Друк
02.08.2020
Малітва за Беларусь на магіле сьв. папы Яна Паўла ІІ
 
У Рыме ў базыліцы сьв. Пятра кардынал Конрад Краеўскі асьвяціў для Беларусі ікону сьв. Яна Паўла ІІ.
 
Духоўная праграма XXVI грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск — Полацак, што праходзіла 8-12 ліпеня 2020 году пад дэвізам «Сьвятло Ўсходу», была нагодай ушанаваць 100-годдзе нараджэньня вялікага папы-славяніна Яна Паўла ІІ. Працяг гэтай праграмы «Сьвятло Ўсходу» ахапіў хрысьціянаў у розных гарадах Еўропы: у Бары 19 ліпеня, у Варшаве 26 ліпеня, у Рыме 30 ліпеня 2020 году. Гэта былі дні асаблівай малітвы за Беларусь.
 
30 ліпеня 2020 году ў базыліцы сьв. Пятра ў Рыме у сьв. Імшы на магіле сьв. папы Яна Паўла ІІ удзельнічала група хрысьціянаў з Беларусі на чале з Апостальскім Візітатарам грэка-католікаў Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам), разам з якімі маліліся сябры з Італіі, Польшчы, Расеі. Напрыканцы сьв. Імшы кардынал Конрад Краеўскі, адказны за дабрачынную дзейнасьць Папы Францішка, асьвяціў ікону сьв. Яна Паўла ІІ, напісаную па просьбе валанцёраў грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск — Полацак да 100-годдзя Яна Паўла ІІ.
 
Абраз сьв. папы Яна Паўла ІІ у візантыйскім стылі (яго памер 75 х 40 см) для беларускіх грэка-католікаў вясною 2020 году напісаў расейскі грэка-каталіцкі сьвятар-іканапісец а. Кірыла Міронаў, які цяпер служыць у Рыме.
 
Асьвячэньне гэтай іконы ў базыліцы сьв. Пятра ў Рыме стала нагодай для асаблівай малітвы вернікаў з розных краінаў за Беларусь.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"