Друк
20.04.2015
Грэка-каталіцкі сьвятар: Айцец Надсан быў аўтарытэтам і для беларусаў па-за Царквой
 
Беларуская супольнасьць сьвету 29 красавіка ў Лондане разьвітаецца з а. Аляксандрам Надсанам, Апостальскім візітатарам каталікоў усходняга абраду на эміграцыі, адным з духоўных лідараў беларусаў сьвету. Асэнсаваць маштаб асобы а. Надсана карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO паспрабавала ў гутарцы са сьвятаром грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэем Кратом.
 
Грэка-каталіцкі сьвятар а. Андрэй Крот з Горадні.
— Айцец Андрэй, наколькі знакавай, на Вашую думку, была дзейнасьць Надсана па-за рэчышчам Царквы?
 
— Айцец Аляксандар быў сапраўдным духоўным лідарам беларусаў. Менавіта ў гэтым была адметнасьць яго асобы — ён быў аўтарытэтам ня толькі для пэўнай канфесійна-царкоўнай групы, а таксама і для беларусаў, якія альбо толькі фармальна прылічвалі сябе да той ці іншай канфесіі, альбо цалкам заставаліся па-за Царквой.
 
Калі гаварыць пра эфектыўнасьць яго працы, дык вымяраць яе можна рознымі крытэрыямі. Я ведаю, што ён займаўся навуковай працай нават у апошнія месяцы свайго жыцьця — рэдагаваў беларускі пераклад Псалтыры. Акрамя таго, ён жыў як беларускі «старац», — да яго ў Лондан прыязджалі людзі, ён ахвотна з імі размаўляў, дзяліўся сваімі думкамі, успамінамі. Гэта, думаю аказвала на людзей нашмат большы ўплыў, чым публічныя выступы. Калі ўлічыць, што прыязджалі да айца людзі, якія маюць уплыў на грамадзкую думку, — навукоўцы, людзі мастацтва, сьвятары, – можна сьмела сказаць, што ўплыў асобы айца Аляксандра на сёньняшнюю Беларусь велізарны.
 
Але для мяне асноўная яго дзейнасьць — гэта малітва. А для эфектыўнасьці малітвы стан здароўя ці век не перашкаджаюць, наадварот, напэўна, дапамагаюць.
 
— Ці паўплывала асоба айца Надсана на Ваш шлях да сьвятарскага служэньня?
 
— Так, вельмі. Я сустракаўся з ім некалькі разоў, першы, яшчэ калі быў студэнтам, у 1998 годзе, апошні — у 2009 годзе. Для мяне кожная сустрэча з Айцом была своеасаблівымі рэкалекцыямі. Што асабліва ў ім уражвала — ён заўсёды быў радасны, на твары ўсьмешка. Гэта была сапраўдная хрысьціянская радасьць, якая перадавалася яго суразмоўцам.
 
— Ня так даўно была прэзентацыя кнігі Надсана. Ці варта прымаць зараз нейкія захады для папулярызацыі і пашырэньня даступнасьці яго спадчыны?
 
— Варта было б перавыдаць яго кнігу «Біскуп Часлаў Сіповіч. Сьвятар і беларус». Шмат людзей пра яе пытаецца, а наклад даўно вычарпаны. Тое самае з Літургіконам. Аднак шмат яго кніг можна спакойна атрымаць у грэка-каталіцкіх парафіях. У першую чаргу гэта малітоўнік «Госпаду памолімся» і катэхізіс «Наша вера», якога ёсьць вельмі шмат асобнікаў.
 
Што да папулярызацыі спадчыны айца Аляксандра — я думаю, у сувязі са сьмерцю Айца папулярнасьць яго кніг узрасьце. На жаль, мы, людзі, больш цэнім таго, каго страцілі.
 
— Якія зьмены нясе сьмерць айца Надсана беларускай уніяцкай Царкве?
 
Грэка-каталіцкі сьвятар а. Андрэй Крот з Горадні.
— Грэка-Каталіцкая Царква за мяжой адміністрацыйна не залежыць ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Таму нейкіх персанальных зьменаў у кіраўніцтве ня будзе. Да таго ж і лонданская місія нядаўна перайшла ў падпарадкаваньне ўкраінскаму грэка-каталіцкаму біскупу. Таму, я думаю, кіраваць ёй працягне вучань айца Аляксандра, айцец Сяргей Стасевіч, які апошнія гады вельмі пасьпяхова выконваў гэтае служэньне.
 
— Айцец Андрэй, калі падсумаваць жыцьцёвы плён яго дзейнасьці, якія моманты і заслугі Вы вызначылі б як найзначнейшыя?
 
— Зараз шмат узгадваецца пра заслугі айца Аляксандра: ён ствараў бібліятэку і музей у Лондане, рабіў беларускія літургічныя пераклады, пісаў навуковыя кнігі. Але, як я казаў вышэй, асноўнай заслугай айца Аляксандра я лічу яго малітоўны подзьвіг. Некалькі дзесяцігоддзяў ён кожны дзень маліўся за Беларусь, служыў за яе Еўхарыстыю. У гэтым я бачу і прычыну плённасьці яго дзейнасьці, бо былі і іншыя, хто хацеў стварыць бібліятэку ці музей, рабіў літургічныя пераклады. Аднак іх праца ня мела такога маштабу і плёну, як у айца Аляксандра Надсана. Думаю, дзякуючы малітвам Айца адрадзілася Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі, і беларуская мова гучыць сёньня ў сьвятынях розных веравызнаньняў. Ён, напэўна, першы ў гісторыі Беларусі служыў Еўхарыстыю па-беларуску: 11 сакавіка 1990 году ў Менску ў Кальварыйскім касьцёле, а на наступны дзень — у Горадні, у Францішканскім касьцёле.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"