Друк
01.07.2020
У Горадні пахавалі найстарэйшага каталіцкага сьвятара Беларусі, які дапамагаў грэка-католікам
 
30 чэрвеня 2020 году пры касьцёле Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Горадні адбылося пахаваньне кс. пралата Юзафа Трубовіча, найстарэйшага каталіцкага сьвятара ў Беларусі.
 
Пахавальную сьв. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у саслужэньні гарадзенскіх біскупаў Аляксандра Кашкевіча і Юзафа Станеўскага, а таксама біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і дапаможных біскупаў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага.
 
Сьв. Імшу саслужыў таксама і парах гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот — протапрасьвітар Заходняга дэканату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яго прысутнасьць на пахавальнай урачыстасьці была знакам удзячнасьці гарадзенскіх грэка-католікаў кс. прэлату Юзафу Трубовічу за ягоную адважную дапамогу, якую ён аказваў грэка-каталіцкаму душпастыру ў Горадні а. Віктару Данілаву ў гады камуністычнага перасьледу (1977-1988) і ў 1996-2005 гг.
 
Пахавальная Імша за супакой душы спачылага сьвятара Юзафа сабрала мясцовых парафіянаў, а таксама іншых жыхароў горада над Нёманам, якія прыйшлі выказаць Богу ўдзячнасьць за ўсё дабро, якое атрымалі ад гэтага простага і чулага сьвятара.
 
На пахаваньне прыехалі сьвятары з усёй Беларусі, якія былі зьвязаныя з кс. Юзафам Трубовічам, яго выхаванцы і тыя, у каго ён быў прэфектам падчас іх вучобы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе.
 
Кс. Юзаф Трубовіч нарадзіўся 6 студзеня 1926 году ў вёсцы Невярышкі (Браслаўскі р-н), паходзіў з сям’і мясцовых католікаў. Адышоў у вечнасьць на 95-м годзе жыцьця, 26 чэрвеня 2020 году. Амаль 64 гады гэты сьвятар нёс душпастырскую паслугу вернікам Беларусі і Латвіі. Дзякуючы прыкладу ягонага руплівага служэньня адкрылі сваё пакліканьне многія сьвятары, якія сёньня служаць ня толькі ў Беларусі, але і ў Латвіі, дзе ён служыў больш за 20 гадоў.
 
Вечная памяць!
 
Фота: Эвеліна Лукашэвіч, Grodnensis.by.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"