Друк
14.02.2019
У Менску, успамінаючы настаўнікаў славянаў сьв. Кірылу і Мятода, адзначылі 70-годдзе Апостальскага Візітатара БГКЦ
 
У грэка-каталіцкім храме душпастырскага цэнтру сьв. Язэпа ў Менску 9 лютага 2019 году адбылося сьвяткаваньне памяці сьвятых Кірылы і Мятода, Апосталаў славянаў і Апекуноў Еўропы. Сёлета спаўняецца 1150-ая гадавіна спачыну сьв. Кірылы ў Рыме 14 лютага 869 году. Падчас гэтай урачыстасьці адзначалася таксама 70-годдзе Архімандрыта Сяргея (Гаека), які вось ужо 25 гадоў спаўняе служэньне Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
 
У сьвяткаваньні, на якое сабраліся амаль усе сьвятары і дыяканы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, прымалі ўдзел ярархі Каталіцкай Царквы — Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь Архібіскуп Габар Пінтэр, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі РКЦ Уладыкі Юры Касабуцкі і Аляксандар Яшэўскі, а таксама прадстаўнікі рыма-каталіцкага духавенства: пралат Андрэй Стэцкевіч, канонік Уладзіслаў Завальнюк, канонік Раман Факсінскі, суперыёр марыянаў у Беларусі а. Міхаіл Цьвячкоўскі, МІС.
 
Кульмінацыйным момантам урачыстасьцяў у грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры стала сьвяточная Боская Літургія, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый. У сваім казаньні ён падкрэсьліў значэнне дзейнасьці сьвятых братоў Салунскіх — Кірылы і Мятода, якія, апярэдзіўшы свой час, нястомна несьлі славянскім народам Слова Божае на роднай мове.
 
«Сьвятыя Кірыла і Мятод былі сапраўднымі піянерамі ў тым, што сёньня называецца “інкультурацыяй” — уключэньнем веры ў культуру краіны, замест таго, каб навязваць сваю ўласную, — цытуе словы Ўладыкі Габара (Пінтэра) Catholic.by. — На працягу многіх стагоддзяў малое ўсьведамленьне важнасьці інкультурацыі ў евангелізацыі выклікала непаразуменьні, асуджэньні і нават яе затрымку. Сёньня добра вядома, што вера сама па сабе не прывязаная ні да якой культуры, але яе неабходна ўкараняць у кожную з іх, як закваску, якая потым усё напаўняе Евангельлем».
 
«Сьвятыя Кірыла і Мятод здолелі захаваць юнацкі дух да канца жыцьця, — дадаў Апостальскі нунцый. — І цяпер мы павінны задаць сабе пытаньне: а які дух ува мне? Ці адкрыты я на актуальнасьць евангельскага пасланьня? Ці здольны перадаць яго маім бліжнім?»
 
«Мы таксама павінны старацца выходзіць да іншых, а не прымушаць іх адпавядаць нашым звычкам ці таму, што мы лічым за лепшае, — падкрэсьліў ватыканскі ярарх. — Выходзіць да іншых, як Ісус прыйшоў да нас, стаўшы чалавекам, прымаючы на Сябе ўсё чалавечае, каб людзі змаглі Яго разумець і каб увесьці іх у блізкасьць з Богам».
 
Пасьля Боскай Літургіі з словамі віншаваньня з нагоды 70-годдзя з Дня народзінаў і ўгодкаў сьвятарскага служэньня да Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека) зьвярнуўся Мітрапаліт РКЦ Тадэвуш Кандрусевіч: «Архімандрыт Сяргей сьвяткуе юбілей 70 гадоў жыцьця, 45 гадоў сьвятарства і 25 гадоў служэньня ў Беларусі на чале Грэка-Каталіцкай Царквы. Апошнія 25 гадоў жыцьця Архімандрыта Сяргея — гэта час руплівага служэньня на беларускай зямлі Богу і Царкве. Гэта час ахвярнай працы па адраджэньні царкоўных структураў Каталіцкай Царквы візантыйскай традыцыі, у плённым супрацоўніцтве з ярархіяй і духавенствам Рыма-Каталіцкага Касьцёлу. І гэта вельмі карысна для духоўнага дабра вернікаў».
 
Апостальскі Нунцый архібіскуп Габар Пінтэр, віншуючы Архімандрыта Сяргея, сказаў: «Я хацеў бы выразіць Вам, вялебны ойча, мае самыя шчырыя пажаданьні словамі Сьвятога Айца Францішка: “Трываць на шляху веры, трываць на шляху да абяцаньня, трываць у служэньні Госпаду, заўсёды трываць”».
 
Свае віншаваньні і найлепшыя пажаданьні выказалі Апостальскаму Візітатару БГКЦ таксама і прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства і парафіяў, якія падарылі яму абраз з сьв. Язафатам Кунцэвічам і сьв. Андрэем Баболем.
 
Пасьля Боскай Літургіі за сьвяточным сталом шматлікія вернікі і госьці мелі магчымасьць асабіста павіншаваць Архімандрыта Сяргея з памятнымі датамі яго жыцьця і сьвятарскага служэньня.
 
