Друк
12.02.2016
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў пра сустрэчу Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха
 
12 лютага 2016 году ўпершыню ў гісторыі адбудзецца сустрэча Зьверхніка Каталіцкай Царквы са Зьверхнікам Расейскай Праваслаўнай Царквы. Мяркуецца, што першаярархі, якія сустрэнуцца на Кубе ў будынку аэрапорту ў Гаване, правядуць двухгадзінную размову і падпішуць сумесную дэкларацыю.
 
Айцец Гіяцынт Дэстывэль (Hyacinthe Destivelle), ОP, які ў Папскай Радзе па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў узначальвае Аддзел дыялогу з славянскімі праваслаўнымі Цэрквамі, у інтэрв’ю для Радыё Ватыкану прыадкрыў заслону адносна тэмы сустрэчы і гэтага дакументу, які мяркуецца падпісаць падчас сустрэчы.
 
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў а. Гіяцынт Дэстывэль.
«Гаворка ідзе пра сумесную дэкларацыю, якая, верагодна, засяродзіцца на тэмах, асабліва важных для каталіцка-праваслаўнага дыялогу ў цэлым, — адзначыў сьвятар-дамініканін. — Гэта ня ёсьць дэкларацыя, якая засяродзіцца на нейкім асобным багаслоўскім пытаньні, гэта ня будзе дэкларацыя, якая адкрые нейкія асаблівыя багаслоўскія персьпектывы, таму што багаслоўскі дыялог адбываецца ў рамках Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнымі Цэрквамі».
 
Паводле словаў прадстаўніка Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, у дэкларацыі гаворка будзе пра «сферы супрацоўніцтва і дыялогу, якія ня маюць багаслоўскага характару, але якія, аднак, вельмі важныя для зьбліжэньня паміж Цэрквамі: перасьлед хрысьціянаў на Блізкім Усходзе, пытаньні сям’і, секулярызацыі, роля хрысьціянаў у секулярызаваным грамадзтве, пытаньні моладзі і жыцьця ў цэлым... Усе гэтыя асьпекты зьяўляюцца асабліва важнымі, у прыватнасьці, у дыялогу з Расейскай Праваслаўнай Царквой», — адзначыў ён.
 
Адказваючы на заўвагу журналіста, што сучаснасьць патрабуе ад хрысьціянаў прамаўляць адным голасам, а. Дэстывэль адзначыў: «Сапраўды, галоўная задача гэтай сустрэчы і, без сумневу, дэкларацыі — сьцьвердзіць, што мы ня ёсьць “канкурэнтамі”, але “братамі”, асабліва — з праваслаўнымі, з якімі падзяляем тую самую апостальскую пераемнасьць, тую самую канцэпцыю Царквы і Сьвятых Тайнаў: мы вызнаем ўсе сьв. Тайны праваслаўных, а праваслаўныя, у сваю чаргу, вызнаюць каталіцкія Сьвятыя Тайны. Таму мы маем вялікую зацікаўленасьць у тым, каб супрацоўнічаць і сумесна сьведчыць Хрыста. Такою, у рэшце рэшт, ёсьць мэта гэтай сустрэчы паміж Патрыярхам і Папам Францішкам: сумесна сьведчыць хрысьціянства ў сучасным сьвеце».
 
Распавядаючы пра працяглую падрыхтоўку да гэтай сустрэчы, прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў адзначыў, што дагэтуль перашкодаю на гэтым шляху былі «некаторыя засьцярогі з боку Маскоўскага Патрыярхату»: «Гэта засьцярогі адносна каталіцкага “празелітызму” у Расеі і засьцярогі таго, што яны называюць“метадам уніятызму”, у прыватнасьці ва Ўкраіне», — сказаў а. Гіяцынт Дэстывэль, і дадаў: «Думаю, што гэтыя страхі былі пераадоленыя і расейскія праваслаўныя зразумелі, што Каталіцкая Царква ня мае намеру займацца ў Расеі празелітызмам, ні, тым больш, ня мае ніякага жаданьня вяртацца да “метаду ўніятызму”, які б заключаўся ў падпарадкаваньні асобных частак Праваслаўнай Царквы».
 
Як падкрэсьліў ватыканскі сьвятар, Каталіцкая Царква сёньня падтрымлівае іншы метад для дасягненьня еднасьці, які заключаецца «ня ў тым, каб прыяднаць частку Праваслаўнай Царквы», але прадугледжвае «шлях, які мы хочам прайсьці разам, шлях братэрства, супрацоўніцтва ў розных сферах, шлях багаслоўскага дыялогу і сьведчаньня міласэрнай любові», канчатковай мэтай якога зьяўляецца жаданьне «здолець аднойчы разам прычасьціцца тых самых Хрыстовага Цела і Хрыстовай Крыві».
 
Паводле «Радіо Ватикану».
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"