Друк
24.03.2020
Папа заклікаў хрысьціянаў разам маліцца «Ойча наш» за спыненьне пандэміі
 
Папа Рымскі Францішак заклікаў усіх хрысьціянаў у сьвеце 25 сакавіка 2020 г., калі католікі і многія хрысьціяне ў сьвеце адзначаюць Дабравешчаньне Найсьвяцейшай Багародзіцы, а 12.00 гадз. разам зьвярнуцца да Бога і прамовіць малітву «Ойча наш» у інтэнцыі выбаўленьня сьвету ад пандэміі, выкліканай каранавірусам — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
 
Перад абліччам трывогі, якую перажывае цяпер сьвет, заклік Рымскага Архірэя зьяўляецца заахвочваньнем да малітоўнай салідарнасьці ўсіх хрысьціянаў. Таксама і вернікі Беларусі ўключацца ў гэтую ініцыятыву Сьвятога Айца. «На пандэмію віруса мы адкажам усеагульнай малітвай», — сказаў Папа пасьля малітвы “Анёл Гасподні”, якую ён правёў 22 сакавіка 2020 году з бібліятэкі Апостальскага палацу ў Ватыкане.
 
Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News перадае заклік Сьвятога Айца: «Дарагія браты і сёстры! У гэтыя дні выпрабаваньняў, калі чалавецтва дрыжыць перад пагрозай пандэміі, я хачу запрасіць усіх хрысьціянаў аб’яднаць свае галасы, зьвяртаючыся да нябёсаў. Запрашаю ўсіх зьверхнікаў Цэркваў і кіраўнікоў усіх хрысьціянскіх супольнасьцяў, разам з усімі хрысьціянамі розных канфесіяў, упрошваць Усявышняга, Усемагутнага Бога, прамаўляючы адначасова малітву, якой навучыў нас Ісус, наш Госпад.
 
Запрашаю ўсіх рабіць гэта шмат разоў на працягу дня, але таксама разам прамовіць «Ойча наш» у наступную сераду, 25 сакавіка, апоўдні.
 
У гэты дзень, калі многія хрысьціяне ўзгадваюць Дабравешчаньне Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, пра Ўцелаўленьне Слова, няхай Госпад пачуе аднадушную малітву ўсіх Сваіх вучняў, якія рыхтуюцца сьвяткаваць перамогу Ўваскрослага Хрыста».
 
Далей Папа паведаміў, што ў гэтай жа інтэнцыі ў пятніцу, 27 сакавіка, а 18-й гадзіне, ён правядзе асаблівую малітву перад базылікай сьвятога Пятра, пры пустой плошчы.
 
«Ужо сёньня запрашаю ўсіх духоўна прыняць у ёй удзел праз сродкі масавай інфармацыі. Выслухаем Слова Божае, узьнясем умольныя просьбы, памолімся перад Найсьвяцейшым Сакрамэнтам, якім напрыканцы я ўдзялю бласлаўленьне Urbi et Orbi, падчас якога будзе магчыма атрымаць поўны адпуст.
 
На пандэмію вірусу мы хочам адказаць усеагульнай малітвай спачуваньня і пяшчоты. Будзма ў еднасьці. Пакажам нашую блізкасьць найбольш самотным і тым, хто перажывае найбольшыя выпрабаваньні, каб гэтую блізкасьць адчулі лекары, медперсанал і валанцёры, каб нашую блізкасьць адчулі прадстаўнікі ўлады, вымушаныя прымаць суровыя захады дзеля нашага дабра, паліцыянты і жаўнеры, якія на вуліцах падтрымліваюць парадак і рэалізуюць рашэньні ўраду дзеля нашага дабра», — заклікаў Папа Францішак.
 
На заканчэньне Папа выказаў таксама салідарнасьць з народам Харватыі, які 22 сакавіка пацярпеў яшчэ і ад землятрусу.
 
У сувязі з заклікам Сьвятога Айца Францішка, пасьля кансультацыі з беларускімі рыма-каталіцкімі біскупамі Старшыня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч загадаў, каб 25 сакавіка ва ўсіх катэдрах, санктуарыях Маці Божай, а таксама, паводле разважлівага меркаваньня пробашчаў, у іншых касьцёлах у 11.30 арганізаваць адарацыю Найсьвяцейшага Сакрамэнту. Напрыканцы адарацыі ён распарадзіўся прачытаць Акт прысьвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
 
А 12.00 гадз. паводле распараджэньня трэба памаліцца «Ойча наш» і ўдзяліць бласлаўленьне Найсьвяцейшым Сакрамэнтам прысутным вернікам і ўсёй Беларусі, бласлаўляючы на чатыры бакі сьвету.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"