* * *
Архімандрыт Сяргей (сьвецкае імя — Ян) Гаек нарадзіўся 8 лютага 1949 году ў Польшчы, у Лышкавіцах каля старажытнага гораду Ловіч (Лодзкае ваяводзтва). Паходзіць з каталіцкай сям’і Ўладзіслава і Алены Гаекаў.
 
Сьвятарскае пакліканьне пачаў адчуваць яшчэ ў ліцэі. У 1967 годзе скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у Ловічы і хацеў вывучаць славянскую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. Аднак адмовіўся ад гэтай ідэі і ў жніўні 1967 году ўступіў у Ордэн манахаў-марыянаў. Гэта быў час, калі пасьля II Ватыканскага Сабору, які вярнуў належнае месца ў Паўсюднай Царкве Ўсходнім Каталіцкім Цэрквам, пачалося аднаўленьне жыцьця Царквы. Адчуў, што Бог кліча яго для служэньня менавіта Ўсходнім Цэрквам, а ў Ордэне марыянаў была жывая традыцыя працы ў візантыйска-славянскім абрадзе.
 
У 1967—1974 гг. вучыўся на багаслоўскім факультэце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне. Падчас студыяў кантактаваў з беларускім культурным і рэлігійным асяродкам у Лондане (з біскупам Чэславам Сіповічам, а. Робертам Тамушанскім). Вечныя манаскія зарокі склаў 15 жніўня 1973 году, сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 23 чэрвеня 1974 году ў Гуры Кальварыі каля Варшавы.
 
У 1974-1976 гг. а. Сяргей Гаек распачаў сваё сьвятарскае служэньне ў парафіі ў мястчэку Глухалазы, што на сілезска-мараўскім памежжы. Наступныя два гады паглыбляў багаслоўскія веды на тэалагічным факультэце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне на катэдры параўнаўчага багаслоўя і экуменізму. Як сьвятар у гэты перыяд аказваў таксама душпастырскую дапамогу маладым хрысьціянам у Чэхаславакіі і Баўгарыі. Затым быў накіраваны ў Рым, дзе ў 1978-1983 гг. студыяваў у Папскім Усходнім інстытуце. У лістападзе 1983 г. абараніў доктарскую працу па ўсходняй эклезіялогіі і вярнуўся ў Польшчу. У 1983-1999 гг. вёў навукова-дыдактычную дзейнасьць пры катэдры праваслаўнага багаслоўя ў Экуменічным інстытуце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне. З канца 1980-х, паралельна з навуковай дзейнасьцю, а. Сяргей Гаек нёс душпастырскую дапамогу хрысьціянам на тэрыторыіі былога СССР, выязджаў у Эстонію, Расею (Сібір, Якутыя), Таджыкістан, Казахстан, Украіну і Беларусь.
 
У беларускія рэлігійныя справы а. Сяргей заангажаваўся яшчэ ў другой палове 1960-х гадоў. Гэтаму паспрыяла ягонае знаёмства з вязьнем савецкіх лагераў марыянінам-беларусам а. Тамашом Падзявам, які разам з іншымі беларускімі марыянамі з кляштару ў Друі працаваў ва ўсходне-каталіцкай місіі ў Харбіне. Гэты сьвятар меў моцны інтэлектуальны і духоўны ўплыў на яго. Вялікае ўражаньне пакінула на а. Сяргея Гаека кніга ўспамінаў беларускага марыяніна а. Язэпа Германовіча «Кітай — Сібір — Масква», якая ў камуністычныя часы была забаронена.
 
З восені 1993 году айцец Сяргей Гаек быў візітатарам-дэлегатам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у справе грэка-католікаў Беларусі, а 15 лютага 1994 году Папа Ян Павел ІІ прызначыў а. Сяргея Гаека Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі. У 1996 годзе а. Сяргей быў пастаўлены ў сан архімандрыта і атрымаў архімандрыцкую хіратэсію з рук мітрапаліта Перамышальска-Варшаўскага Яна (Мартыняка). З 1997 году ён зьяўляецца кансультарам (дарадцам) Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
 
У лютым 2003 году падчас візіту каталіцкіх ярархаў Беларусі «ad limina Apostolorum» у Рым Папа Ян Павел II падарыў Архімандрыту Сяргею (Гаеку) біскупскі крыж, а ў 2004 годзе першаярарх УГКЦ кардынал Любамір (Гузар) дараваў яму грамату на права нашэньня панагіі і даў літургічны прывілей на бласлаўленьне вернікаў дыкірыем і трыкірыем. На сёньня Архімандрыт Сяргей (Гаек) адзіны ў Каталіцкай Царкве амафорны архімандрыт. Ён прадстаўляе БГКЦ на штогадовых кансультацыйных сустрэчах усходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы.
 
Доктар багаслоўя архім. Сяргей Гаек зьяўляецца аўтарам шматлікіх навуковых публікацыяў (на розных мовах) па літургіцы, марыялогіі, еўхарысталогіі, асаблівую ўвагу ўдзяляючы кірыла-мятодаўскай традыцыі і экуменічным адносінам Цэркваў на славянскім Усходзе.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"