Друк
31.05.2016
Макей: Вядзецца падрыхтоўка візіту Папы Рымскага ў Беларусь
 
Падрыхтоўка візіту Папы Рымскага ў Беларусь вядзецца, але гэта не азначае, што візіт адбудзецца найбліжэйшым часам, заявіў журналістам 27 траўня 2016 году ў Менску міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей.
 
Ён нагадаў, што падчас нядаўняга візіту ў Ватыкан Аляксандар Лукашэнка запрасіў Папу Францішка наведаць Беларусь.
 
«Але падрыхтоўка і размова пра гэта не азначаюць, што візіт адбудзецца заўтра, ці на трэці дзень, ці найбліжэйшымі днямі. Усе візіты дзяржаўнага ўзроўню патрабуюць дбайнай падрыхтоўкі», — дадаў Макей.
 
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што адносіны Беларусі з Ватыканам знаходзяцца на высокім узроўні. «Мы сапраўды ўдзячныя за стрыманую і ўзважаную пазіцыю Ватыкану, у тым ліку ў пытаньні адмены абмежавальных мер з боку Еўразьвязу», — сказаў кіраўнік беларускага МЗС. Такі ўзровень узаемаадносінаў будзе захаваны і ў далейшым, заявіў Макей.
 
«Што да візіту Папы Рымскага ў Беларусь, то мы гатовыя яго прыняць і арганізаваць яго сустрэчу на беларускай зямлі. Гэты візіт і гэтая сустрэча дапамогуць стварыць яшчэ большую гармонію і яшчэ большы мір. З гэтай пазіцыі мы і будзем падыходзіць пры арганізацыі візіту. Пакуль гаворка пра дакладную дату ня ідзе, але падрыхтоўка вядзецца», — паўтарыў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства.
 
Нагадаем, сустрэча Лукашэнкі з Рымскім Архірэем адбылася 21 траўня 2016 году ў Ватыкане. Пасьля аўдыенцыі беларускі кіраўнік паведаміў журналістам, што Папа Францішак пагадзіўся з тым, што яму час прыехаць у Беларусь. «Ён вельмі добра ведае становішча ў нашай краіне, добра ведае пра міжканфесійную згоду, якая пануе ў нас, пра сітуацыю ў сацыяльнай сферы, эканоміцы», — сказаў Лукашэнка.
 
Ён таксама выказаў думку, што Папу Рымскаму час сустрэцца на беларускай зямлі з Патрыярхам Расейскай Праваслаўнай Царквы. «Усё ў руках Бога: калі ён дабраславіць, то нашыя найвышэйшыя ярархі каталіцкай і праваслаўнай Цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага сьвету, і юдэяў, і іншых канфесіяў», — сказаў ён. Такая сустрэча ў Беларусі магла б садзейнічаць міратворчаму працэсу на Данбасе, дадаў Лукашэнка.
 
Варта адзначыць, што падчас Нацыянальнага еўхарыстычнага кангрэсу, які прайшоў 24—26 траўня ў Горадні, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі заявіў журналістам: адной з умоваў, неабходных для прыезду Папы Францішка ў Беларусь, зьяўляецца дасьведчанасьць. Да прыезду Папы ў Беларусь Ватыкан павінен даведацца пра ўсе праблемы Царквы ў краіне, растлумачыў кардынал. «Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, часам здараюцца цяжкасьці, але іх ня трэба замоўчваць, а казаць як ёсьць — праўду», — дадаў кардынал Грахалеўскі.
 
Паводле БелаПАН.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"