Друк
06.10.2014
Біскуп УГКЦ Багдан Дзюрах: нягледзячы на намаганьні Маскоўскай Патрыярхіі, экуменічны дыялог ідзе наперад
 
Падчас свайго знаходжаньня на Саборы УГКЦ у Польшчы, які распачаўся 2 кастрычніка 2014 году ў Перамышлі, сакратар Сіноду біскупаў УГКЦ Уладыка Багдан (Дзюрах) пракаментаваў нядаўнюю заяву прадстаўнікоў Маскоўскага Патрыярхату пра жаданьне з боку Расейскай Царквы вярнуцца да тэмы «ўніятызму» ў рамках каталіцка-праваслаўнага багаслоўскага дыялогу. Гэтую прапанову расейская дэлегацыя высунула падчас апошняй сустрэчы Зьмешанай камісіі ў Амане (Ярданія).
 
Сакратар Сіноду біскупаў УГКЦ Уладыка Багдан (Дзюрах).
На думку біскупа Багдана (Дзюраха), у спробах ўздымаць пытаньне так званага «ўніятызму» вельмі шмат негатыву: «Заўжды гаворыцца, што гэта “крывавая рана” на целе хрысьціянства і штосьці з ёй трэба рабіць. Я думаю, што за такой рыторыкай няма будучыні. Таму што яна прадугледжвае, што трэба штосьці зрабіць з пэўнай групай хрысьціянаў, а лепш, зрабіць так, каб іх наогул не існавала. Гэта не пазітыўная прапанова, гэта не прапанова, якая можа мець разьвіцьцё і даць падставу для добрага, творчага і плённага дыялогу. Для таго, каб дыялог быў плённым і канструктыўным, ён павінен адбывацца ў любові. А любоў патрабуе павагі правоў кожнага зацікаўленага боку».
 
Каментуючы магчымасьць вяртаньня да гэтай тэмы ў рамках афіцыйнага дыялогу паміж католікамі і праваслаўнымі, уладыка Багдан лічыць, што да яе трэба вяртацца ў пазітыўным фармаце, а не ў негатыўным: «Запрашаем да дыялогу над пошукам новых фарматаў еднасьці. Магчыма, тыя метады, якія мелі месца 400 гадоў таму, сёньня выглядаюць анахранізмам, але сама ідэя еднасьці не паходзіць ні ад Апостальскай Сталіцы, ні ад пэўнай групы хрысьціянаў — гэта прыказаньне Хрыста, гэта евангельскі пастулат. І тут у нас няма выбару. Таму што выбар тут у тым, каб ісьці за Хрыстом, ісьці да еднасьці, або падтрымліваць гэты трагічны падзел. І бачым, што аўтарытэтныя прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, у асобе Патрыярха Канстанцінопальскага, гэта зразумелі і разам з Папам адклікалі тыя ўзаемныя анафемы, якія паўсталі ў выніку чалавечай грэшнасьці і амбіцыяў».
 
«Я лічу, што няма сэнсу працягваць дыялог у палемічным ключы. Бо палеміка — гэта polemos, што з грэцкага азначае «вайна». У дадзеным выпадку вайна на рэлігійным груньце. Нам лепш трэба шукаць і прапаноўваць новыя мадэлі еднасьці. Што да заявы прадстаўнікоў Маскоўскага Патрыярхату з прапановаю вярнуцца да разгляду пытаньня «ўніятызму» ў рамках багаслоўскага дыялогу, то, наколькі мне вядома, гэтая прапанова не была падтрымана ўдзельнікамі Камісіі. Гэта сьведчыць пра тое, што тыя, хто шукае праўдзівага дыялогу, мысьляць у пазітыўны спосаб. І гэта дае нам надзею, што дыялог экуменічны, нягледзячы на розныя цяжкія моманты і крызісы, ідзе наперад», – падагульніў сакратар Сіноду біскупаў УГКЦ.
 
Паводле RISU.
 
 
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"