Друк
06.02.2020
Папа прызначыў намесьніка сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
 
3 лютага 2020 ды Ватыканскі прэс-цэнтар паведаміў пра тое, што Папа Рымскі Францішак прызначыў 42-гадовага італьянскага сьвятара Флавіа Пачэ, які да гэтага служыў у Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, намесьнікам сакратара гэтага ведамства Апостальскага Пасаду.
 
Айцец Флавіа Пачэ (Flavio Pace) нарадзіўся 29 ліпеня 1977 году ў м. Монца на поўначы Італіі. Пасьля заканчэньня гімназіі ў сваім родным горадзе ў 1996 годзе паступіў у архібіскупскую семінарыю ў Мілане. У 29 верасьня 2001 году быў рукапакладзены на дыякана, а 8 чэрвеня 2002 году кардынал Карла Марыя Марціні ўдзяліў яму сьвятарскія сьвячаньні. Затым служыў парафіяльным вікарыем у Аб’ятэграса, дзе выконваў розныя душпастырскія абавязкі, зьвязаныя з працай з моладдзю, выкладаў рэлігію ў школе і быў капеланам у хосьпісе.
 
У 2010 годзе а. Флавіа Пачэ завершыў навучаньне ў Папскім інстытуце арабскіх і ісламскіх студыяў (PISAI) у Рыме. Быў заангажаваны ў шэраг ініцыятываў па стасунках Міланскай архідыяцэзіі з ісламам. З 2001 году ён пачаў служэньне ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Адказваў там за кантакты Апостальскага Пасаду з Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі і за царкоўнае жыцьцё ў некаторых рэгіёнах сьвету.
 
На чале Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў стаіць кардынал-прэфект. Сёньня гэтую пасаду займае аргентынскі кардынал архібіскуп Леанарда Сандры. Найбліжэйшымі памочнікамі яго зьяўляюцца сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў (на дадзены момант гэтая пасада, якую займаў славацкі грэка-каталіцкі архібіскуп Цырыл Васіль, SJ, вакантная) і намесьніка сакратара. Нагадаем, сёньня Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква наўпрост падпарадкаваная Апостальскаму Пасаду ў Рыме і кіраваньне ёй адбываецца праз Рымскую курыю і Апостальскага візітатара.
 
Фота: vaticannews.va.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"