтэрв’ю з а. Аляксандрам Надсанам, запісанае падчас першага прыезду сьвятара ў Беларусь у сакавіку 1990 году. Багаслоўе прадстаўлена кароткім нарысам Казімера Сваяка, а паэзія — вершамі Ўладзімера Жылкі і Алеся Разанава. З першага нумару пачаўся разьдзел «Хвалу Богу пяём, пяём», прысьвечаны беларускім царкоўным сьпевам. Таксама часопіс публікаваў хроніку адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Тэматыка, зьмест і густоўнае графічнае афармленьне часопіса «Унія» зрабілі яго вельмі адметным сярод выданьняў у тагачаснай Беларусі. З другога нумару часопіс займеў новы падзагаловак — «Часопіс хрысьціянскага сумоўя». На жаль, на працягу 1990-1995 гг. выйшла толькі 4 нумары гэтага часопісу. Цікава, што адзін з нумароў быў выдадзены таксама і па-ўкраінску.
 
Пра зьяўленьне 30 гадоў таму часопіса «Унія» і тых, хто для яго працаваў, узгадвае яго галоўная рэдактарка Ірына Дубянецкая:
 
«Сёньня 30 гадоў часопісу «Унія» – першаму незалежнаму часопісу (сярод мноства незалежных газет канца 80-х – пачатку 90-х) — выданьню, якое перавярнула маё жыцьцё і паўплывала на жыцьці многіх і на хаду падзей ды ідэй, што фармавалі новую беларускую ідэнтычнасьць. 6 жніўня 1990 году ў перапоўненай залі Дому літаратара мы прэзэнтавалі першы нумар «Уніі».
 
Упершыню на савецкай сцэне пад тэлекамэрамі прагучала жывая малітва па-беларуску, ды яшчэ й з вуснаў юнака — Андрусь Абламейка з запаленай сьвечкаю ў руцэ перад здранцьвелай заляю прачытаў «Ойча наш», — і ўпершыню гучала гісторыя пра прыгожы й трагічны шлях беларускае духоўнасьці і рэлігійнайнай культуры, распаведзеная намі, маладымі, шчырымі, якія самі мала што яшчэ ведалі, але імкнуліся дзяліцца тым, што мелі, каб разам адраджаць занядбаную памяць і душу краіны ды ствараць яе, краіну, наноў, вольную, прыгожую, у Божай ласцы. (Натхненьне таго часу моцна нагадвае энэргіі сёньняшнія, і, хаця інтэлектуальна й духоўна гэтыя часы зусім розныя, цяперашняя Беларусь прарасла з Беларусі тагачаснай — прынамсі, яе культурныя, інтэлектуальныя ды духоўныя складнікі.)
 
Сьвелая памяць і падзяка адышоўшым у нябёсную Беларусь героям, тым, хто рабіў «Унію», спрычыніўся да яе і тым, хто выступаў на той незабыўнай сцэне — мастаку і дызайнеру першага нумару Міхалу Анемпадыставу, а. Аляксандру Надсану, а. Яну Матусевічу, Сяржуку Вітушку, Юрыю Хадыку, Валеру Сядову, Анатолю Сысу і майму бацьку Міхалу Дубянецкаму.
 
Прывітаньне і віншаваньне сябрам, з кім разам мы былі ў гэтай фантастычнай прыгодзе і каго я моцна люблю — дзяўчатам Караліне Мацкевіч, Алене Ткачовай, Галіне Дубянецкай, Тацяне Касьцюковіч, Галіне Жарко, Арысі Бобер, Марыне Ўгрыновіч, Ніне Мацьвеенцы ды хлопцам Сяржуку Абламейку, а. Андрусю Абламейку, Гэніку Лойку, Ігару Іванову, Ігару Бабкову, Сяргею Горбіку, Ігару Міхну, Уладзю Селядцову, Сяргею Ланеўскаму, Эдзіку Тарлецкаму і многім іншым. З кожным у дачыненьні з «Уніяй» зьвязаныя яркія, як сонца й зоркі, гісторыі, цэлы воз гісторый, а гісторыя самога першага нумару — неверагодная, сьмешная, трагічная, балючая, шчасьлівая — вартая асобнае кнігі, магчыма прыгодніцкага раману.
 
Ігар Іваноў, з якім мы ўдвох рабілі апошні нумар «Уніі», цяпер рыхтуе лічбавую версію часопчыка (гэтак навучыў нас зваць яго Сяржук Вітушка). Спадзяюся, хутка яе прэзентуем, а таксама публічна адзначым 30-годдзе».

Аблічбаваныя нумары часопісу «Унія» можна паглядзець на сайце «Беларуская палічка».

Архіўнае фота з вечарыны: Грамадзкі вэб-архіў «Вытокі».
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"